https://www.traditionrolex.com/8
<p>У райцэнтры Быхаў, што на Магілёўшчыне, разбураецца замак. Гэта помнік архітэктуры XVII стагоддзя — адзінае ацалелае замкавае збудаванне ва Усходняй Беларусі. Улады спасылаюцца на тое, што на рэканструкцыю няма сродкаў</p>

У райцэнтры Быхаў, што на Магілёўшчыне, разбураецца замак. Гэта помнік архітэктуры XVII стагоддзя — адзінае ацалелае замкавае збудаванне ва Усходняй Беларусі. Улады спасылаюцца на тое, што на рэканструкцыю няма сродкаў, паведамляе радыё «Свабода».

Доўгі час у мурах замка размяшчаліся розныя вытворчасці. Цяпер ён занепадае. Муры дзе-нідзе абрынуліся. Пажар знішчыў частку даху. Ацалелы дах не вытрымлівае непагадзі. Па сценах сцякае вада, вокнаў няма. Да таго ж сцены разбурае і расліннасць. Аварыйны будынак не агароджаны. Трапіць у яго можа кожны жадаючы:

«Помнік архітэктуры сямнаццатага стагоддзя знаходзіцца ў жахлівым стане. У 2004 годзе мясцовыя ўлады невядома на якіх падставах здалі помнік у арэнду прыватнаму прадпрымальніку. У выніку згарэў дах, агаліліся апорныя муры, і разбурэнні сталі незваротнымі. Ад улад не патрабуецца ніякай рэстаўрацыі — патрабуецца кансервацыя, агароджа і вартаўнік. Хаця б гэта», — кажа жыхар Быхава, мясцовы журналіст Сяргей Антонаў.

3

Першы паверх замка вымецены. На другім — вэрхал. Коміны разбураныя. Сяргей Антонаў кажа, што апошні карыстальнік будынка шукаў у дымаходах скарбы.

У Быхаўскім райвыканкаме не хаваюць, што замак разбураецца, але прызнаюць, што сродкаў на рэстаўрацыю трэба надта шмат:

«У нас Цэнтр па рэстаўрацыі на мінулым тыдні быў, дык супрацоўніца сказала, што для аднаўлення гэтага помніка патрэбна на сённяшні дзень каля 100 мільярдаў, а гэта дужа вялікія грошы. Сказала, што сцены і скляпенні ў добрым стане, а па падмурку будуць выклікаць спецыялістаў. Пытанне цяпер стаіць, ці ёсць наогул магчымасць яго аднавіць», — патлумачыла сітуацыю супрацоўніца аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама.

2

У райвыканкаме ўдалося высветліць, што на кансервацыю замка нібыта выдзелена каля двух мільярдаў рублёў. Службоўцы прызнаюць, што гэтых грошай на ўвесь аб’ём прац не хопіць. Не хопіць нават на рамонт даху.

Тое, што засталося ад замка, прыязджаюць аглядаць турысты з іншых мясцін Беларусі. Гутару з двума студэнтамі з Брэста:

Дзяўчына: «Я ў жаху ад самога стану будынка. Месца добрае, але вось беспарадак гэты палохае».

Юнак: «Мы з Заходняй Беларусі. У нас з гэтым справы выглядаюць нашмат лепей, чым тут. Тут наогул пра захаванасць помніка гаварыць не выпадае. Тут нават дрэвы не выкарчаваныя, растуць проста ў замку. Такі турыстычны аб’ект, а ў Быхаве іх няшмат, і ў такім стане. Жудасць што творыцца».

1

Жыхары самога Быхава важнасць замка для горада разумеюць, але прызнаюць, што спадзявання на яго выратаванне няшмат. Вось характэрная думка:

«Разбураецца, так. Зразумела, гэта ненармальна. Яго трэба рэстаўраваць, але, напэўна, сродкаў няма ў бюджэце на гэтыя мэты. Гэта гістарычны помнік знакавы — даўно ўжо стаіць. Мы яшчэ дзецьмі былі, па ім бегалі. Неяк ён ужо даўно ў такім заняпадзе».

Быхаўскі замак узвялі як абарончае збудаванне ў першай палове XVII стагоддзя. Належаў ён гетману Вялікага княства Літоўскага Яну Хадкевічу. Потым ім завалодалі Сапегі. Цяпер заняпалая цытадэль узвышаецца па-над крутым схілам абарончага рова. З вакон відаць шырокі дняпроўскі поплаў. Акрамя самога замка, пакрысе разбураюцца і збудаванні навокал яго. Напаўразбуранай стаіць замкавая вежа. Непадалёк ад замка закансерваваны ўнікальны будынак сінагогі, узведзены ў абарончым стылі.

https://www.traditionrolex.com/8