<p>Больш за дзесяць клубаў сярэднявечнай рэканструкцыі сабраў у Лідзе рэгіянальны фестываль сярэднявечнай культуры «Ваярскія гульні»</p>

Больш за дзесяць клубаў сярэднявечнай рэканструкцыі сабраў у Лідзе рэгіянальны фестываль сярэднявечнай культуры «Ваярскія гульні», паведамляе «Твой стыль».

Нягледзячы на дрэннае надвор’е, цікаўных сабралося вельмі шмат. Усіх іх размясцілі на  адноўленых галерэях Лідскага замка.

– Ці зручна было глядзець, ці бачна было, што адбывалася ўнізе? – пытаюся ў гледачоў.

– Глядзець-та зручна, аднак трэба, каб унізе праходзіла ўсё больш маштабна.

Сапраўды, «Ваярскі гульні» не асабліва вялікі фестываль і мае рэгіянальны характар. Тым не менш, як кажуць у ассяроддзі сярэднявечнай рэканструкцыі, сезон скончыўся, мерапрыемстваў мала, клубы імкнуцца куды-небудзь яшчэ выехаць. Таму вось такія восеньскія фэсты і збіраюць дастаткова ўдзельнікаў.

2

У праграме традыцыйна прысутнічалі  рыцарскія турніры, жывая музыка, агульныя бойкі-бугурты былі жорсткімі і відовішчнымі, а майстар-класы па танцах сабралі шмат жадаючых патанцаваць.

Сам жа замак знаходзіцца ў стане рэстаўрацыі. Я б нават сказала – у стадыі  будоўлі.

Як вядома, для выпраўлення пралікаў у рэстаўрацыі мінулых гадоў з бюджэта будзе  выдзелена 7 мільярдаў рублёў. Пра гэта 10 кастрычніка паведаміў міністр культуры Павел Латушка падчас святкавання Дня работнікаў культуры ў Нясвіжскім палацы.

На афіцыйным сайце Лідскага райвыканкама мы можам знайсці інфармацыю, што ў 2011 годзе на тэрыторыі замка будуць пабудаваны згодна з праектам наступныя будынкі і збудаванні: будынак універсальнага прызначэння, трыбуны для гледачоў, гандлёвыя рады, кузня, калодзеж...

3

З гэтага на дадзены момант пабудаваны толькі трыбуны (калі драўляныя навесы можна  лічыць за трыбуны). Усе астатнія будынкі  зроблены напалову і вельмі неахайна. Гэта бачна нават неспецыялісту. Дарэчы, у іх, як кажуць мясцовыя, плануецца размясціць кавярні і крамы.

А пакуль рыцары забаўлялі гледачоў, я запытала супрацоўніцу лідскага музея:

Як вам рэстаўрацыя замка?

– Вы яшчэ ўнутры не бачылі! –  коратка  адказала яна.

Вольга Камягіна