https://www.traditionrolex.com/8
<p>Мікалай Ельцаў (ці Барсук, як завуць яго паплечнікі па захапленні) — сапраўдны аўтарытэт у рэканструктарскіх колах, адзіны на Беларусі майстар па вырабу сапраўдных мячоў</p>

У апошнія гады ўсё большую папулярнасць сярод моладзі набывае такі від баўлення часу, як гістарычная рэканструкцыя. Аднак назваць яго проста хобі, напэўна, было б не зусім правільна, бо для многіх гістарычная рэканструкцыя становіцца вялікай і неад'емнай часткай іх жыцця, паведамляе «Звязда».

У гістарычнай рэканструкцыі ёсць мноства напрамкаў, адзін з іх — аднаўленне сапраўднай сярэднявечнай зброі. Мікалай Ельцаў (ці Барсук, як завуць яго паплечнікі па захапленні) — сапраўдны аўтарытэт у рэканструктарскіх колах, адзіны на Беларусі майстар па вырабу сапраўдных мячоў. Свой першы меч Мікалай зрабіў, калі яму было 12 гадоў. Толькі тады «сярэднявечная зброя» рабілася з ручкі ад чарпака. Ці мог той хлопчык ведаць, што ў 28 гадоў ён стане вядомым майстрам па вырабу зброі не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі? Шчыра кажучы, і выглядае Мікалай, як старажытны майстар: барада, прычоска, адпаведныя ўпрыгожанні...

25-26

— У рэканструктарскім руху я ўжо восем гадоў, — расказаў мне майстар. — За гэты час рэканструяваў вобразы розных эпох і народаў. Зараз я аднаўляю вобраз балцкага воіна пры мінскім клубе гістарычнай рэканструкцыі TruеVаrіng.

— А чаму вырашылі спецыялізавацца менавіта на вырабе мячоў? Чаму, напрыклад, не на ювелірнай справе?

— Пачынаў я з вырабу нажоў, драўляных рэчаў і пэўных упрыгожанняў. Але аднойчы ў мяне з'явілася жаданне зрабіць сабе меч. Сабраліся з аднаклубнікамі, каб параіцца, я паказаў ім мадэль мяча, якую хацеў зрабіць. Адразу ж з боку рэканструктараў пасыпаліся выкрыкі накшталт: «Да ты не зробіш!», «Тут жа інкрустацыя!». І ў мяне, напэўна, спрацавала жаданне даказаць, што я на гэта здольны. Так нарадзіўся мой першы «трушны» меч, інкрустацыю да якога я зрабіў з жалеза і кавалка дроту (інкрустацыя — упрыгожванне вырабаў узорамі і выявамі з кавалкаў металу, дрэва, керамікі, мармуру, якія накладваюцца на паверхню і адрозніваюцца ад яе па колеры альбо матэрыяле. — Аўт.). Тады я адчуваў сябе сапраўдным «богам інкрустацыі». Але асабістае абагаўленне прайшло, як толькі я ўзяўся за наступны меч. І тады я зразумеў, што тэхніка вырабу мяча мала вывучана. Года паўтара таму я стаў займацца гэтай справай сур'ёзна. І стаў рабіць мячы не толькі для сябе, але і для свайго клуба.

— Мікалай, прыадкрыйце таямніцу: як жа адбываецца сам працэс вырабу мяча?

— Варта адзначыць, што вырабам клінка для мяча я не займаюся, я яго заказваю. Калі ён трапляе да мяне ў рукі, найперш гляджу, ці няма на ім дэфектаў. Калі дэфекты ёсць, то выпраўляю. Затым выбіраю тып мяча — карыстаюся каталогам археалагічных помнікаў з музеяў усяго свету. Пасля гэтага раблю дзяржальна з дрэва, а сам набор (гарда і наверша) — з металу. Потым раблю разьбу, насечку, арнамент. Заключны этап маёй працы — чыстка і паліроўка.

— Цікава, а чым працэс вырабу сярэднявечных мячоў адрозніваецца ад вырабу сучасных?

— Натуральна, што дакладных крыніц пра тое, як выраблялася такога кшталту зброя, няма. І зараз мы можам толькі здагадвацца, як гэта было насамрэч. Але я трымаў у руках старажытныя мячы і па адчуваннях магу сказаць, што мая тэхніка вырабу мала чым адрозніваецца ад тагачаснай. Мяркую, што я ўсё ж такі знайшоў тэхніку гістарычнай інкрустацыі. Рызыкну сказаць, што працэс вырабу тагачаснага мяча і сучаснага амаль аднолькавы. Толькі чыстка і паліроўка цяпер робяцца на электрычных станках. І, натуральна, мячы, якія я вырабляю, не з'яўляюцца халоднай зброяй. Яны выкарыстоўваюцца толькі для дапаўнення гістарычнага вобразу.

25-25

— Існуе думка, што вага раннесярэднявечных мячоў дасягала часам 8 кілаграмаў. Ці мае права такі міф на жыццё?

— Абапіраючыся на археалагічныя крыніцы, магу сцвярджаць, што сярэдняя вага мяча эпохі вікінгаў была 1,5 кілаграма і звычайна не перавышала 1,8 кілаграма. Гэта вага тых мячоў, якія былі знойдзены. А меркаваць і дадумваць мы можам рознае.

— А што дае асабіста вам захапленне гэтай справай?

— Перш за ўсё я займаюся рэканструкцыяй для асабістага задавальнення. Адчуваю бязмежную радасць, калі трымаю ў руках гатовы меч: нарэшце скончыліся месяцы карпатлівай працы! Ёсць адчуванне, што я даў жыццё той рэчы, якая неўзабаве можа жыццё адабраць. І, вядома, калі ўлічваць той факт, што тэхніка вырабу мячоў дакладна не вядома і што сапраўдных майстроў, нават за мяжой, няшмат, то атрымліваецца, што мая праца дапамагае развіваць рэканструкцыю...

Вікторыя Чаплева

https://www.traditionrolex.com/8