https://www.traditionrolex.com/8
<div class="annot">Да адной з падзей года ў культурным жыцці краіны — вернісажу «Мастакі Парыжскай школы з Беларусі» — засталося акурат 10 дзён. Гэтага дня мы чакалі шмат гадоў. І — дачакаліся.</div>

21 верасня ў Нацыянальным мастацкім музеі мы пабачым арт-праект, які нарадзіўся дзякуючы «Белгазпрамбанку», Нацыянальнай камісіі па справах UNESCO, Міністэрству культуры краіны, пасольствам Рэспублікі Беларусь у Францыі, Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, самому Нацыянальнаму мастацкаму, Дому-музею Марка Шагала ў Віцебску, паведамляе «Культура».

У экспазіцыі, што размесціцца ў чатырох залах НММ на першым паверсе, будзе прадстаўлена каля ста жывапісных карцін, графічных работ і адна скульптура нашых сусветна вядомых землякоў — «беларускіх парыжан». Усе творы — з карпаратыўнай калекцыі банка, прыватных калекцый у Беларусі і Санкт-Пецярбургу, з віцебскага Дома-музея Марка Шагала і фондаў НММ РБ.

2  

Акрамя работ выяўленчага мастацтва, арт-праект утрымлівае адукацыйную частку: біяграфіі творцаў, дакументы і фота, мастацкія інсталяцыі, інтэрактыўную частку, дакументальныя фільмы, калекцыйныя кнігі. Але, канешне ж, «цвік» гэтага свята — арыгіналы работ. Дарэчы, амаль палова іх прайшла папярэднюю рэстаўрацыю ў рэстаўрацыйных майстэрнях музея.

Дык хто ж вярнуўся на сваю радзіму? Ядро той самай легендарнай Парыжскай школы, якую сёння ведае ўвесь культурны свет. Гэта — Марк Шагал, Хаім Суцін, Осіп Цадкін, Пінхус (Павел) Крэмень, Міхаіл (Мішэль) Кікоін, Осіп Любіч, Сэм Зарфін (Царфін), Яўген Зак, Якаў Балглей, Роберт Генін і Надзея Хадасевіч-Лежэ.

 3

Пра жыццё і творчасць большасці з іх газета «К» падрабязна пісала ў 2010 — 2012 гг. у рубрыцы «Вяртанне імёнаў» і, такім чынам, у многіх адносінах стала першым на Беларусі выданнем, што пазнаёміла чытачоў з няпростымі лёсамі тых, хто з розных прычын вымушаны быў пакінуць радзіму, каб потым напісаць свае імёны на скрыжалях сусветнага мастацтва. І вось сёння, праз стагоддзе, яны вяртаюцца дамоў — сваімі работамі, створанымі ў 1910—1960-я гады.

4  

На адкрыццё выстаўкі запрасілі дзяцей і ўнукаў некаторых мастакоў — «герояў» экспазіцыі: Дзіну Любіч, пляменніцу Суціна Ніну Ферапонтаву, унука Зарфіна, а таксама спецыяліста-эксперта — парыжанку Надзін Нізавер, якая дапамагла знайсці і набыць творы мастакоў у Францыі.

Барыс КРЭПАК

Фота Юрыя ІВАНОВА

https://www.traditionrolex.com/8