<p>У Мінску стартаваў беларуска-польскі конкурс графічных праектаў «Мы-2012»<span id="ctrlcopy"><br /> </span></p>

Конкурс арганізаваны Беларускім саюзам дызайнераў і Беларускім саюзам мастакоў. Ён мае мэтай даведацца, як цяпер выглядаюць беларусы ва ўяўленні мастакоў і іншых творцаў, якія працуюць у галіне візуальнага мастацтва. Куратар праекту Міхал Анемпадыстаў патлумачыў «Еўрарадыё», што менавіта праблема самаідэнтыфікацыі беларусаў на сённяшні дзень стаіць асабліва востра:

«Нам цікава, як беларусы выглядаюць менавіта сёння, бо шмат якія вобразы паўсталі значна раней. Некаторым ужо па сто гадоў! А вось як гэта выглядае сёння? Якія новыя культурніцкія лінкі, коды? Вось як раз гэтыя ідэі і могуць прапанаваць творчыя людзі, якія, безумоўна, павінны быць у рэчышчы беларускай культуры».

Другая мэта праекту – міжнародная. Арганізатары і ўдзельнікі «Мы-2012» плануюць прадставіць вобраз сучаснай Беларусі ўсім суседзям. Такім чынам яны спадзяюцца скарэктаваць памылковыя стэрэатыпы пра Беларусь ці пацвердзіць правільныя ўяўленні. Але, паколькі замежны глядач менш падрыхтаваны, чым беларускі, то і ўдзельнікі праекту павінны знайсці такую візуальную мову, якая была б зразумелая і людзям іншых культур.

«Тэма самаідэнтыфікацыі вельмі актуальная для Беларусі, таму яна і ўздымаецца рознымі людзьмі, установамі і групамі», —  лічыць спадар Міхал. — Да таго ж, увесь час бракуе візуалізацыі вобразаў – інакш кажучы, карцінкі. Бо карцінка прасцей і больш эфектыўна даходзіць да чалавека, глыбей застаецца ў падсвядомасці, чым слова».

На рэалізацыю праекта арганізатары пакінулі 2 месяцы. Такая мабілізацыя ў нейкім сэнсе паспрыяе якасці прадстаўленых работ, лічаць арганізатары, і спадзяюцца, што на гэтым праект «Мы» не закончыцца і ў яго абавязкова будзе працяг і наступны этап.

З прац, якія адбярэ міжнароднае журы, будзе сфармавана выстава «Мы-2012», якая па чарзе будзе паказана ў Мінску і Варшаве. Сачыць за праектам можна на старонцы «Мы-2012» у Фэйсбуку.