Хочаце папрацаваць ці пабадзяцца па Еўропе? Нармальнае жаданне, так робяць усе еўрапейцы. Але ці робяць так магілёўцы? Адказ – так! Піша валанцёр Зміцер Ярмоленка Свабодны фармат»).

Гэта была вясна 2010 года, калі я сядзеў дома за сваім камп’ютарам і лазіў па прасторах інтэрнэту. Раптам мне трапіла на вочы адна цікавая рассылка. У ёй гутарка ішла пра тое, што патрабуюцца два валанцёры на праект EVS, адзін – у Эстонію, другі – у Аўстрыю. Патрабаванні былі вельмі простыя: жаданне і валоданне англійскай ці мясцовай мовай. Тэрмін падачы заяўкі заканчваўся праз тыдзень, і я вырашыў паспрабаваць. Спачатку пазнаёміўся з ўсёй інфармацыяй пра валанцёрства ў інтэрнэце дый пачаў запаўняць анкеты. Дарэчы, сайт EVS (European Voluntary Service) (Еўрапейская валанцёрская служба) вы знойдзеце тут.

Там можна пазнаёміцца з усімі праектамі і самой праграмай. Сайт працуе толькі на трох мовах: англійскай, нямецкай і французскай, таму выкарыстоўвайце свае веды ў замежных мовах ды не палохайцеся… гугл-транслейт вам рэальна дапаможа.

Я выбраў варыянт з Аўстрыяй, горад Лінц. Вырашыў, што калі ўжо ехаць, то як мага далей ад дому. Праект быў разлічаны на паўгода, што радавала. Гэта стандартны тэрмін для валанцёрскай працы ў Еўропе. Праблема была толькі з мовай. Прызнаюся, скласці дакументы на англійскай мове мне дапамаглі сябры, за што ім вялікі дзякуй.

2

Офіс EVS у Вене

Пазней на сувязь са мной выйшлі ўжо беларускія прадстаўнікі EVS у Мінску, што атрымалі маю заяўку і правялі са мной невялікую размову праз скайп – гэта была першая ступень адбора (я яе для себя назваў «тэст на ідыёта» – правяраюць проста, ці адэкватны чалавек, бо бывала рознае.

Праз два месяцы мне прыслалі е-майл, што я прайшоў адбор і цяпер трэба чакаць, калі праект падтрымае і прафінансуе еўракамісія (верагоднасць падтрымкі каля 90%), і толькі потым ужо пачнецца афармленне дакументаў і адкрыццё візы. Прыкладна праз месяц мне напісала мой каардынатар з Лінца. Навіны былі цудоўныя: праект падтрыманы, і яна мне адправіла запрашэнне па пошце, з якім мне трэба будзе ехаць у пасольства.

Такім чынам, на той момант паўсталі наступныя праблемы для мяне:

- Маё размеркаванне. Пасля заканчэння тэхналагічнага каледжа я працаваў электраманцёрам  на адным з прадпрыемстваў Магілёва. На той момант я адпрацаваў толькі адзін год з двух.

- Адсутнасць аўстрыйскага пасольства ў Беларусі. Трэба ехаць у Маскву за візай.

- Валанцёрскія арганізацыі не супрацоўнічаць з пасольствамі, а толькі даюць запрашэнне, таму існуе верагоднасць, што ў візе адмовяць, або яшчэ якія праблемы могуць узнікнуць.

3Аўстрыйскае пасольства ў Маскве

У выніку я з усімі праблемамі разабраўся, акрамя адной –  размеркавання, з якога мяне не адпусцілі. У выніку я проста напісаў на працы заяву, што бяру месяц адпачынку за свой кошт і з’ехаў у Аўстрыю… Разумею здзіўленне начальства, калі яны не ўбачылі мяне ані праз тры, ані праз чатыры месяцы. Але аб гэтым не шкадую ні кроплі. Калі маеце магчымасць паглядзець свет – едзьце!

Проста сабраць свае рэчы і паехаць – гэта лепшы варыянт у нашай сённяшняй беларускай сітуацыі. Галоўнае – не баяцца! Скарыстоўвайце ўсе магчымасці, што дае вам жыццё.

4

Мост праз Дунай у Лінцы

Праз шэсць месяцаў, па заканчэнні маёй валанцёрскай праграмы, я прыехаў назад у Магілеў… і даведаўся, што мне далі штаф за парушэнне правілаў размеркавання. За недапрацаваны год – 4 мільёны рублёў. На той момант беларускі рубль ужо абваліўся (пра такія рэчы дзіўна чуць, прыехаўшы з Еўропы), і гэта было ужо не 1000, а прыблізна 400 еўра, што не так шмат.

1

Чаму я не шкадую? А таму што ў наступны раз я раскажу вам пра валанцёрскі рух у Еўропе, жыццё ў Лінцы і аўстрыйскае грамадства. Сачыце за навінамі!

Зміцер Ярмоленка