https://www.traditionrolex.com/8

Асаблівая ўвага сучаснікаў да Навагрудскага замка цалкам апраўдваецца канцэнтрацыяй гістарычных падзей, звязаных з гэтым месцам. Таму не дзіва, што кансервацыя пашчэрбленых муроў у рамках Дзяржаўнай праграмы «Замкі Беларусі» на сёння з’яўляецца адным з найпрыярытэтных праектаў у сферы гісторыка-культурнай спадчыны, паведамляе «Культура».

Навуковы кіраўнік аб’екта, вядомы архітэктар-рэстаўратар Сяргей Друшчыц ахвотна падзяліўся апошнімі навінамі з Навагрудка, а таксама і далёкасяжнымі планамі.

— Не так даўно была распрацавана рабочая дакументацыя, датычная ўмацавання Касцельнай вежы, і ўжо неўзабаве плануецца распачаць работы па кансервацыі апошняй. На гэтую мэту сёлета выдаткавана амаль паўтара мільярда рублёў. Адзначу, што метад, які быў намі распрацаваны, прымяняецца ўпершыню — дагэтуль ён нідзе не выкарыстоўваўся ў такім выглядзе.

— Чым абумоўлена неабходнасць гэтых інавацый? Як падаецца, кансервацыя павінна быць кансерватыўнай: так спакайней…

— Справа перш за ўсё – у стане гэтай вежы, які сёння папраўдзе жаласны. У нашай практыцы з такой ступенню руйнавання мы яшчэ ніколі не сутыкаліся! Лічу, што цяпер людзям у гэтай зоне проста небяспечна знаходзіцца: напаўразбураныя муры на стромкім схіле з перападам у дваццаць чатыры метры маюць папраўдзе крытычны стан.

Зрэшты, гэта заканамерна. З таго часу, як шведы «пагаспадарылі» ў Навагрудку (а было тое, нагадаем, у 1706-м), ніхто не прымаў мер па захаванні рэшткаў Касцельнай вежы — яна ўвесь час толькі руйнавалася! Гадоў дваццаць таму мы яе трошкі замацавалі, але тады скончылася фінансаванне, і работы былі прыпынены. І вось давялося вынаходзіць спецыяльныя канструкцыі, здатныя захаваць гэтую важную частку помніка. Зразумела ж, да пачатку работ мы пракансультуемся са спецыялістамі, дасведчанымі ў дадзеным пытанні.

Што да методыкі кансервацыі... Мы прапануем спыніць руйнайванне муроў з дапамогай так званых каронак. Адпаведна, руіны захаваюць свой арганічны рамантычны выгляд, наведвальнік нават убачыць траву, якой яны параслі, але насамрэч пад дзёрнам будуць зроблены складаныя канструкцыі з гідраізаляцыяй. А сам гэты дзёран, дарэчы, абараняе муры ад размарожвання. Пагадзіцеся, такі варыянт куды больш густоўны за бетонныя «накрыўкі» або драўляныя «брылі»! І візуальнае ўспрыняцце — не адзіная яго перавага.

— Ці выкарыстоўваўся гэты метад раней на Беларусі?

— Так, мы ўжо карысталіся ім пры кансервацыі руін Брэсцкай крэпасці, ён шырока практыкуецца за мяжой, мае добрыя водгукі спецыялістаў. Між іншым, такія паважаныя міжнародныя арганізацыі, як UNESCO або ІСАМОS, таксама яго рэкамендуюць. Але, безумоўна, мы спачатку апрабуем, зробім нейкі эталон, і толькі тады канчаткова ўсё вырашым.

Што ж да Паўночнай вежы... Як вядома, у нашых планах — яе аднаўленне. На чатырох ярусах будзе размешчана музейная экспазіцыя, прысвечаная самому замку.

— Рэстаўрацыя павінна мець належную навуковую аснову. Ці дастаткова звестак пра колішні выгляд Шчытоўкі?

