https://www.traditionrolex.com/8
<p>Ян-Хенрык Вібэ — 24-гадовы студэнт паліталогіі ўніверсітэта Фрыдрыха Шылера ў Ене, што на ўсходзе Германіі, упершыню трапіў у Беларусь у верасні гэтага года. Сюды ён прыехаў, каб вывучаць рускую мову і паліталогію на факультэце міжнародных адносін БДУ. Адразу пасля прыезду ў Мінск Ян-Хенрык пачаў пісаць дзённік, выбранымі месцамі з якога вырашыў падзяліцца і з беларускімі чытачамі</p>

Ян-Хенрык Вібэ — 24-гадовы студэнт паліталогіі ўніверсітэта Фрыдрыха Шылера ў Ене, што на ўсходзе Германіі, упершыню трапіў у Беларусь у верасні гэтага года. Сюды ён прыехаў, каб вывучаць рускую мову і паліталогію на факультэце міжнародных адносін БДУ. Адразу пасля прыезду ў Мінск Ян-Хенрык пачаў пісаць дзённік, выбранымі месцамі з якога вырашыў падзяліцца і з беларускімі чытачамі.

Generation.by публікуе першы допіс, у якім Ян-Хенрык расказвае пра свае ўражанні ад вандроўкі ў Беларусь, сустрэчы з беларускімі памежнікамі і людзьмі, з якімі ён не наважыўся дзяліцца ўласнымі палітычнымі поглядамі.

На шляху ў «апошнюю дыктатуру»

Шаснаццаць гадзін і дваццаць дзве хвіліны доўжылася мая паездка ў Мінск. Пачалася яна на галоўным вакзале Берліна. Паколькі апошнія тыдні і месяцы я мусіў вельмі шмат рыхтавацца да іспытаў, я не мог як след настроіцца на 10-месячныя прыгоды. І толькі цяпер, калі цягнік пачынае свой рух, я разумею, што еду ў Мінск. Горад, пра які ў Еўропе амаль ніхто не ведае, а Беларусь вядомая выключна пад ярлыком «апошняй дыктатуры Еўропы». У маёй універсітэцкай працы па прадмеце «паліталогія» на семінары па тэме «Знешнепалітычны аналіз» я шмат займаўся знешняй палітыкай Беларусі. Але знаходзіцца тут, на месцы, –зусім іншае.

Цягнік рушыў. Я пакідаю шмат чаго ў Германіі: сваіх сяброў і сябровак ва ўніверсітэце Ены, сям’ю на радзіме ў Люнебургу і сваю дзяўчыну на пероне. Мяне перапаўняе мешаніна пачуццяў з суму і прадчування радасці, што суправаджае ўсю вандроўку. Два разы мне давялося перасаджвацца. Апошняя перасадка — ў Мінску-Мазавецкім.

Я заходжу ў вагон, і правадніца паказвае маё купэ. У ім ужо знаходзяцца два мужчыны ўзростам каля 50 гадоў і адзін крыху маладзейшы, які, як хутка высветліцца, ведае не толькі рускую і польскую. Я размаўляю з ім пераважна на французскай альбо, калі не ведаю слова, пераходжу на англійскую ці рускую. Згодна з яго выказваннем, ён працуе на польскім радыё і нарадзіўся ў Беларусі. Сваіх поглядаў наконт беларускага прэзідэнта ён не хавае, аднак тым не менш прэзідэнта ён называе «mr. L.».

«Ніколі не ведаеш, ці расказваюць правадніцы нешта памежнікам», — кажа ён, прыкрываючы рот далонню.

На ўсялякі выпадак я стрымліваю свае палітычныя перакананні. Хто яго ведае? У мяне з’яўляецца такое адчуванне, быццам я еду ў краіну, дзе калі ты скажаш нешта кепскае пра палітыкаў, то апынешся пад самымі моцнымі рэпрэсіямі, якія могуць толькі існаваць. Ягоная асцярога бянтэжыць мяне. «Што гэта за краіна такая, дзе размовы пра палітыку можна весці толькі шэптам?» — пытаю я самога сябе. Мужчына распавядае пра людзей, якія пакінулі краіну, бо мелі праблемы з палітыкай.

