<p>Дубовы крыж вышынёй больш за тры метры быў пастаўлены ў 1995 годзе ў памяць пра загінуўшых ваяроў – удзельнікаў гістарычнай бітвы 8 верасня 1514 года</p>

Дубовы крыж вышынёй больш за тры метры быў пастаўлены ў 1995 годзе ў памяць пра загінуўшых ваяроў – удзельнікаў гістарычнай бітвы 8 верасня 1514 года.

Крыж з надпісам «Героям Аршанскай перамогі» стаяў на пагорку – над вялікай палянай на беразе рэчкі Крапівенкі. Унізе быў усталяваны памятны камень. Ён не пацярпеў, паведамляе радыё «Свабода».

Пра тое, што мемарыяльны крыж зламаны, паведаміў аршанскі гісторык Юрый Копцік:

«На поле Аршанскай бітвы часта прыязджаюць аматары беларускай гісторыі. І вось гэтым разам крыжа на звычайным месцы яны не ўбачылі. Кажуць, што ён зламаны, ляжыць унізе. Сам упасці ён ніяк не мог: быў добра ўмацаваны і вытрымаў не адну навальніцу. Значыць, гэта зроблена знарок, кім – невядома. Але калі гэтыя людзі думаюць, што галоўнае – гэта той крыж ці помнік унізе, то яны глыбока памыляюцца. А крыж мы адновім. І, можа, зробім што-небудзь яшчэ, каб нашчадкам таксама засталася памяць пра нашу гісторыю!»

На полі, дзе адбывалася гістарычная Аршанская бітва, з 1991 года праходзіў фэст беларускай бардаўскай песні і паэзіі. Апошнія гады імпрэза змяніла фармат і месца правядзення, бо міліцыя не давала ўдзельнікам збірацца на гэтым месцы. Летась і сёлета само поле ўзаралі, каб да крыжа і помніка нельга было пад'ехаць на машыне.

Аднак да крыжа ў пачатку верасня ўсё адно прыходзяць людзі. Так было і сёлета: некалькі дзён запар да крыжа прыходзілі аматары беларускай гісторыі, збіраліся на супольную малітву, запальвалі свечкі, ускладалі кветкі, узнімалі бел-чырвона-белыя сцягі.

2