https://www.traditionrolex.com/8
<p>Чарговая «Арт-сядзіба» размясцілася ў былым будынку пасольства Румыніі амаль у самым цэнтры Мінска. Гэта ўжо трэцяе памяшканне знакамітай культурнай пляцоўкі. Папярэдніх двух «Арт-сядзіба» пазбавілася з-за дагэтуль не зразумелых прычын. Аднак каманда, якая мяркуе паўтарыць поспех першай сядзібы, настроена пазітыўна</p>

Чарговая «Арт-сядзіба» размясцілася ў былым будынку пасольства Румыніі амаль у самым цэнтры Мінска. Гэта ўжо трэцяе памяшканне знакамітай культурнай пляцоўкі.

Папярэдніх двух «Арт-сядзіба» пазбавілася з-за дагэтуль не зразумелых прычын. Аднак каманда, якая мяркуе паўтарыць поспех першай сядзібы, настроена пазітыўна.

«Добра, што ўвесь гэты хлам не паспелі перавезці», — Павел Белавус у чорнай куртцы з пашарпаным крэслам у адной руцэ і штатывам у другой дзеліцца ўражаннямі пра некалькі дзён працы папярэдняй «Арт-сядзібы». Тады культурная пляцоўка не паспела правесці ніводнага мерапрыемства, пасля таго як публікацыя аб яе адкрыцці на новым месцы з’явілася на Generation.by. За дзень да канцэрта Лявона Вольскага, што мусіў афіцыйна адкрыць пляцоўку недалёка ад станцыі метро «Пушкінская», арт-сядзібаўцы пабачылі пломбы на дзвярах памяшкання.

1

2

Цяпер тая ж самая каманда, што і два месяцы таму натхнёна рыхтавала да адкрыцця «Арт-сядзібу-2», не менш энергічна выгружае з фургона небагатую маёмасць культурных менеджэраў: у цемры вока чапляецца за некалькі крэслаў, камп'ютарны стол ды матрац.

3

«Мы ж сапраўдныя беларусы: калі робім справу, то робім яе да канца, — кажа Павел Белавус пра трэцюю спробу адкрыць «Арт-сядзібу».

4

Яшчэ некалькі год таму сам Павел, які нават не ўяўляў, што стане знакамітым як адзін са стваральнікаў «Арт-сядзібы», прыходзіў у гэты двухпавярховы будынак дзіцячага садка з дакументамі на румынскую візу. Цяпер пра дыпламатычную ўстанову нагадвае хіба што будка міліцыянера на ўваходзе ды іржавы флагшток, на якім даўно ўжо няма ніякага сцягу. 75 квадратных метраў з аднаго вялікага і некалькіх прахадных пакояў у 10 хвілінах ад станцыі метро «Фрунзенская» і праспекта Пераможцаў — неблагое месца для ўстановы, падобнай для «Арт-сядзібы».

«Здаецца, выдатнае памяшканне для розных імпрэз, літаратурных сустрэч, прэзентацый, курсаў. Мы яшчэ ўладкуем яго, дадамо нейкай нефармальнасці. Спадзяемся, што яно будзе не менш папулярным, чым пляцоўка на заводзе «Гарызонт», — раптам Павел Белавус усхопліваецца і падбягае да адной з сценак буйнейшага з трох памяшканняў новай «Арт-сядзібы».

«А тут можна ж кіно паказваць!» — ён у думках вымярае неабходную для праектара плошчу і адлегласць ад сцяны, на якую яго трэба ставіць.

У адносна невялікім пакойчыку завода «Гарызонт» за 8 месяцаў працы «Арт-сядзіба» паспела правесці дзясяткі сустрэч з вядомымі музыкамі, мовазнаўцамі, гісторыкамі. У ліпені 2012 года беларускамоўная прастора пазбавілася магчымасці арэндаваць памяшканне, як мяркуюць яе стваральнікі, у сувязі з тым, што права на выступленне ў «Арт-сядзібе» мог атрымаць кожны.

Аднак і на трэцяй спробе ўпарты Белавус не збіраецца змяняць задачы пляцоўкі: «Прасоўваць сучасную беларускую незалежную культуру. Праўда, з улікам абставін, у якіх мы жывём».

«Я хачу падкрэсліць: мы цалкам непалітычны праект. Мы грамадска-культурная пляцоўка. Наша мэта: павышаць узровень культуры і маладзёжнай актыўнасці», — кажа Павел.

Праз дзень пасля заключэння дамовы на арэнду памяшкання да Паўла ўжо пачалі звяртацца творцы, што жадаюць арганізаваць нейкую падзею ў «Арт-сядзібе». Нехта хоча правесці літаратурную сустрэчу, нехта –прэзентацыю, а хтосьці гатовы арганізаваць моўныя курсы.

Зрэшты, арт-сядзібаўцы пакуль не вызначыліся з тым, якім мерапрыемствам адкрыюць культурную пляцоўку:

«24 снежня «Арт-сядзібе» споўніцца год. У мінулым годзе мы адкрываліся канцэртам Паліны Рэспублікі. Спадзяемся, і ў гэтым годзе якое мерапрыемства на гадавіну зладзім», — кажа Павел. Акрамя гэтага, хлопцы збіраюцца зладзіць «арт-сядзібны» марафон у Чырвоным касцёле, на якім выканаўцы заспяваюць па-беларуску на Каляды.

«Пра першыя вечарыны інфармацыя з’явіцца на наступным тыдні. Галоўнае зараз – заехаць і надаць гэтаму памяшканню патрэбны выгляд».

Арт-сядзіба версія № 3

5

6

7

8

9

Фота: Юра Сідун

https://www.traditionrolex.com/8