https://www.traditionrolex.com/8
<p>Мінскае агенцтва нерухомасці выставіла на продаж беларускія сядзібы і палацы: «Некалькі сядзіб набылі бізнесмены расійскія, некалькі – нашы»</p>

Мінскае агенцтва нерухомасці выставіла на продаж беларускія сядзібы і палацы: «Некалькі сядзіб набылі бізнесмены расійскія, некалькі – нашы».

Сядзібу могуць прадаваць за ацэначны кошт — каля 100 тысяч долараў, а могуць — з аўкцыёну, ці за адну базавую велічыню, нават бясплатна могуць аддаць. Але... пад канкрэтны інвестыцыйны праект, тлумачаць «Еўрарадыё» ў Мінкульце. Асноўная ўмова — рэстаўрацыя. Паводле падлікаў рыэлтараў, каштуе яна ад 1,5 да 2 мільёнаў долараў. Але што потым? Ці можна там, напрыклад, жыць самому?

Калі сядзіба аддаецца за базавую ці задарма, то ў дамове прапісваюцца ўмовы, што павінен зрабіць новы ўласнік, акрамя рэстаўрацыі. Калі ж сядзібу набылі за ацэначны кошт ці з аўкцыёну, то можна і самому жыць! Галоўная ўмова – каб гэта не шкодзіла помніку архітэктуры.

«У чыёй бы ўласнасці ні знаходзілася сядзіба, уласнік заключае ахоўныя абавязкі з Мінкультам», — кажа старшыня Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч.

Унутраную планіроўку змяняць дазваляюць. Галоўная ўмова — каб да сядзібы ставіліся ашчадна, а што там будзе — абмежаванняў няма, тлумачыць блізкі сябар сям'і Радзівілаў і журналіст Глеб Лабадзенка.

Як даведалася «Еўрарадыё», самі Радзівілы не плануюць купляць свае палацы ў Беларусі. Такіх у продажы было тры. Адзін ў вёсцы Краскі ўжо набыў расіянін з аўкцыёну за 100 тысяч долараў, другі палац Радзівілаў у вёсцы Паланечка знялі з продажу.

1

«На 2013 год пастаўлены на рэстаўрацыю. Гэта было памылкова заяўлена ў інтэрнеце, што ён прадаецца. Дзяржава прыняла пад сваю апеку як помнік архітэктуры, і ўжо на наступны год запланавана аднаўленне. Ён, канешне, не ў кепскім стане. Там раней была школа, сцены вельмі моцныя», — распавядаюць нам у мясцовым сельсавеце.

2  

А вось летняя рэзідэнцыя Радзівілімонты ў пасёлку Красная Звязда прадаецца сёння. Толькі стан гнятлівы.

«Сядзібу няма чаго рэстаўраваць, трэба ставіць па-новаму. Толькі руіны засталіся. Калі вас цікавіць на будучыню агратурызм, то вам трэба паглядзець на парк», — распавядаюць «Еўрарадыё» ў сельсавеце.

– Сядзібу ў Красках, якую набыў расіянін, ужо рэстаўруюць. Няважна, хто набыў гістарычную каштоўнасць, галоўнае, каб гаспадар быў, — лічыць Глеб Лабадзенка.

«Калі б ён не набыў сядзібу, стаяла б і развальвалася. Я ведаю дзве сядзібы, дзе вар'ятня альбо інтэрнат дзіцячы. А вось калі там ёсць гаспадар, значыць, сядзіба будзе жыць. Яшчэ пару гадоў таму ў палацы Радзівілаў у Паланечцы  быў дзіцячы дом. Як толькі ён адтуль з'ехаў, літаральна за пару гадоў сядзіба прыйшла ў жахлівы стан. Укралі і абдзёрлі ўсё што можна, павыбівалі шыбы. Туды пачала залівацца вада, а зімой снег. Пару гадоў — і палац ужо напалову разбураны».

Усяго сёння ў продажы было 46 сядзіб і палацаў, за 2010-2011 гады прадалі восем. Сёлета пакуль ніводнага.

Якія палацы і сядзібы ўжо прадалі?

Сядзіба Бішэўскага ў вёсцы Лынтупы Пастаўскага раёна

3

Палац у вёсцы Грамяча Камянецкага раёна

4

Сядзіба ў вёсцы Краскі Ваўкавыскага раёна

5

Палацава-паркавы комплекс у вёсцы Свяцк Гродзенскага раёна

6

Палац у гарадскім пасёлку Поразава Свіслацкага раёна

7

Сядзіба ў вёсцы Туча Клецкага раёна

8

Сядзібна-паркавы комплекс у вёсцы Альшэва Мядзельскага раёна.

Сядзіба ў вёсцы Двор Барысаўскага раёна, прадалі 2 стайні.

 Віталь Ругайн  

Фота: volkovysk.blogspot.com, silvan.by, radzima.org, globus.tut.by, vandrouka.by

https://www.traditionrolex.com/8