— Як вядома, вежа абрынулася толькі на пачатку мінулага стагоддзя. Адпаведна, захаваліся фота, што фіксуюць яе стан, і дзякуючы такой іканаграфіі мы можам аднавіць страчанае.

— Існуе думка, што спецыфічныя рэстаўрацыйныя работы нельга давяраць арганізацыям агульнабудаўнічага профілю...

— Даруйце, але так робіцца, не раўнуючы, ва ўсім свеце! Зрэшты, у выпадку з Навагрудскім замкам усё трохі інакш. Генеральным падрадчыкам з’яўляецца «Белрэстаўрацыя» — установа, якую навічком у падобных справах не назавеш. А вось для спецыяльных работ будуць прыцягвацца самыя розныя арганізацыі адпаведнага профілю. Неабходна, напрыклад, умацаваць грунты на глыбіні каля дзесяці метраў, дзе ёсць крынічныя воды…

— Летась у Навагрудскім замку аднавіліся раскопкі. Ці прынеслі яны нейкія сенсацыйныя знаходкі?

— Не, ніякіх сенсацый. Ведаеце, мы ж не скарбашукальнікі — у нас крыху іншыя функцыі. Работа мае мэтанакіраваны характар, і таму мы прыблізна ўяўляем тыя вынікі, якія нас чакаюць. Вось, напрыклад, рэшткі пабудоў ХІІІ стагоддзя, што захаваліся недзе на глыбіні ў сем метраў. Пра іх існаванне было вядома яшчэ нашым папярэднікам, якія раней праводзілі раскопкі на дзядзінцы. Летась былі раскрыты вежы Пасадская і Дазорца: пасля разбурэнняў 1706 года рэшткі тых пабудоў знаходзіліся пад зямлёй…

А што да знаходак — тут «ураджай» заўсёды шчодры: гэта наканечнікі стрэл, ядры, кафля... Усе артэфакты мы перадаём у Навагрудскі гісторыка-краязнаўчы музей, і таму неўзабаве з імі зможа азнаёміцца кожны жадаючы.

Пакуль што раскопкі прыпынены, бо справа гэта нятанная. Усе наяўныя на сённяшні дзень сродкі было вырашана пусціць на ўмацаванне вежаў. Але спадзяюся, што ў наступным годзе археолагі працягнуць работу…

— А ці плануецца экспанаванне тых найдаўнейшых парэшткаў, пра якія вы казалі, на самім замчышчы?

— Найпершая наша задача — захаваць руіны, пра гэта цяпер і ўсе думкі. Але выніковы праект музеефікацыі замчышча прадугледжвае адкрытыя шурфы, у якіх мы зможам экспанаваць, скажам, рэшткі царквы XIV стагоддзя. Не ведаю, ці ўдасца спусціцца «на стагоддзе ніжэй»: гэта вельмі складана з тэхнічнага пункту гледжання.

Наведвальнік здолее ўбачыць амаль усе пабудовы, якія сёння хаваюцца ў нетрах зямлі. Вежы ды сцены паміж імі прыўзнімуць і закансервуюць. Скажам, тая самая вежа Дазорца захавалася на вышыню да трох метраў, але пакуль пра яе існаванне мала хто ведае. Археалагічную частку экспазіцыі дапоўняць макеты, што адлюстроўваюць усе стадыі існавання гэтага помніка спадчыны: драўляныя гародні, вежа-данжон XIV стагоддзя і, нарэшце, цалкам мураваны замак.

Рэшткі палаца сёння знаходзяцца на адзнаку вышэй, чым адзнака двара. І тут нам трэба вырашыць сур’ёзную задачу. У гэтай зоне мы не здолеем знізіць грунт пабудовы да адзнакі ХІV стагоддзя, інакш падмуркі проста завіснуць у паветры. Палац мяркуецца пазначыць іншым чынам: праз аплікацыю, адлюстраваўшы яго планіроўку і само месца.

 — А ці ведаюць сёння навукоўцы, дзе жыў знакаміты Міндоўг?

