<p>Не шкадую, што прыехала ў Беларусь. Мне тут падабаецца, але мне тут крыху сумна, бо пакуль што ў мяне няшмат знаёмых і з мовай праблемы. І яшчэ мне хочацца тут больш працаваць, больш набірацца вопыту. Германія аплочвае ўсе гэтая праекты, і я лічу, што калі мне даюць такую магчымасць, то трэба скарыстаць яе напоўніцу</p>

У Магілёве ўжо больш за месяц жыве і працуе ў фондзе «Блакітныя берагі» нямецкая валанцёрка Марлена Хельш. Яна паходзіць з маленькага нямецкага гарадка Клаусталь-Целлерфельд, які знаходзіцца ў Ніжняй Саксоніі. 

Яе дзейнасць сканцэнтравана на працы з дзецьмі і моладдзю, што маюць абмежаваныя магчымасці (ці як іх дагэтуль называюць у Беларусі – з інвалідамі). Яе беларускі калега, валанцёр Зміцер Ярмоленка, задаў ёй некалькі пытанняў, паведамляе «Свабодны фармат».

– Марлена, чаму ты вырашыла паехаць менавіта ў Беларусь?

– Я захацела вывучыць рускую мову, і мне цікава працаваць з дзецьмі, таму я выбрала гэты праект. Спачатку я хацела паехаць у Расію, але трапіць туды ў мяне не атрымалася, і я вырашыла, згодна з праектам, паехаць на 9 месяцаў у Беларусь.

– Праз якую праграму ці арганізацыю ты сюды прыехала?

– Я прыехала праз праграму DRA (Deutsch-Russischer  Austausch) (нямецка-рускі абмен). DRA – гэта нямецкая арганізацыя, якая працуе толькі з Расіяй, Украінай і Беларуссю.

– Адкуль нямецкая моладзь ведае пра DRA?

– Усё праз інтэрнэт. Калі я вырашыла, што буду вывучаць рускую мову, знайшла гэтую праграму ў інтэрнэце і падала сваю заяўку на валанцёрства.

– Ці шмат у Германіі такіх праграм?

– Праграм вельмі шмат, я нават не ведаю колькі. Магу назваць толькі некалькі асноўных: ijgd працуе са ўсім светам, гэта міжнародны абмен. Ёсць EVS, якая працуе толькі з Еўропай. Таксама шмат маленькіх праграм, якія працуюць у вузкім напрамку, напрыклад DRA.

– Якая сітуацыя у вас зараз з валанцёрствам? Ці ёсць папулярныя маршруты ў нямецкай моладзі?

– Я не ведаю дакладна, магу распавесці пра сябе. Я скончыла школу ў гэтым годзе і вырашыла паехаць валанцёрам, каб паспрабаваць сябе ў розных напрамках і потым дакладна выбраць, чым буду займацца пасля. У школе ў маім патоку было 3 класы, гэта 50 чалавек, 5 з іх, у тым ліку і я, вырашылі пасля школы адразу паехаць валанцёрамі ў розныя краіны. Я паехала ў Беларусь, нехта ў Афрыку, Паўднёвую Амерыку, Англію.

1

Самыя папулярныя зараз напрамкі – гэта Афрыка і Індыя. У Афрыцы шмат валанцёраў працуе ў Кеніі, ПАР, Малаві, Намібіі і на Мадагаскары. Таксама шмат едуць у Паўднёвую Амерыку.

– Ты была ўжо ў якой-небудзь краіне па-за межамі Германіі, ці Беларусь твой першы досвед?

– Дагэтуль я была шэсць месяцаў у Аўстраліі па школьным абмене, жыла там у сям’і і хадзіла ў школу. Я была ў маленькім гарадку Laura і ездзіла ў школу ў горад Gladstone, дарога займала каля 30 хвілін на аўтобусе.

– Якія ў цябе першыя ўражанні ад Беларусі? Што табе спадабалася, што здзівіла?

– У Беларусі жыццё падобна на жыццё астатніх еўрапейскіх краін, нічога вельмі асаблівага я тут не заўважыла, але адразу кідаецца ў вочы вялікі кантраст. Напрыклад, тут шмат вельмі дарагіх аўто, «Мерсэдэсаў» S-класа, BMW і таксама вельмі шмат старых нямецкіх аўто, якіх у Германіі ўжо даўно няма, пры гэтым вельмі танна каштуе грамадскі транспарт. Паміж новых дарагіх дамоў у прыватным сектары могуць стаяць старыя драўляныя дамы. Таксама вельмі дрэнныя дарогі ў гарадах. Вельмі дарагое адзенне, гэта нават дзіўна.

Самі беларусы вельмі адкрытыя, калі прыходзіш у госці, заўсёды хочуць накарміць, нават калі адмаўляешся. Яшчэ ў Беларусі вельмі дрэнна размаўляюць на замежных мовах, гэта для мяне асноўная цяжкасць, бо мая руская мова пакуль што не вельмі добрая.

– Ці шкадуеш, што прыехала ў Беларусь?

– Не, не шкадую, мне тут падабаецца, але мне тут крыху сумна, бо пакуль што ў мяне няшмат знаёмых і з мовай праблемы. І яшчэ мне хочацца тут больш працаваць, больш набірацца вопыту. Германія аплочвае ўсе гэтая праекты, і я лічу, што калі мне даюць такую магчымасць, то трэба скарыстаць яе напоўніцу.

– Што ты плануеш рабіць пасля валанцёрства ў Беларусі?

– Пасля валанцёрства я буду паступаць ва ўніверсітэт дома, у Германіі. Хутчэй за ўсе пайду вучыцца на настаўніка, таму што гэта мне падабаецца найбольш.