https://www.traditionrolex.com/8
<p>На мінулым тыдні былі знятыя будаўнічыя полагі з Купалаўскага тэатра. Агаліўся фасад, бачнымі сталі сцены, пілястры, балясіны і вокны. Час падвесці вынікі і высветліць, ці варта было чапаць нацыянальны набытак</p>

На мінулым тыдні былі знятыя будаўнічыя полагі з Купалаўскага тэатра. Агаліўся фасад, бачнымі сталі сцены, пілястры, балясіны і вокны. Час падвесці вынікі і высветліць, ці варта было чапаць нацыянальны набытак, паведамляе Радыё «Свабода».

«Вялікі стыль» у разбурэнні

Калі ў адукаванага чалавека запытацца, якія 50 з'яў ён асацыюе з Беларуссю, беларускай мовай і культурай, Купалаўскі ў гэты спіс абавязкова трапіць. Схаваны ў старасвецкім парку будынак тэатра лунаў у нацыянальнай свядомасці недзе побач з выявай Багушэвіча ды «Паўлінкай». Таму, калі стала вядома, што тэатар збіраюцца рэстаўраваць, усім дасведчаным людзям зрабілася млосна. Бо ўжо быў вопыт.

Апошнім часам у рэстаўрацыі архітэктурных помнікаў у Беларусі паўстае свой «вялікі стыль».

Існаванне кожнай вялікай культуры адзначалася з'яўленнем свайго стылю ў архітэктуры. Італьянскае «кватрачэнта» прынесла нам Рэнесанс, напалеонаўская Францыя нарадзіла ампір. Дык вось, за апошнія гады існавання «моцнай і квітнеючай Беларусі» з'явіўся пэўны стыль у разбурэнні. Падобна таму, як крытыкі архітэктуры знаходзяць усё новыя дасціпныя характарыстыкі для азначэння тых новабудоўляў, што паўстаюць у беларускіх гарадах (узгадваецца тэрмін «аграгламур»), трэба знайсці слоўца і для сукупнасці дзеянняў дзяржавы і «органаў кіравання культурай» па руйнаванні помнікаў. Бо ўсе яны адзначаюцца пэўнымі агульнымі рысамі, набываюць нават нейкі нацыянальны каларыт.

Я б назваў гэты «вялікі стыль» руйнавання «трэшчына-Армагедон».

Усё заўсёды пачынаецца з абяцанняў, што рэстаўрацыя будзе цалкам празрыстая для грамадскасці. Людзям паказваюць прыгожы праект, робяць выгляд, што прыслухоўваюцца да крытыкі. Потым пачынаецца ўласна праца над праектам. Потым абавязкова здараецца нейкая неспадзяванка — і «па будынку ідуць трэшчыны». У выніку чаго яго даводзіцца цалкам ці часткова зносіць, каб на ягоным месцы паўстаў навабуд.

Самае знакамітае разбурэнне ў стылістыцы «трэшчына-Армагедон» — палац у Нясвіжы. Там з-за «неспадзяваных» трэшчын проста развалілі пралёт левага крыла, адбудаваўшы яго ад пачатку (бо так танней). Але трэба разумець, што гэта — менавіта стыль, што так і выключна так робіцца значная большасць прац на гістарычных аб’ектах. Ці не тое адбылося на вуліцы Інтэрнацыянальнай у Мінску? Таксама «трэшчыны», «аварыйны стан» і г. д. Дакладна так — з абяцаннямі ўсё зрабіць «годна», «так, як і было», — руйнаваўся знакаміты «жоўты дом» ля станцыі метро «Няміга». Паглядзіце, што там зараз, і супастаўце з тым, што было…

1
Купалаўскі тэатр, кастрычнік 2011-га
Ахвяра схемы

З Купалаўскім усё адбывалася ў строгай адпаведнасці з гэтым «антыархітэктурным» стылем. Спачатку быў абраны праект. Добры праект. Былі значна больш дзікія — з надбудовай над Купалаўскім нейкай дзівацкай канструкцыі (гэты праект зараз ужо не выглядае такім дрэнным, бо, можа, захаваў бы гістарычныя сцены). З абраным праектам, дарэчы, пагадзіўся нават Антон Астаповіч — галоўны абаронца помнікаў архітэктуры ў Беларусі. Праект зацвердзіла навукова-мэтадычная рада. Пачалася праца.

