<p>На вуліцы цудоўнае надвор'е і выхадныя? Хочацца куды-небудзь паехаць, але мала грошай і няма ўласнага аўто? Прапануем маршрут на выхадныя ў горад, які бачылі нібыта ўсе, але кожны туды марыць вярнуцца, бо ў мінулы раз не  хапіла часу ўсё як след разгледзець, абыйсці, сфатаграфаваць. Багатым бурацінам і бывалым турыстам чытаць строга забаронена.</p>
На вуліцы цудоўнае надвор'е і выхадныя? Хочацца куды-небудзь паехаць, але мала грошай і няма ўласнага аўто? Прапануем маршрут на выхадныя ў горад, які бачылі нібыта ўсе, але кожны туды марыць вярнуцца, бо ў мінулы раз не  хапіла часу ўсё як след разгледзець, абыйсці, сфатаграфаваць. Багатым бурацінам і бывалым турыстам чытаць строга забаронена., паведамляе arche.by.

Асабіста для мяне Нясвіж не з'яўляецца нейкай турыстычнай экзотыкай. Пры жаданні я і сам магу зладзіць экскурсію ў культурную сталіцу Беларусі. Мэтай гэтага допісу было жаданне дапамагчы тым, хто хоча за адзін выхадны выціснуць максімум уражанняў з Нясвіжа пры мінімальных затратах часу і фінансаў. Парады грунтуюцца на ўласным досведзе і носяць выразна суб'ектыўны характар.

 

Як дабрацца

1 Самы танны спосаб трапіць у «маленькі Парыж» – скарыстацца паслугамі Беларускай чыгункі. Гэты спосаб адыме ў вас дастаткова часу, але дазволіць ашчадзіць сціплы студэнцкі бюджэт. Абраўшы такі маршрут, вам давядзецца зрабіць у дарозе адну перасадку: электрычка давязе вас толькі да ст. Гарадзея. З Гарадзеі да Нясвіжа вы даедзеце альбо прыгарадным аўтобусам (яны курсуюць з Гарадзеі ў Нясвіж дастаткова часта), альбо на таксі. Апошні варыянт можа пахаваць усе вашыя надзеі зэканоміць гэтым разам свае тугрыкі – кошт паездкі вагаецца ад 60 да 70 тысяч рублёў. Жадаеце плаціць менш? Плануйце сваё падарожжа загадзя! Для гэтага вам неабходна азнаёміцца з раскладам руху электрычак у Баранавіцкім/Брэсцкім накірунку.

Увага! Большасць цягнікоў у гэтым напрамку адпраўляецца з п. п. «Інстытут культуры». Выбіраем электрычку, якая найбольш «пасуе» раскладу руху прыгарадных аўтобусаў з Гарадзеі:

7.15, 9.20 (пн – сб), 11.10, 12.10 (пн – сб), 14.45, 17.25, 18.30, 21.35.

Спіс можа быць не поўным – удакладняйце расклад  руху па тэлефоне (+ 375 17) 705-40-45.

З Гарадзеі да Нясвіжа вы даедзеце хвілін за 15–20.

Кошт білета на электрычку (на 01.10.2012): 6180

Кошт білета з Гарадзеі да Нясвіжа: 5150.

Калі вы не з Мінска, то варыянты могуць быць наступныя:

Гродна: начны цягнік Гродна – Гомель да ст. Гарадзея

Віцебск: Полацк – Баранавічы да ст. Гарадзея

Брэст, Баранавічы – тыя ж варыянты з электрычкамі, што і з Мінска, толькі ў адваротны бок.

Варыянт з прамым аўтобусам з Мінска таксама існуе.

Дадатны бок: вас прывязуць у Нясвіж без ніякіх перасадак і з большым камфортам. Да таго ж на дарозе вы зэканоміце больш за гадзіну часу.

Мінусы: па-першае, кошт – білеты каштуюць на ўсе рэйсы аднолькава – 34 080 (поўны білет); па-другое, першы аўтобус, які едзе ў Нясвіж (Мінск – Альшаны), даставіць вас на месца толькі ў 12.20. Даведацца пра ўсе рэйсы можна ТУТ.

