https://www.traditionrolex.com/8

 Выйшаў у свет новы альбом Зміцера Вайцюшкевіча і WZ-Orkiestra «Ваячак». Дыск запісаны на вершы польскага паэта Рафала Ваячака, а фотасесія да яго была зроблена ў беластоцкай вар’ятні.

Трэйлер альбома – http://youtu.be/NzIscxYSLrw

Рафал Ваячак (1945–1971) – адзін з найбольш інтрыгуючых і таямнічых польскіх паэтаў ХХ ст., яскравы прадстаўнік так званых «праклятых паэтаў». Алкаголік, правакатар, скандаліст, які неаднаразова лячыўся ў вар’ятні і са школьных гадоў здзяйсняў спробы самагубства. Уласную смерць ён зрабіў адной з галоўных тэм сваёй эпатуючай, але вытанчанай у літаратурным сэнсе паэзіі.

– Мне заўжды цікава паказаць менавіта чалавечыя моманты ў творчасці кожнага паэта, – распавядае Вайцюшкевіч. – Таму Маякоўскага я пазбавіў сацыялізма, а Ваячака – пэўнай часткі дэпрэсіі. Хацелася падкрэсліць, што ён быў у тым ліку выдатным лірыкам – у яго шмат вершаў пра жанчын, пра жаночае цела. Але пэўныя моманты «псіхадэліі» ўсё ж прысутнічаюць – увасобіць іх у музыцы дапамог вядомы гітарыст Сяргей Канановіч.

Ад ідэі альбома да яго выдання прайшло шэсць гадоў. Для запіса гэтай працы Зміцер вывучыў польскую мову, але ў працэсе вырашыў заспяваць на беларускай – вершы пераклалі Андрэй Хадановіч і Вальжына Морт. Аздабленне для альбома зрабіў вядомы польскі беларус Юрка Асеннік, лідар гурта Zero-85.

– Фотасесію для аздаблення мы рабілі ў вар’ятні ў Беластоку. На вокладцы – сапраўдны тамтэйшы ключ ад дзвярэй, без якога нельга патрапіць з калідора ў пакой ці наадварот. Гэта і артэфакт, і метафара альбома. У музычным сэнсе мы спрабавалі вынайсці менавіта такі ключ да паэзіі Ваячака, адкрыць яе для беларускага слухача, – тлумачыць Зміцер.

 

 

https://www.traditionrolex.com/8