«Чаму ты едзеш сюды?» — пытаецца ён ў мяне, як і шмат людзей пасля.

Гэтая краіна, як я зразумеў з яго апісання, не падобная да месца, дзе людзі ахвотна жывуць. Паколькі дагэтуль я наогул не быў знаёмы з Беларуссю, я расказваю пра сваю зацікаўленасць вывучаць рускую мову ва ўніверсітэце (гэта мая першая і асноўная прычына, чаму я ўвогуле еду ў Мінск) і пра тое, што хачу болей даведацца пра палітыку краіны (мая другая прычына).

Мы пад’язджаем да мяжы. Спачатку цягнік спыняецца на польскім баку і польскія памежнікі правяраюць нашыя пашпарты. Потым цягнік спыняецца другі раз, і заходзяць беларускія памежнікі са сваімі велізарнымі шапкамі. Мы зноўку даем свае пашпарты. Свой я атрымліваю назад першым з купэ з лёгкай усмешкай на твары жанчыны. Усё ж такі адукацыя ў нямецкіх установах прынесла нешта добрае, думаю я.

Сустрэча з містэрам «L.»

Наступнай раніцай я прачынаюся незадоўга да таго, як мы прыбываем у Мінск. На пероне мяне ўжо чакала сяброўка, з якой я пазнаёміўся ў Ене. Спачатку мы памянялі грошы і купілі праязны на аўтобус, трамвай і метро прыблізна за 13 еўра. На Прывакзальнай плошчы мне адразу кідаецца ў вочы безліч міліцыянераў, і я пытаюся ў маёй знаёмай, чаму іх так шмат.

«Сёння прэзідэнт адкрывае новы корпус факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. То бок будынак твайго факультэта», — адказвае яна. На жаль, нам трэба было ісці далей, і самога прэзідэнта я так і не пабачыў. 

Мы прыходзім у інтэрнат, дзе я мушу жыць наступныя дзесяць месяцаў. Але як толькі мы заходзім у сярэдзіну, прыходзіць вялікае расчараванне. Ніхто не ведае пра мяне, ніякага пакою для мяне не забраніравана. Вахцёркі пачынаюць безліч разоў камусьці тэлефанаваць. Мяне запэўніваюць, што трэба ісці ў іншы інтэрнат недалёка адсюль — там мяне чакаюць. У другім інтэрнаце нас заводзяць у прыёмную, дзе мы мусім чакаць. На сцяне вісіць фота прэзідэнта Лукашэнкі. Я адразу ўяўляю сабе, як у пакоях адміністрацыі нашых інтэрнатаў вісіць здымак нямецкага прэзідэнта Гаўка. Даволі смешнае атрымалася ўяўленне.

1

На наша здзіўленне, мяне тут таксама не чакаюць. Вялікае непаразуменне. Пасля яшчэ двух званкоў вахцёрка ўсё ж такі кажа, што я мушу пераначаваць дзве ночы тут, а потым перасяліцца ў свой інтэрнат.

У беларускім студэнцкім інтэрнаце 

Я атрымаў пакой на другім паверсе. Прыбіральні агульныя на ўвесь калідор, а душавыя знаходзяцца ў склепе. Тым не менш першыя два дні я жыву адзін у пакоі. У Германіі кожны студэнт мае асобны пакой, а прыбіральню і душ дзеляць не болей за чатыры чалавекі. Вялікая раскоша, якую толькі цяпер пачынаеш цаніць, калі ў цябе яе няма. 

У гэты ж дзень я знаёмлюся з групай аўстрыйцаў, што жывуць непадалёк. Разам мы ідзём есці ў рэстарацыю на праспекце. Раптам я заўважаю, што на вуліцы болей не ездзіць транспарт там, дзе звычайна ён мусіць ездзіць. Потым пасярод вуліцы праязджае міліцэйская машына, за ёй яшчэ адна, а за ёй некалькі чорных і, галоўнае, дарагіх лімузінаў. «Гэта быў прэзідэнт, для якога заўжды спыняюць рух», — тлумачаць мне аўстрыйцы.

Фота Юля Fox

https://www.traditionrolex.com/8