Расклад аўтобусаў (з Нясвіжа)

Да Гарадзеі

6.00, 8.00, 10.00, 10.52 (пн – сб), 12.40, 14.33, 15.50, 16.05 (пт – ндз), 17.20, 18.30 (сб – ндз), 20.01 (сб – ндз), 20.20

Да Мінска

13.10 (сб), 14.16 (пт – ндз), 15.20 (ндз), 16.44, 18.13

Удакладніць расклад руху можна па тэлефоне (+ 375 17) 705-40-45

Харчаванне

У Нясвіжы на сёння дзейнічае больш за 10 пунктаў грамадскага харчавання. Самы вядомы ў горадзе рэстаран – «Ратуша». Папулярнасцю сярод мясцовых жыхароў карыстаюцца кафэ «Чабарок», «Несцерка» і «Парк» ( у народзе – «Дзеравяшка»). Нядаўна адкрылася піцейная ўстанова недалёка ад вакзала, але паводле водгукаў мясцовых, графік працы кафэ пакуль нестабільны. Для таго каб патрапіць у кавярню ў замку, давядзецца, напэўна, заплаціць за ўваход. Рэстаран «Нясвіж» у мясцовым гатэлі наўрад ці прапануе таннае меню. Да таго ж па выхадных такія ўстановы, як правіла, працуюць па спецабслугоўванні: сязон вяселляў.

Спецыфіка мясцовых пунктаў грамадскага харчавання – сталы сязонны турыстычны ажыятаж. Рэстаран «Ратуша» практыкуе спецабслугоўванне турыстычных груп па выхадных, таму патрапіць простаму турысту-аматару туды досыць складана. Можна туды неяк уплішчыцца раніцай альбо вечарам. Але вечарам адпадае варыянт з дастаткова танным і якасным дзённым меню. Узровень абслуговання сярэдні, і сітуацыя прынцыпова не мяняецца апошнія гадоў дзесяць.

Калі рэстаран вам не па кішэні, а проста папіць гарбаты-кавы не дазваляе сітуацыя і гонар, запрашаем у новую піцэрыю! Месціцца яна ў будынку былой гаспадарчай крамы па вуліцы Савецкай па дарозе з вакзала ў цэнтр. Побач размяшчаецца кафэ «Несцерка» (цяпер пазначанае як проста Саfe). Кошты ў піцэрыі больш чым дэмакратычныя. Абслугоўванне яшчэ горшае, чым у «Ратушы», але пад’есці там можна. Самая танная піца (450 г) яшчэ нядаўна там каштавала 22 260 руб.!

Калі вы маеце трывалую звычку браць з сабой у дарогу бутэрброды, а цягаць тэрмас вам ляніва, запрашаем у кафетэрый у гастраноме (гарадская плошча). Кава ці гарбата там каштуюць смешныя грошы. Ёсць столікі, спіртное распіваць нельга – можна спакойна перакусіць і адагрэцца,  калі на вуліцы ўжо не май.

«Дзеравяшка» (кафэ каля касцёла) традыцыйна акупаваная наведвальнікамі. Можна, канешне, паспрабаваць выстаяць чаргу, але восеньскім днём кожная хвіліна дарагая.

Болей пра кропкі грамадскага харчавання

Замак

3

Уваход у замак  каштуе 50 000. Больш тут дадаць няма чаго. Наведванне парка бясплатнае. Калі на замак шкада грошай, то можна засяродзіцца на парку, ён таго варты.

Краявіды і іх фіксацыя

У часы росквіту стужкавай фатаграфіі (эра «мыльніц») аператары мясцовых фотакрам з дрэнна прыхаванай агідай друкавалі чарговыя порцыі фоташэдэўраў «я і ратуша», «я на фоне сабакі ў парку» і да т. п. Замыленыя ракусы непазбежныя, як першы снег. Бяда ўсіх турыстаў у тым, што іх водзяць па адных і тых жа маршрутах. Турысты-адзіночкі часта не маюць часу на самастойную разведку і таму ходзяць тымі ж сцежкамі-дарожкамі і плодзяць кадры-клоны. Дзе можна знайсц месцы для здымкі, каб атрымалася як не ва ўсіх? Схадзіце на нясвіжскае гарадзішча. Пейзаж там не сказаць, каб выбітны, але з гэтага пункту вы здымеце Слуцкую браму дакладна не так, як усе. Дзе шукаць: гарадзішча размяшчаецца побач з мясцовым педкаледжам (кляштар бенедыктынак). Крочыце па вуліцы Чкалава да самай вежы-брамы і павяртаеце налева. Перад самымі гаражамі яшчэ раз налева. Гарадзішча невялікае і бачнае з дарогі.

