На Гродзеншчыне можа з'явіцца вёска казак

06.11.2012 - Новости

На Гродзеншчыне можа з'явіцца вёска казак

Турызм прагне відовішчаў. На іх стварэнне кідаецца ўвесь патэнцыял гістарычнай, культурнай, прыроднай, анімацыйнай разнастайнасці, якой багата кожная мясцовасць. Сярод набыткаў, на якія ёсць немалыя спадзяванні, асобна выступае этнічная культура насельніцтва

Вёска казак – такі турыстычны адрас можа  з’явіцца на карце Гродзеншчыны, паведамляе «Гродзенская праўда».

Наш край у Беларусі мае назву Панёманне. Яго вылучаюць асобныя, па-свойму ўнікальныя, рысы ў традыцыйнай беларускай культуры. Ёсць свае адметнасці ў архітэктуры сялянскіх хат, планіроўцы сялянскіх двароў, у гутарцы мясцовых жыхароў, у дэталях нацыянальнага касцюма гродзенцаў. А яшчэ ёсць асаблівасці ў стравах, гульнях, адметнасці святкавання святаў.

Менавіта зыходзячы з разумення месца і ролі этнічнай культуры ў перспектывах развіцця нацыянальнага турызму быў распрацаваны праект «Вандроўка ў этнаказку» на 2012–2014 гг. па праграме міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Польшча–Беларусь–Украіна» (2007–2013).

Турызм прагне відовішчаў. На іх стварэнне кідаецца ўвесь патэнцыял гістарычнай, культурнай, прыроднай, анімацыйнай разнастайнасці, якой багата кожная мясцовасць. Сярод набыткаў, на якія ёсць немалыя спадзяванні, асобна выступае этнічная культура насельніцтва. У сённяшнім «гарадскім» свеце захаваныя рэшткі фальклорнай культуры выглядаюць экзотыкай, вабяць адметнасцю, а значыць, даюць магчымасць прыпыніць увагу турыста. За гэтай меркантыльнай задачай стаіць і ідэалістычная мэта: праз этнічны турызм паспрыяць захаванню і росквіту беларускай культуры.

Зыходзячы з ўласных магчымасцей і маючы падтрымку з боку польскіх калег па турыстыцы, супрацоўнікамі ГрДУ імя Янкі Купалы быў складзены праект, які ўключыў у кола актыўных дзеянняў розных партнёраў. Сам універсітэт разам з адукацыйнай і навуковымі магчымасцямі ў пытаннях турызму праводзіць маркетынгавыя і этнакультурныя даследаванні. Новай справай сталі адукацыйныя трэнінгі для спецыялістаў у турызме як нашых, так і польскіх. Праект таксама дазволіў стварыць на факультэце турызму і сэрвісу вучэбны сектар этнічнага турызму.

Галоўным аб’ектам, вакол якога разгорнуты дадзены праект, з’яўляецца Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей. Створаны ў канцы 1960-х гадоў Алесем Белакозам і рухомы яго духоўнымі спадкаемцамі-вучнямі, музей дае добрую магчымасць прывабіць самыя розныя катэгорыі турыстаў да беларускай культуры. Але гэтаму музею, дарэчы, як і шмат іншым, не хапае элементарнай інфраструктуры для прыёму наведвальнікаў. Гэтыя хібы і будзе выпраўляць праект.

 У Першай гродзенскай гімназіі імя акадэміка Я.Ф. Карскага на працягу сямнаццаці гадоў дзейнічае адзіны ў краіне музей Яўхіма Карскага – славутага беларускага мовазнаўцы, этнографа і педагога. Невыпадкова ў нашым горадзе яго імем названы абласная бібліятэка, вуліца і завулак, бо Карскі – наш зямляк з вёскі Лаша. Мноства ваколіц Гродна тым ці іншым чынам звязаны з жыццём і дзейнасцю гэтага славутага этнографа. Таму адна з мэт праекта – большая інфармаванасць аб магчымасцях музея гімназіі, павелічэнне колькасці тых, хто захоча павандраваць па мясцінах Яўхіма Карскага.

Наш праект міжнародны, і мы шчыльна кантактуем з польскімі калегамі – супрацоўнікамі Сувалкаўскай агратурыстычнай палаты. На рынку турызму ў Сувалкаўскім субрэгіёне гэтая арганізацыя здаўна. Мае і вопыт, і веды, і набыткі ў гэтай галіне дзейнасці. Чаго варты досвед польскіх турпрадпрымальнікаў па рэканструяванні міфалагічнай гісторыі «апошніх індзейцаў Еўропы» – яцвягаў! Гэта заслугоўвае вывучэння ў дэталях і падрабязнасцях.

 У межах нашага праекта палата запланавала і стварэнне цэлай вёскі казак, прасякнутай вобразамі і міфамі з творчасці Марыі Канапніцкай, блізкай знаёмай Элізы Ажэшкі.

Пра тое, што нашы землі – Гродзеншчына і Сувальшчына – багатыя на нацыянальныя феномены, ведаюць нават у саміх гэтых рэгіёнах далёка не ўсе. З іншых краін іх жа проста не відаць. Таму найпершая задача праекта – гучна і рознабакова абвясціць пра этнічную выключнасць гэтых зямель. Зрабіць гэта плануецца праз сродкі масавай інфармацыі. Таксама плануецца актыўны ўдзел у міжнародных турыстычных выставах у Мінску і Беластоку. Так, у пачатку кастрычніка праходзіла міжнародная выстава ў польскіх Сейнах. Сярод дзясяткаў польскіх і літоўскіх экспанентаў з Беларусі было 2-3. Сумна, хаця нашымі турыстычнымі паслугамі польскія тураператары гандлявалі даволі актыўна.

Магчымасці інтэрнет-прасторы павінен выкарыстаць створаны спецыяльны сайт па этнічным турызме, які з’явіцца ў пачатку новага года. Дарэчы, аздабленне і падтрымка сайта – супольная дзейнасць беларускіх і польскіх супрацоўнікаў праекта.

А кульмінацыяй праекта павінен стаць фестываль культур. Ён запланаваны як відовішча з дэманстрацыяй тых аспектаў этнічнай культуры, якія дазваляюць па-новаму ўгледзецца ў, здаецца, знаёмыя твары мясцовых жыхароў. Бо тады гэтыя людзі будуць успрымацца не звычайнымі тубыльцамі, але нашчадкамі носьбітаў (а часам і самімі носьбітамі) узорных нацыянальных прыкмет.

Нядаўна ў Гродне адбыўся форум музеяў Беларусі, які пацвердзіў: у Беларусі ёсць шмат чаго паказаць прыгожага і выключнага. Тая ж задача стаіць і перад нашым праектам.

Спадзяёмся, што намаганнямі ўдзельнікаў праекта «Вандроўка ў этнаказку» тэрыторыя Гродзеншчыны і Сувальшчыны палепшыць статыстыку ўязнога і ўнутранага турызму, а самі творцы народных рамёстваў і мастацтва ператворацца з аматараў у актыўных супрацоўнікаў турыстычнай індустрыі.
Кожны праект мае будучыню, толькі калі ў яго існуе свая звышідэя. У дадзеным праекце гэтая ідэя заключаецца ў тым, каб адноўленыя, заўважаныя і рэканструяваныя народныя прыкметы сталі больш зразумелымі і прывабнымі, а значыць, патрэбнымі для жыхароў нашай краіны. Хочацца думаць, што так і будзе.

Віталь Карнялюк

Рубрики: Тенденции

Страны: Беларусь


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Новости по теме:

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах