https://www.traditionrolex.com/8
<p>Ганчарны кругаварот Уладзіміра Сінкевіча</p>

У Сенненскім гісторыка-краязнаўчым музеі адкрылася выстава вядомага кераміста, ганчара з г. п. Багушэўск, народнага майстра Беларусі Уладзіміра Сінкевіча, паведамляе «Голас Сенненшчыны».

Яго работы вылучаюцца аўтэнтычнасцю і не падуладныя часу. Ад іх вее старажытнасцю, быццам і сапраўды ў XXI стагод­дзе прыйшлі яны  з таемнага Сярэднявечча, а то і з часоў неаліту, калі нашыя продкі ўпершыню абпалілі ў вогні­шчы кавалак гліны, ператварыўшы яго ў падабенства посуду. Так на свет з’явілася кераміка. Хочаш застацца ў памяці — упісвай сляды ў вечную гліну. Нягледзячы на крохкасць матэрыялу, менавіта па гліняных аскепках навукоўцы ад археалогіі адраджаюць мінулае чалавецтва. Яшчэ ў канцы сямідзясятых мінулага стагоддзя паблізу вёскі Галоўск знойдзены і даследаваны адразу тры стаянкі каменнага і бронзавага вякоў пад агульнай назвай Крывіна, дзе большасць знаходак (звыш 2000) належала вырабам з керамікі.

Адносна нядаўна на Сенненшчыне працавалі керамічны і цагляны заводы. З мясцовай цэглы ўзведзены будынак былой земскай управы — сучаснага раённага гісторыка-краязнаўчага музея. Зямля наша родзіць і людзей, якія хінуцца да гліны.

1

Сваё паразуменне з глінай Уладзімір Сінкевіч шукаў не адзін год. Асвойваў ганчарную справу на Барысаўскім камбінаце прыкладнога мастацтва. Працягваў удасканальвацца ў піцерскіх майстэрнях вядомых рускіх керамістаў. Ён удзельнік шматлікіх міжнародных фэстаў, у тым ліку фестываляў народных промыслаў Расіі «Жар-птушка» і «Ладдзя», «БелЭкспа». Яго работы бачылі залы сусветна вядомага Рускага музея. Ганчара Сінкевіча можна сустрэць там, дзе свае «кварталы» разгортваюць «Гарады майстроў». Вось ужо 17 гадоў Уладзімір Аляксандравіч выстаўляецца на кірмашы народных рамёстваў у рамках «Славянскага базару ў Віцебску».

2

Майстар Сінкевіч працаваў у самых розных тэхніках. Праўда, сёння аддае перавагу спрадвечным сакрэтам. Задымленне, малочны абпал — найстаражытнейшыя спосабы апрацоўкі гліны. У першым выпадку, дзякуючы дыму, выраб становіцца матава чорным. А вось малако, якім перад абпалам пакрывалі кераміку, надавала ёй воданепранікальнасць і бліскучасць глазуры. Больш таго, у адрозненні ад апошняй прадукт жывёлагадоўлі не змя­шчае ў сабе аксідаў металаў, а таму цалкам бяспечны для чалавека.

3

«Гліна грошай не мінае» — казалі некалі  беларусы ў дачыненні да знаўцаў керамічнай справы. Калі табе падуладны ганчарны круг, у кішэні заўсёды капейчына будзе. Шкло, метал, не кажучы пра сталовае срэбра, для большасці было прадметамі раскошы. Ва ўжытку ўладарыў гліняны посуд. А мы сёння ў побыце карыстаемся пераважна пластмасай ды іншай «хіміяй». Невыпадкова, наведвальнікі прэзентацыі выставы далёка не з першага разу здагадваліся пра прызначэнне таго ці іншага посуду. Напрыклад, больш падобны на бублік з «носікам» — кваснік выкарыстоўваўся для асту­джэння напояў. Ці адмысловыя па форме бідончыкі, у якіх насілі газу. Глякі, спарышы, даёнкі, глечыкі, збаны — у руках майстра гэтыя «перажыткі даўніны» становяцца творамі мастацтва. Як, дарэчы, і шматлікія вазачкі, падсвечнікі, мініяцюры, якім таксама знайшлося месца на выставе. Кожная мудрагелістая дэталь вылеплена ўручную на ганчарным крузе.

5

«Бясконцая колькасць абліччаў з цябе вынікае», — пісаў пра гліну беларускі паэт Алесь Разанаў. Здаецца, няма такой рэчы, якую б нельга было ўвасобіць у гэтым падатлівым матэ­рыяле. «Нават лямпачку Ілліча і, паверце, яна будзе гарэць!» — сцвярджае Уладзімір Сінкевіч. Падчас майстар-класа з-пад яго пальцаў на электрычным ганчарным крузе «вырасталі» мініяцюрныя гладышыкі, талеркі, елачка, снегавік — усё, што заказвалі гледачы імправізаванага ганчарнага «шоу». А самыя смелыя паспрабавалі асвоіць азы рамяства. Да ролі настаўніка народнаму майстру Беларусі не прывыкаць. Доўгі час вучыўся сам, а цяпер вучыць працаваць з глінай дзяцей. Яго выхаванцы — незвычайныя людзі, па-медыцынску кажучы, з адхіленнямі псіха-фізічнага развіцця. Толькі для насельнікаў Багушэўскага дома-інтэрната яго гліна патрэбна, бадай, нават больш чым які-небудзь інавацыйны трэнажор. Даказана, карпатлівая праца пальцаў развівае фантазію, мысленне і, калі хочаце, інтэлект, фізічную рухавасць. Ёсць станоўчыя зрухі ў падапечных Уладзіміра Сінкевіча. Некаторыя з іх прысутнічалі на прэзентацыі выставы і аднолькава з «разумнымі» наведвальнікамі ўважліва і цікаўна сачылі за работай ганчара, з такім жа хваляваннем прыціскалі да сэрца свае  ганчарныя пробы. Сапраўднае мастацтва не робіць выбару. І нават пры наяўнасці самага сучаснага посуду, упэўнена, кожны наведвальнік выставы пажадаў бы займець крутабокі гліняны гаршчок з «фірменным» знакам майстра Сінкевіча.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

P. S. Выстава будзе дзейнічаць да 15 снежня.

4

https://www.traditionrolex.com/8