<p>У вёсцы Тэльмы, што пад Брэстам, адбудзецца першынство горада па велакросе. Прыняць удзел можа кожны аматар веласіпеднага руху</p>

У Брэсце працягваецца папулярызацыя веласіпеднага руху. У нядзелю клуб «Кола-БОК» запрашае аматараў веласіпеда правесці выхадны дзень з карысцю. У вёсцы Тэльмы, што пад Брэстам, адбудзецца першынство горада па велакросе, паведамляе Радыё «Рацыя».

Удзел у спартыўнай акцыі маюць намер узяць актывісты грамадскай кампаніі «За вела-Брэст». Як адзначае яе каардынатар Уладзімір Красько, мерапрыемства хоць і спартыўнае, але супадае з галоўнымі задачамі кампаніі па папулярызацыі веласіпеднага руху:

– Змагаемся за правы веласіпедыстаў на рух па горадзе, з трымя праблемамі, з якімі ім прыходзіцца сутыкацца. Гэта адсутнасць веладарожак, адсутнасць велапарковак і высокія бардзюры. «Плюсы» атрымаюць не толькі аматары веласіпеда, але і сам горад, бо гэта і чыстае паветра, і месцы ў дварах, і менш транспарту, значыць, адсутнасць пробак.

Юрась Палескі