 

4

Схадзіце за Браму да мясцовай бальніцы. Там захавалася пара-тройка дамкоў у закапанскім стылі. Да таго ж па той бок возера на галоўныя архітэктурныя помнікі адкрываюцца зусім іншыя нехрэстаматыйныя ракурсы. Да бальніцы можна пад'ехаць гарадскім аўтобусам (прыпынак каля райвыканкама на гарадской плошчы). А калі ёсць час, то лепей схадзіце пешшу.

Мясцовы ФАК са стадыёнам з'яўляюцца добрым пунктам для фатаграфавання. Месцяцца яны на ўзвышшы, таму даюць некалькі дадатковых магчымасцяў для здымак.

Леса-парк «Альба». Ад парка засталіся толькі здзічэлыя рэшткі, але прыкметы былой велічы адшукаць можна. Як знайсці: выходзіце на вуліцу К. Лібкнехта (каля піцэрыі) і крочыце да самага яе заканчэння. Скрыжаванне вуліцы з аб'язной дарогай і будзе пачаткам «Альбы».

Увогуле, калі для вас істотнай з'яўляецца менавіта фотафіксацыя вашага падарожжа, ёсць сэнс прыехаць у Нясвіж па магчымасці раней.

Розныя істотныя дробязі

5

Крамы і сувеніры

Сувеніры можна набыць у адмысловых кіёсках на пляцоўцы каля касцёла Божага Цела, каля замка, на другім паверсе мясцовага ўнівермага, у краме «Скарбніца» (на гарадской плошчы злева ад кінатэатра «Салют». Паштоўкі прадаюцца таксама  ў будынку ратушы.

Прыбіральні

Платная прыбіральня знаходзіцца на гарадской плошчы за кінатэатрам «Салют».

На вакзале, у парку (у Старым парку – на мяжы з Японскі паркам, у Марысіным парку, адразу за пляжам).

Тэарэтычна вы маеце права скарыстацца прыбіральнямі аб’ектаў грамадскага харчавання.

Пошта, аптэка, абменнікі

Аптэка знаходзіцца ў самым цэнтры, насупраць ратушы.

Праз дарогу, побач з аўтобусным прыпынкам знаходзіцца абменнік. Памяняць валюту можна таксама ў банку па вуліцы 1 Мая (па дарозе з аўтавакзала ў бок ратушы павярнуць на вуліцу К. Лібкнехта, затым першы паварот направа). Недалёка ад вакзала ёсць абменнік «Белаграпрамбанка», там жа ёсць і банкамат.

Пошта знаходзіцца недалёка ад касцёла, па вуліцы Ленінскай у бок вакзала.

Вяртацца назад лепш за ўсё аўтобусам. Варта ехаць у вандроўку ў суботу: транспарт будзе вальнейшым ад студэнтаў, якія на выхадныя едуць дадому ці на вучобу. Калі вы студэнт, то кошты на транспарт смела можна палавініць.

Такім чынам, калі абраць найбольш жорсткі варыянт з электрычкамі (з Мінска і назад), то дарога ў два бакі будзе каштаваць вам каля 25 000 рублёў (студэнтам у выхадныя – 12 000). Аўтобус абыйдзецца ў 34 080 у адзін бок, студэнтам – у два бакі. Дадаём сюды перакус у піцэрыі ці рэстаране 25 000 – 35 000 альбо кава з бутэрбродамі ў кафетэрыі гастранома – 3000 за каву-гарбату і, калі няма канапак, 4000–6000 за мясцовыя кандытарскія вырабы (мясцовая «фішка» пернік «Піянерскі» і пірожнае «Пчолка»). Дадаём сюды расходы на сувеніры – як жа вяртацца без  магніціка! У залежнасці ад уласных запатрабаванняў падбіваем рахунак. Самае галоўнае, каб падарожжа пакінула добрыя ўражанні і прыемныя ўспаміны. І жаданне вярнуцца сюды яшчэ. Як ні плануй, а за раз усяго не пабачыш!

мапа Нясвіжу


1. Ратуша
2. Рэстаран «Нясвіж»
3. Кафэ «Несцерка»
4. Піцэрыя
5. Аптэка
6. Платная прыбіральня
7. Кафэ «Парк» («Дзеравяшка»)
8. Гарадзішча
9. Лякарня
10. Кафэ Mad Café (?)
11. ФАК
12. Пошта