https://www.traditionrolex.com/8
<p style="text-align: justify;">Пра запатрабаванасць анімацыйных праграм у Беларусі, пра іх перспектывы і пра адзначэнне Каляд з нацыянальным каларытам, мы паразмаўлялі з дырэктарам фонду «Краіна замкаў» Алесем Варыкішам, чалавекам, які зрабіў для папулярызацыі беларушчыны так шмат, што яго цяжэй уявіць у дзелавым касцюме, чым у шляхецкім строі альбо рыцарскіх даспехах.<strong> </strong></p>

Пра запатрабаванасць анімацыйных праграм у Беларусі, пра іх перспектывы і пра адзначэнне Каляд з нацыянальным каларытам, мы паразмаўлялі з дырэктарам фонду «Краіна замкаў» Алесем Варыкішам, чалавекам, які зрабіў для папулярызацыі беларушчыны так шмат, што яго цяжэй уявіць у дзелавым касцюме, чым у шляхецкім строі альбо рыцарскіх даспехах.

– Алесь, ці запатрабаваны анімацыйныя праграмы ў Беларусі? Якім часам вы аддаеце перавагу пры рэканструкцыі?

– Анімацыйныя праграмы у Беларусі запатрабаваныя. Нашы пастаянныя кліенты – красамоўнае пацверджанне гэтай тэзы: іх колькасць расце. Мы стараемся не займацца рэканструкцыяй ХХ ст., таму што гэты час выклікае шмат эмоцый, рэфлексій. Беларускае Сярэднявечча – больш нейтральны час. Да таго ж людзі хочуць ведаць, хто мы такія, адкуль пайшлі. Людзі глядзяць з цікаўнасцю. Але калі хто-небудзь займаецца рэканструкцыяй іншага часу, напрыклад, Другой сусветнай – дзякуй Богу!

– Беларускае Сярэднявечча шмат для каго таксама з’яўляецца «слізкай» тэмай, напрыклад, для турыстаў з Расіі…

– Падчас экскурсіі я не хаваю спрэчных момантаў у гісторыі: шматлікія войны паміж нашымі продкамі, асабліва страшэнны «Патоп» ХVII ст., калі царскія войскі знішчылі больш за палову беларусаў (нават падчас Другой сусветнай вайны беларусаў загінула меней), шматлікія паўстанні супраць царызму і г. д. Галоўнае, як ты гасцей прымаеш, як абслугоўваеш: гасцінна альбо не. У мяне з расійскімі турыстамі праблем не было. Хоць я і не займаю, як некаторыя, больш нейтральную пазіцыю, каб не абудзіць нейкія эмоцыі: не згладжваю, не замоўчваю. Мусіш адстойваць свой погляд, але з адкрытым сэрцам і шчырай душой!

Якія перспектывы ў пашырэнні анімацыі ў Беларусі? Пэўныя фактары стрымліваюць яе развіцце?

– Па вялікім рахунку, усе нашы анімацыйныя гульні вельмі дарагія. Для якаснай анімацыйнай праграмы патрэбны не толькі адзенне, зброя, але і адпаведны фон – нейкі архітэктурны аб’ект. З апошнім у Беларусі, на жаль, вельмі дрэнна. Нам бракуе шляхецкіх маёнткаў, сядзіб, палацаў, замкаў. У Міры і Нясвіжы анімацыйныя праграмы зладзіць немагчыма – з-за вялікага натоўпу турыстаў. Цікавы прыклад Лідскага замку. Яму было наканавана вельмі доўга стаяць у рыштаваннях, але дзякуючы энтузіязму добраахвотнікаў, справа зрушылася з мёртвай кропкі. Ужо не адзін год на аб’екце ладзяцца шматлікія анімацыйныя праграмы. Замак ажыў. Чым больш з’явіцца тых, хто стане ўкладваць сваю душу, фінансы, здароўе ў аднаўленне нашых архітэктурных помнікаў, тым хутчэй будуць новыя анімацыйныя праграмы, фэсты і, што важна,  масавы турыст.

– Бліжэйшыя анімацыйныя праграмы, пэўна, будуць прымеркаваныя ўжо да Каляд. Распавядзіце, што вы падрыхтавалі турыстам, ахвотным адзначыць свята з беларускім каларытам?

– Калядную праграму мы ладзім не першы год. Летась мы рэканструявалі часы Вітаўта Вялікага. У гэтым годзе з нагоды круглай даты французска-рускай вайны, мы адправімся ў часы Напалеона.  Мы праедзем па маршруце Мінск–Крэва-Смаргонь–Ашмяны–Родзевічы. На сваім шляху мы сустрэнем і французскія, і рускія войскі, шляхту, шмат іншых цікавых персанажаў. Фінальную частку святочнай праграмы мы зладзім ў нашым шляхецкім фальварку. Мы яго выкупілі і займаемся аднаўленнем. Там нашых гасцей будуць чакаць старадаўнія стравы, жывая сярэднявечная музыка, разнастайныя гульні, забавы, святочны феерверк. Таксама яны сустрэнуцца з беларускім Сантай – Святым Міколам. Наша праграма разлічана на адзін дзень. Будзе шмат заездаў: сем – у снежні, чатыры – у студзені.

Ці заклалі вы ў праграму нейкі сюжэт?

Безумоўна! З беларускіх земляў толькі што схлынулі французскія войскі. На пошукі нарабаваных багаццяў, сапраўднага скарбу Напалеона, у вышук выбралася царскае камандаванне. Але ў сваіх пошуках расійскія чыноўнікі і салдаты не адзінокія, мы ім кампанію і складзем. У Крэве нам неабходна будзе атрымаць дазвол на ўезд на тэрыторыю, дзе ўведзена ваеннае становішча. У Смаргоні давядзецца выпытваць мясцовага ксяндза, у Ашмянах – мясцовага яўрэя. Справа гэтая не вельмі простая. Нечакана мы сустрэнем пана Тадэвуша Ракіцкага, які ваяваў на баку Банапарта за адраджэнне ВКЛ.  Ён запросіць нас да сябе, і мы апынемся на свяце вялікага кахання.

Гутарыў Павел ДАБРАВОЛЬСКІ, фотаздымкі прадстаўлены Алесем Варыкішам

Елка

Танцы и забавы


ПРОГРАМА ТУРА «КАЛЯДЫ З ПАНАМ ТАДЭВУШАМ: СВЯТЫ ВЕЧАР»

09.30–11.30   Пераезд Мінск – Крэва (90 км)

11.30–12.30   Анімацыйная праграма «Колькі каштуе, пан, праехаць?»

12.30–13.00   Пераезд Крэва–Смаргонь (20 км)

13.00–14.00   Наведванне касцёла ў Смаргоні (1553 г.). Анімацыйная праграма «У якім кірунку пакаціла карэта?»

14.00–14.30   Пераезд Смаргонь–Ашмяны (30 км)

14.30–15.30   Анімацыйная праграма (у старадаўняй сінагозе) «Размова са скупшчыкам каштоўнасцяў, сустрэча з панам Тадэвушам»

15.30–16.00   Пераезд Ашмяны–Родзевічы (25 км)

16.00–19.30   Калядная праграма

19.30–21.30   Пераезд Родзевічы–Мінск (115 км)

Солдат

Шляхта

https://www.traditionrolex.com/8