https://www.traditionrolex.com/8
<p>Мемарыялізацыя і музеефікацыя тых або іншых мясцін для прыцягнення людзей, гатовых плаціць за ўражанні, з развіццём цывілізацыі пашырыліся на ўвесь свет. Ахвочаму да ўражанняў можна прадаць» і Аравійскую пустыню, і Альпійскія горы, і палескае балота. Галоўнае — прывязаць мясцовы ландшафт да гістарычнай постаці альбо надзвычайнай падзеі</p>
Відаць, першымі турыстамі трэба лічыць пілігрымаў, якія наведвалі «святыя мясціны» дзеля збавення душы, замольвання грахоў і набыцця пазітыўных эмоцый. Як толькі гэтая з’ява стала маштабнай, вандроўнікі трапілі пад апеку тагачасных «тураператараў», якія забяспечвалі транспарт, ахову, начлег, маючы з гэтага стабільны прыбытак. Нарадзіўся турыстычны бізнес стыхійна, але з часам трывала стаў на фінансавыя ды арганізацыйныя рэйкі, паведамляе «Культура».

Мемарыялізацыя і музеефікацыя тых або іншых мясцін для прыцягнення людзей, гатовых плаціць за ўражанні, з развіццём цывілізацыі пашырыліся на ўвесь свет. Ахвочаму да ўражанняў можна «прадаць» і Аравійскую пустыню, і Альпійскія горы, і палескае балота. Галоўнае — прывязаць мясцовы ландшафт да гістарычнай постаці альбо надзвычайнай падзеі. Той, хто жыў у часы СССР, памятае маршруты «па мясцінах баявой і працоўнай славы савецкага народа» альбо «па Ленінскіх мясцінах». Быў у Саюзе і турызм з культурным ухілам — па сцежках, дзе хадзілі Пушкін ды Талстой. А вось саюзныя рэспублікі «святых мясцін», звязаных з імёнамі сваіх нацыянальных герояў і творцаў, амаль не мелі.

Але менавіта на Беларусі музейны статус помнікаў атрымалі месцы нараджэння і маладых гадоў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Адама Міцкевіча. Гэта гіганты, якіх немагчыма не заўважыць, немагчыма ігнараваць. А вось іншым творчым постацям, таксама важным для нацыянальнай культуры, на музеефікацыю роднай хаты разлічваць не даводзілася. Калі, да прыкладу, казаць пра выяўленчае мастацтва, дык у савецкі час у Беларусі мемарыяльным музеем быў ушанаваны толькі Вітольд Бялыніцкі-Біруля.

Сёння сітуацыя змянілася. Беларусь — суверэнная дзяржава і сама вызначае свае гістарычныя і культурныя прыярытэты. На дадзены момант на нашай культурнай прасторы паўстаў шэраг імянных мастацкіх галерэй у родных мясцінах выдатных мастакоў. Галерэя Гаўрылы Вашчанкі ў Гомелі, Паўла Масленікава — у Магілёве, Віктара Грамыкі — у Оршы, у сталіцы ёсць галерэі Міхаіла Савіцкага і Леаніда Шчамялёва, у Бабруйску — Галерэя-музей Георгія Паплаўскага… Галоўнае — акрэслілася тэндэнцыя шанаваць сваё.

Варта адзначыць, што згаданыя галерэі адкрыліся ў вялікіх гарадах, дзе на культуру ёсць грошы. Між тым, і райцэнтры, і мястэчкі, і нават вёскі, якім пашчасціла стаць малымі радзімамі выдатных творцаў, маглі б мець з гэтага і ўласны гонар, і брэнд, і прыбытак. Калі, зразумела, правільна ўзяцца за справу. Як слушна казаў класік, палёт пачынаецца не з моманту, калі распраўляюцца крылы, а — з думкі пра палёт…

Мікола Селяшчук не быў уганараваны званнем заслужанага ці народнага, але ён — лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі. Да таго ж ён адным з першых сярод беларускіх творцаў пратаптаў дарогу на Захад, прабіўся са сваімі карцінамі на прэстыжныя аўкцыёны. Як вы думаеце, цікава было б фанатам беларускага авангарда, гісторыкам мастацтва ды і проста турыстам паглядзець на драўляны дом у вёсцы Вялікарыта, што на Маларытчыне, дзе нарадзіўся «першы еўрапеец у новым беларускім мастацтве»? Асабіста я з задавальненнем пабачыў бы вясковыя палеткі, з якіх паднялася зорка беларускага авангарда. Калі парупіцца, дык для экспазіцыі ў хаце Селешчука знойдуцца і асабістыя рэчы мастака, і ягоныя творы. Урэшце, тэму гэтую «К» узнімала некалькі разоў, але пэўная зацікаўленасць мясцовых улад упіралася ў нястачу грошай…

Нядаўна ад нас пайшоў выдатны мастак Сяргей Цімохаў. Нарадзіўся ён у вёсцы Кротава, што на Гомельшчыне, доўгі час працаваў у Полацку. І яго родная вёска, і славуты горад, да гісторыі якога Сяргей спрычыніўся, маглі б стварыць галерэю. Чым не брэнд для мясцовасці?

Уладзімір Савіч — адзін з самых вядомых, аўтарытэтных і адначасова самых непрадказальных мастакоў Беларусі. Гэта засведчыла нядаўняя юбілейная выстаўка ў Нацыянальным мастацкім музеі. Савіч родам з Лагойшчыны. Як вядома, гэтыя мясціны неафіцыйна называюць беларускай Швейцарыяй, а сам Лагойск — беларускім Давосам. Між тым падобным ганаровым вызначэнням бракуе культурнага напаўнення. Мне падаецца, раённыя ўлады маглі б паразумецца са сваім славутым земляком наконт стварэння ў горадзе ягонай галерэі. Зноў жа, гораду — брэнд, жыхарам жа будзе што гасцям паказаць.

Я згадаў некалькі перспектыўных пунктаў, дзе можна хоць зараз распачаць «раскрутку» мясцовых брэндаў, планаваць стварэнне імянных мастацкіх галерэй, якія ў перспектыве могуць стаць шматфункцыянальнымі культурнымі цэнтрамі. А колькі такіх пунктаў на карце Беларусі! Калі ўважліва паглядзець…

Мне могуць запярэчыць: маўляў, у згаданых гарадоў і вёсак хапае праблем і без таго, каб дадаткова браць на плечы амбіцыйныя культурныя праекты. Аднак культура стварае імідж, а імідж прыцягвае грошы. Прасцей кажучы, для інвестара заўжды будзе больш прывабнай тая мясціна, дзе ёсць музей, карцінная галерэя, чым тая, дзе ўся «культура» завіхаецца вакол мясцовай крамы. Гэта не стратэгія, гэта — псіхалогія.

І яшчэ. Сітуацыю, калі цэлы рэгіён грэецца ў святле нейкага фэсту, які ладзіцца ў абласным цэнтры, калі жыхары вёсак і мястэчак выпраўляюцца «па культуру» ў той жа цэнтр, за дзясяткі кіламетраў, нельга лічыць нармальнай. Значыць, само жыццё прымушае ствараць паўнавартасныя культурныя асяродкі там, дзе жывеш. Каб кожны населены пункт меў чым ганарыцца…

Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
https://www.traditionrolex.com/8