І вось — раптам! — у выніку рыцця катлавана (!) па будынку «пайшлі» «трэшчыны»! І з нейкіх цьмяных прычын праект быў зменены па ходу, без тых узгадненняў з радай, гісторыкамі, абаронцамі помнікаў, якія прайшоў першапачатковы праект.

Я не ведаю, што імі рухала. Ці то спяшаліся выканаць у тэрмін? Ці то «трэшчыны» «пайшлі» занадта хутка? Усё астатняе чытачы незалежных сайтаў ведаюць: побач з нацыянальным набыткам, скарбонкай беларускага духу, з'явіліся «калупатары» Hitachi, якія хуценька знеслі ўвесь заднік тэатра і частку бакавой сцяны.

«Рэстаўратары» сцвярджаюць, што знесьлі выключна сцены, надбудаваныя падчас перабудовы тэатру ў 1950 годзе. Аднак я ў гэта не веру, бо на ўласныя вочы бачыў колер цэглы, якую скалупвалі тыя Hitachi. Астаповіч кажа, што зруйнаваная была аўтэнтычная сцэнічная каробка. Прадстаўнікі тэатра сведчаць, што «дзякуючы замене старой цаглянай кладкі шырынёй каля 1,5 метра жалезабетоннай сцяной да 30 сантыметраў» ім «удасца павялічыць сцэну». Відавочна, што ў 1950-х сцены таўшчынёй у 1,5 м не будаваліся…

У словах усіх, хто мае дачыненне да гэтай «рэстаўрацыі з рэканструкцыяй», шмат супярэчнасцяў. Напрыклад, яны кажуць, што «старая «каробка» не ўтрымала б новае сцэнічнае абсталяваньне коштам 6 мільёнаў еўра і вагой 10 тон. Дык калі зацвярджалі праект — ужо ведалі пра тое абсталяванне? Ужо ведалі, што «каробку» трэба будзе знішчаць?

Фасад

2

Але будзьма аб’ектыўнымі. Фасад будынка выглядае файна. Прынамсі, значна лепей, чым было. Супастаўленне яго з фатаздымкамі пачатку стагоддзя выяўляе, што гістарычны выгляд узноўлены дасканала. Мы бачым тыя самыя пілястры з вертыкальнымі канелюрамі на другім паверсе, мы бачым балюстраду з пухлявымі балясінкамі, мы бачым картуш з барэльефам на атыку.

Адзіная недасканаласць, якую выявіў вельмі пільны агляд фасада, — круглявыя разэткі па баках. На гістарычных фатаздымках добра відаць, што ў іх месціліся мармуровыя бюсты, зараз там — вазы. Дарэчы, падобна да таго, што статуі з фасадавых «круглякоў» былі страчаныя яшчэ да рэстаўрацыі 1950-х гадоў: на фота з Бундэсархіву (Мінск, 1943 год) бачна, што круглыя нішы ўжо пустыя, бюстаў у іх няма.

Але наколькі добра выглядае фасад, настолькі спрэчнай недарэчнасцю выглядае рашэнне бакавых крылаў будынка. Нягледзячы на тое, што яны вытрыманыя ў пластычнай парадыгме класіцызму, збоку тэатр хутчэй нагадвае казарму. Тут добра бачна істотнае павелічэнне аб’ёму, якое ўдалося прыхаваць у фасаднай частцы.

3

Плюсы і мінусы гэтай рэстаўрацыі

Плюсы:

Не пабудавалі запраўку ці паркінг. Ці гандлёвы цэнтр. Калі гарадскія ўлады пачалі сістэматычна наракаць на аварыйны стан Купалаўскага, можна было чакаць найгоршага. Знеслі ж «халодную сінагогу» на Нямізе. Зараз там нейкі двухпавярховы гандлёвы цэнтр «пад класіцызм». Нешта кшталту гэтага магло здарыцца і з Купалаўскім. Купалаўскі ж захаваўся. Хай сабе і ў «гіпсакардонным» выглядзе.

