https://www.traditionrolex.com/8
<p>Цэнтр Мажэйкаўскага сельсавета – адзін з самых прыгожых сучасных аграгарадкоў Лідчыны… Менавіта тут задумана рэалізаваць праект, які абяцае стаць адным з найцікавейшых на тэрыторыі Беларусі, – аграсядзібу са старадаўняй кузняй-музеем</p>

Цэнтр Мажэйкаўскага сельсавета – адзін з самых прыгожых сучасных аграгарадкоў Лідчыны… Менавіта тут задумана рэалізаваць праект, які абяцае стаць адным з найцікавейшых на тэрыторыі Беларусі, – аграсядзібу са старадаўняй кузняй-музеем. Зараз праект у стадыі распрацоўкі, з яго аўтарамі – супрацоўніцай аддзела культуры, студэнткай Гродзенскага дзяржуніверсітэта імя Янкі Купалы па спецыяльнасці «менеджмент турыстычнай індустрыі» Наталляй Шчаўканогавай, і настаўнікам працоўнага навучання Мажэйкаўскай школы Мікалаем Філіповічам – гутарыў карэспандэнт «Лідскай газеты».

Вынік працы творчага тандэма стаў адважным рашэннем, хаця і зусім невыпадковым… Вось што расказвае Мікалай Філіповіч: «Калісьці мой дзед Іван Філіповіч быў кавалём (яго хатка стаяла крыху наводшыбе – кавалёў жа ў вёсцы не сялілі), бацька, Усевалад Філіповіч, 40 гадоў працаваў кавалём. Усё гэта – не такое ўжо і далёкае мінулае, таму мяне не пакідала думка: зрабіць так, каб гэтае рамяство мела ў нашым краі працяг».

Наталля мае вопыт работы ў сферы культуры і не па чутках ведае, якую каштоўнасць сёння мае гістарычны пласт нацыянальнай культуры. Яна непасрэдна ўдзельнічае ў многіх святах і абрадах і сама хацела б заняцца правядзеннем вяселляў у нацыянальным стылі. «У рамках праекта «Камунікацыі без межаў» мне давялося быць у Польшчы, – дзеліцца лідчанка, – дзе я пазнаёмілася з працай турыстычных служб і аграсядзіб і ўбачыла, што кавальская справа мае вялікую папулярнасць, а вырабы – попыт. А мы, беларусы, маем такія багатыя традыцыі кавальскага рамяства – нам не трэба нічога шукаць, вось яно – ляжыць на паверхні…»

Так нараджаўся ўнікальны праект двух зацікаўленых людзей. Будучая старадаўняя кузня-музей у Мажэйкаве існуе пакуль што на ўзроўні ідэі. Але аўтары актыўна прыкладаюць намаганні да яе ўвасаблення ў жыццё. Прычым робяць гэта з натхненнем – як кажуць, да справы душа ляжыць. Мікалай, напрыклад, ужо нагледзеў у адной з вёсак закінутую старую кузню. Каштоўнасць будынка ў тым, што ён захаваўся ў сваім першародным выглядзе. Застаецца толькі яго акуратна перавезці. «Аднойчы на вочы патрапіў вялізны камень-валун, – расказвае Мікалай Філіповіч. – На ім я самаручна высеку – «Кавалёвая лаза». Гэта і будзе назва кузні-музея».

А яшчэ Мікалай вядзе пошукі старадаўніх прадметаў побыту і прылад працы, асабліва кавальскай атрыбутыкі. Праз «Лідскую газету» ён звяртаецца да ўсіх лідчан, хто гатовы з ім падзяліцца старыной (для зацікаўленых: хто хоча чымсьці падзяліцца з Мікалаем і Наталляй або непасрэдна ўдзельнічаць у будучым праекце, тэлефоны можна даведацца ў рэдакцыі).

Наталля бярэцца за ідэйнае напаўненне будучай сядзібы. У планах – запрасіць кавалёў, якія змаглі б даваць майстар-класы. А яшчэ ў новай сядзібе Наталля мяркуе праводзіць аўтэнтычныя вяселлі ў беларускім нацыянальным стылі.

«Хочацца зрабіць так, як усё гэта было калісьці», – сыходзяцца ў думцы аўтары праекта.

– Памятаю, калісьці маці ткала на кроснах і нас, дзяцей, вучыла, – гаворыць Мікалай. – Я і сёння ўмею ткаць... А ўвогуле лічу, што чалавек павінен усё жыццё вучыцца, няхай сабе – і добра забытаму старому. Я працую ў школе і бачу, што ў многіх хлопцаў рукі залатыя. Хочацца гэтых хлопцаў зацікавіць, каб не раз’язджаліся яны потым па замежжы, не ішлі ў дальнабойшчыкі, а прыкладалі сваю працу на роднай зямлі.

Спрыяе развіццю справы Наталлі і Мікалая і прывабнае месца – жывапісны край са сваёй гістарычнай разынкай і адначасова – сучасны аграгарадок Мажэйкава з уласнай вытворчасцю. А яшчэ тут ёсць цудоўны мастацкі калектыў – ансамбль «Каханачка». У яго ўваходзяць людзі, якія не проста спяваюць народныя песні, але і маюць вялікую любоў да ўсяго нашага, роднага, нават – да прылад працы, адкрыўшы іх музычнае гучанне.

– Я працую ў Цэнтры рамёстваў і традыцыйнай культуры «Спадчына» і бачу, якую цікавасць турыстаў выклікае наша самабытная культура, – гаворыць Наталля. – Адна справа – паказаць усё гэта ў сценах адміністрацыйнага будынка, другая – у вясковым асяроддзі».

…Калі справа пойдзе гладка, то, магчыма, ужо наступным летам у «Кавалёвай лазе» пачуецца першы ўдар молата, загучаць народныя песні, ажывуць непаўторныя танцы, абрады. А гэта трэба і турыстам, і ўсім нам.

Вольга ЯХАНТАВА

https://www.traditionrolex.com/8