<p>Стварыць з Глыбокага новую Венецыю – ідэя не новая. Паводле мемуарыстаў Напалеона, падчас прыпынку французскай арміі ў Глыбокім імператар сказаў, што пасля паспяховага маскоўскага паходу ён злучыць мясцовыя азёры з Заходняй Дзвіной і зробіць з мястэчка найпрыгажэйшы горад Еўропы</p>

У 2014 годзе Глыбокае адзначыць сваё 600-годдзе. Да гэтай даты мясцовыя ўлады плануюць пераўтварыць горад у паўнавартасны турыстычны цэнтр рэгіёну, балазе Глыбокае ўжо атрымала добры імпульс да гэтага, з размахам правёўшы рэспубліканскі Дзень пісьменства 1-2 верасня, паведамляе Радыё «Рацыя».

Адным з элементаў пераўтварэнняў будзе праект «Беларуская Венецыя», расказала «Рацыі» інструктар-метадыст Глыбоцкага турыстычна-інфармацыйнага цэнтра Ала Вярцінская.

– Плануецца стварэнне водна-рэкрэацыйнай сістэмы «Беларуская Венецыя». У нас пяць гарадскіх азёр злучаныя рэчкай Бярозаўкай. Можна, прыклаўшы нейкія намаганні, злучыць іх у адзіны турыстычны водны маршрут, які дазваляў бы прайсці ўздоўж усяго горада і пагядзець усё лепшае, што ў нас ёсць. Прапаноўваецца злучыць возера Кагальнае па рэчцы Бярозаўцы – возера Вялікае – пратока возера Падлазнага, і маршрут можа быць завершаны на конна-спартыўнай базе ва ўрочышчы Барок.

Заўважым, што стварыць з Глыбокага новую Венецыю – ідэя не новая. Паводле мемуарыстаў Напалеона, падчас прыпынку французскай арміі ў Глыбокім імператар сказаў, што пасля паспяховага маскоўскага паходу ён злучыць мясцовыя азёры з Заходняй Дзвіной і зробіць з мястэчка найпрыгажэйшы горад Еўропы.

Рыгор Сапяжынскі