Праца над праектам вялася ў дастаткова адкрытым рэжыме. Грамадскасці дэманстравалі «3D мадэлі», ладзіліся «віртуальныя экскурсіі» па інтэр’ерах. Карацей, PR-суправаджэнне было вельмі годнае. Тое, што ўрэшце гэта прывяло да таго, да чаго прывяло, — ну дык а як інакш?

4

Выгляд Купалаўскага тэатру да цяперашняй перабудовы

Падабаецца трупе. Нараканняў з боку тэатралаў не чутно. Наадварот, тыя людзі, якія выказваюцца наконт разбурэння сцен архітэктурнага помніка ў прэсе, цалкам задаволеныя. Маўляў, болей прасторы, зручней працаваць. Урэшце, яны прафесіяналы, уладары сцэны, мы — гледачы.

Добры выгляд фасаду. Раней нацыянальны тэатр быў падобны да нейкай савецкай даміны. Зараз выглядае какетліва і прыгожа, так, як яго і планаваў Караль Казлоўскі.

Мінусы:

Задача павелічэння аб’ёмаў вырашана ці не найгоршым чынам. Калі б вакол даўнейшай сцэнічнай «каробкі» ўзвялі новыя муры, было б значна лепей: стары тэатр быў бы «накрыты» новым.

Добра, што падабаецца трупе, аднак адно пакаленне актораў сыходзіць, іншае — прыходзіць. Купалаўскі ж у нас — адзін. Уявіце сабе, калі б зала Венскай оперы падалася цяперашняму дырыжору занадта маленькай (а яна сапраўды — надта маленькая!) і дзеля павелічэння аб’ёмаў будынак разнеслі б экскаватарамі Hitachi.

Бакавыя сцены, якія не пасуюць да фасаду: з боку праспекта Незалежнасці тэатр нагадвае Генштаб ці залу афіцыйных пасяджэнняў. Выйшла другая рэзідэнцыя, прабачце.

5

І самае галоўнае: незваротнасць таго, што адбылося. Палотны Шагала ці Жака яшчэ можна выкупіць. Абавязкова надыдзе час, калі на культуру тут будзе выдаткоўвацца болей, чым на міліцыю ці спорт. І тады шмат якія памылкі, дапушчаныя ў нашы цёмныя ды дзіўныя часы, выправяцца. Але гістарычных сцен Купалаўскага не ўзновіш: яны адышлі назаўсёды.

Ведаеце, што здарылася з апошнім творам Караля Казлоўскага – вытанчанай Варшаўскай філармоніяй на 2 тысячы месцаў? Яна была разбураная падчас вайны, і савецкая ўлада вырашыла яе не ўзнаўляць паводле праекта Казлоўскага: занадта какетліва. Там змясцілі новы будынак філармоніі, строгі, як патрабавала пралетарская эстэтыка. І калі савецкія часы скончыліся, узнавіць філармонію Казлоўскага не ўдалося — з-за таго, што на яе месцы ўжо грувасцілася іншая, савецкая, філармонія. Тое ж будзе і з Купалаўскім: узнавіць яго не выпадзе, бо ў нас ужо ёсць Купалаўскі. Новы. Агромністы і «гіпсакардонны».

Зыходзячы з усяго вышэйсказанага, гэтым разам замест нашага традыцыйнага рэйтынгу я прапаную некалькі пажаданняў да людзей, адказных за культуру і рэстаўрацыю ў Беларусі.

Апублікаваць арыгінальны праект Караля Казлоўскага з фонду нумар адзін Нацыянальнага гістарычнага архіва. Той самы праект, якім нібыта кіраваліся рэстаўратары. У прыватнасці, было б добра прадэманстраваць грамадству, як выглядалі бакавыя часткі будынка, колькі паверхаў мелі, наколькі яны падобныя да таго, што атрымалася.

Агучыць імёны і прозвішчы людзей, якія прынялі рашэнне працягваць рэстаўрацыю тады, калі выкананне зацверджанага навукова-мэтадычнай радай праекта сталася немагчымым. Гісторыя павінна ведаць герояў гэтай рэстаўрацыі.

Па магчымасці скасаваць праграму «Замкі Беларусі»: прынамсі, замарозіць яе да тых часоў, калі за дзеяннямі бульдазерыстаў змогуць назіраць гісторыкі архітэктуры.

6

Віктар Марціновіч

https://www.traditionrolex.com/8