https://www.traditionrolex.com/8
<p>ВГК «Гарадзенскі Двузуб» – вядомы ў Беларусі рыцарскі клуб, які займаецца рэканструкцыяй ХІІІ стагоддзя і з’яўляецца адным з буйнейшых клубаў па інтарэсах горада</p>
Дзіўная сітуацыя адбываецца з турнірам лучнікаў «Страла святога Губерта», што меў прайсці ў суботу, 3 лістапада, у Каложскім парку. Гэты турнір праводзіўся ў нашым горадзе ўжо два гады запар і заўсёды выклікаў цікавасць у гледачоў. Аднак гэтым разам яго забаранілі.

Арганізатары: ваенна-гістарычны клуб «Гарадзенскі Двузуб» і клуб гістарычнай рэканструкцыі «Вольныя стралкі», імкнуліся разнастаіць дысцыпліны. З нецярплівасцю чакалі аматары турніра і сёлета.

Аднак літаральна за два дні да яго пачатку дырэктар Палаца творчасці дзяцей і моладзі Леанід Валенцюкевіч забараніў яго правядзенне. Афіцыйных прычын некалькі. Пра галоўную з іх «Твайму стылю» распавёў кіраўнік ВГК «Гарадзенскі Двузуб» Дзмітрый Думчаў:

«Нам паведамілі, што турніра, да якога мы рыхтаваліся больш за 2 месяцы, не будзе. Пры гэтым яшчэ напачатку тыдня ўсё было нармальна. Афіцыйная прычына – адсутнасць заявак ад навучальных устаноў нашай вобласці. Маўляў, Палац творчасці – абласная навучальная ўстанова, таму працуе ў першую чаргу з вобласцю. І гэта пры тым, што ўдзельнікаў павінна было прыехаць вельмі шмат з розных гарадоў Беларусі. Раней адсутнасць такіх фармальных заявак нікога не турбавала.

Наш турнір традыцыйна збірае больш за 20 удзельнікаў з усіх куткоў краіны, для мерапрыемства мясцовага ўзроўню гэта вельмі шмат. Хачу адзначыць, што ўдзельнікам не аплочваецца ні пражыванне, ні праезд, ні харчаванне. Усё за свае сродкі. У арганізацыі мерапрыемства дзяржаўныя структуры таксама не ўдзельнічаюць. Нават прызы мы набываем за свае грошы. У прыватнай размове нам сказалі, што мела месца нейкае тэлефанаванне дырэктару навучальнай установы, пасля якой турнір і быў забаронены».

Ускосна арганізатары звязваюць забарану з правядзеннем Дзён святога Губерта. Аднак турнір не быў афіцыйна прадстаўлены ў праграме гэтых мерапрыемстваў, хаця і праходзіць у гэтыя ж дні і прысвечаны таксама патрону горада – святому Губерту, якога ўшаноўваюць ва ўсім свеце акурат 3 лістапада.

Здаецца, нічога крамольнага. Ва ўсім свеце праводзяцца падобныя турніры. У Гродне ж не праводзіцца ніводнага вялікага сярэднявечнага фестываля, хоць горад і мае дастаткова багатую гісторыю і сярэднявечныя помнікі. Мерапрыемствы, што ладзіць ВГК «Гарадзенскі Двузуб», а гэта турнір лучнікаў і зімовы рыцарскі турнір юніёраў, бадай што адзіныя падзеі такой тэматыкі. Аднак сёння на адно з іх стала меней.

Дык каму перашкаджаюць сярэднявечныя лучнікі? Пытанне так і застаецца адкрытым.

Вольга Камягіна

https://www.traditionrolex.com/8