https://www.traditionrolex.com/8
<p>Чым беларуская медыцына прываблівае замежнікаў</p>

– Афіцыйная статыстыка паказвае, што з кожным годам паток медыцынскіх турыстаў у Беларусь расце. У 2008 годзе было 60 тысяч, у 2009-м  70 тысяч, у 2010-м  100 тысяч, а ў 2011 годзе ў нас палячылася 115 тысяч замежнікаў, — распавядае «Еўрарадыё» Міхаіл Нядзвецкі, кіраўнік даследавання пра экспарт беларускіх медыцынскіх паслуг.

Паводле яго назіранняў, каля 70–75% прыезджых — гэта расіяне. А прыцягваць турыстаў з Заходняй Еўропы перашкаджае, напрыклад, візавы бар’ер.

– Рэкамендуем дзяржаўным суб’ектам увесці медыцынскія візы, дэманапалізаваць рынак страхавых паслуг для замежнікаў, бо сёння гэтым займаецца толькі «Белдзяржстрах». А галоўная рэкамендацыя адыход ад планавай эканомікі, — Міхаіл Нядзвецкі пералічвае крокі, якія могуць пашырыць экспарт беларускіх медыцынскіх паслуг.

«Еўрарадыё» запыталася ў маркетолагаў, ці можна выкарыстаць тэму таннай і якаснай медыцыны пры стварэнні вобразу краіны за мяжой.

– Я б не сказала, што мы зоймемся тэмай медыцынскага турызму. Але калі мы будзем працаваць над брэндам Беларусі, мы зноў прааналізуем, і цалкам магчыма, што гэта будзе адным з кірункаў, які трэба будзе развіваць. Але не нашымі сіламі, а і з падтрымкай дзяржавы, зразумела, — кажа Наташа Гранд, якая зараз займаецца брэндам Мінска. Тры гады таму яна казала пра тое, што Беларусь можа прыцягнуць еўрапейцаў менавіта медыцынскім турызмам.

– Калі ёсць рэальна ўнікальная паслуга, у прыватнасці такая, яе, безумоўна, можна рэкламаваць. Бо ў прынцыпе ў нас не самая горшая медыцынская адукацыя. Вырастаюць вельмі нядрэнныя спецыялісты, — кажа рэкламшчыца Юлія Ляшкевіч.

Таксама ўзнікае пытанне, якімі менавіта паслугамі беларускія ўрачы могуць зацікавіць замежнікаў. Усе суразмоўцы «Еўрарадыё» хваляць беларускую стаматалогію. Тэлефануем у адну са стаматалагічных паліклінік памежнага Гродна, каб даведацца, што думаюць пра іх паслугі замежнікі.

Стаматалагічная паліклініка Гродна: «Да нас едуць лячыцца расіяне. А ў сувязі з візавым рэжымам і ўездам раз на 8 дзён грамадзяне Польшчы практычна не заўважаныя ў нашай паліклініцы. Хто да нас яшчэ можа прыехаць? Літоўцы едуць у Ашмяны, напрыклад, я размаўляла з прыватнымі стаматолагамі.

У адну з віцебскіх стаматалагічных паліклінік за 10 месяцаў бягучага года звярнулася на 280%  больш замежных пацыентаў, чым летась. Гэта амаль у 4 разы больш!

Стаматалагічная паліклініка Віцебска: «Прыбалтыка таксама ёсць, але асноўная маса расіяне. Едуць з вялікіх цэнтраў: Санкт-Пецярбург, Масква. Цікавіць імплантацыя, лячэнне. Ёсць і пратэзаванне, якое, праўда, не вельмі зручнае, бо патрабуе некалькіх наведванняў. Некалькі соцень чалавек ёсць. Па вобласці будзе большы аб’ём».

Што яшчэ могуць прапанаваць беларускія бальніцы? Карэкцыю зроку, кардыёхірургію, эндапратэзаванне каленнага і тазасцегнавага суставаў – вынікае з даследавання «Імпарт лепшых замежных практык у сферы медыцынскага турызму: вопыт Германіі, Ізраіля і Літвы для Беларусі», якім кіраваў Міхаіл Нядзвецкі. Альбо аперацыі на шчытападобнай залозе ці па змене полу, якія ў нас робяць нядорага і якасна, кажа Юля Ляшкевіч.

Зміцер Кустоўскі

https://www.traditionrolex.com/8