 — Пакуль гэтае пытанне — дыскусійнае. Палац, пра які я казаў, быў збудаваны толькі ў XVIII стагоддзі. Вядома, князь мог жыць і ў вежы, што мае даволі вялікі аб’ём: 14 на 14 метраў. Але таксама ягоная рэзідэнцыя магла знаходзіцца не ў самім замку, а ў горадзе, які на той час быў шчыльна забудаваны. Усё ж замак у першую чаргу — гэта менавіта абарончае збудаванне.

Дакладна вядома і тое, што ў Навагрудку знаходзіўся трыбунал Вялікага княства Літоўскага. А вось дзе менавіта... Не выключана, што ён — таксама па-за межамі Замкавай гары, у навакольным горадзе, які меў свае ўмацаванні.

— Многія наведвальнікі адрэстаўраванага Мірскага замка выказваюць прэтэнзіі да добраўпарадкавання яго ваколіц. Асабліва ім кідаецца ў вочы сучасная плітка...

— У Навагрудскім замку ніякай пліткі ды іншых сучасных матэрыялаў не з'явіцца. Як і сёння, наведвальнік будзе хадзіць па звычайным травяным газоне. Балазе наведвальнікі замкаў у Заходняй Еўропе на дыскамфорт з гэтай нагоды не скардзяцца. Вядома, будзе створана нейкая мінімальная інфраструктура, прызначаная для прыёму турыстаў. Хочацца верыць, што іх лік істотна ўзрасце, і гэта трэба ўлічваць!

— Адпаведна, уся інфраструктура будзе вынесена па-за межы аб’екта?

— Менавіта так. І нават лішне казаць, што на сёння з ёй у Навагрудку — вялікая праблема. Турыстаў туды і цяпер ужо прыязджае шмат, але арганізаваных стаянак для тураўтобусаў, сувенірных крамак ды ўсіх іншых прыкмет добра наладжанага сэрвісу побач няма. Праблема — і з кавярнямі ды гатэлямі…

Гістарычным гарадам не абавязкова мець супергатэлі. У нас па сёння існуе стэрэатып, што калі гасцініца мае менш за 200 нумароў, яна адназначна нерэнтабельная. Але, як сведчыць досвед, прыватнікі ўмеюць выводзіць у прыбытак нават невялічкія і недарагія гатэльчыкі. А ў такіх мясцінах, як Навагрудак, іх павінна быць шмат — дарагіх, танных, розных... Да таго ж, дзе-нідзе ў свеце распаўсюджана практыка, калі турысты спыняюцца не ў гатэлях, а ў прыватных дамах. У нас яна таксама цалкам прымяняльная.

Возьмем, да прыкладу, Нясвіжскі замак, які летась наведала каля 600 тысяч чалавек, а сёлета, мабыць, будзе яшчэ больш. Звычайна турысты прыязджалі ў Нясвіж і ў той жа дзень з’язджалі. А сусветная практыка паказвае, што каб яны мелі магчымасць застацца ў горадзе хаця б на адну ноч, дык і патрацілі б значна больш: на сувеніры альбо на харчаванне. Сёння тая праблема вырашана, прынамсі, часткова: у колішняй радзівілаўскай стайні адкрыты гатэль. Перакананы, што захады ў гэтым кірунку павінны весціся і ў Навагрудку — паралельна з рэстаўрацыйнымі работамі.

Вядома, хваляваць гэта павінна не мяне. Рэстаўратары выканаюць сваю задачу і сыдуць, а вось выкарыстане іх даробкаў у мэтах турызму — справа мясцовых улад і, зрэшты, жыхароў краю. Дзяржаўная задача развіцця турызму, які павінен значна папаўняць бюджэт краіны, патрабуе комплекснага вырашэння ўсіх праблем, заснаванага на міжнародным досведзе. Спадзявацца на сур’ёзныя даходы ад адных толькі білетаў у музейныя комплексы наўрад ці выпадае…

Наталля КІРПІЧЭНКАВА

https://www.traditionrolex.com/8