<p>Дзесяты юбілейны Дударскі фэст сёлета праходзіў у музейным комплексе «Дудуткі». 15 мая абвясцілі працоўным днём, што, на жаль, перашкодзіла шматлікім аматарам дуды ў час дабрацца да скансэна. Аднак тыя, хто ўсё ж такі на фэст патрапіў, не пакідалі яго да канца.</p>

Дзесяты юбілейны Дударскі фэст сёлета праходзіў у музейным комплексе «Дудуткі». 15 мая абвясцілі працоўным днём, што, на жаль, перашкодзіла шматлікім аматарам дуды ў час дабрацца да скансэна. Аднак тыя, хто ўсё ж такі на фэст патрапіў, не пакідалі яго да канца. Канцэрты, запланаваныя праграмай, адбываліся ў розных месцах. Першы, камерны, «Адраджэнне аўтэнтычнай традыцыі» прайшоў у памяшканні музея. Цягам трох гадзін вядомыя майстры і музыкі Тодар Кашкурэвіч, Юрась Панкевіч, Зміцер Сасноўскі, Алесь Жура і Яўген Барышнікаў не толькі гралі на дудах, але і распавядалі сваім слухачам гісторыю гэтага інструмента ў кантэксце беларускіх традыцый.

3

Цікавым аказалася спалучэнне дуды і народных спеваў: на канцэрце быў прадстаўлены праект гуртоў «Келіх кола» і «Горынь».

4

За апошні час дударскі рух значна пашырыўся. Калі дваццаць гадоў таму, каб пералічыць дудароў, хапала пальцаў адной рукі, цяпер гэтым інструментам валодае каля пяцідзесяці музыкаў. Асабліва прыемна, што сярод іх вельмі шмат моладзі. Папулярнасць дуды прывяла да думкі, каб зрабіць гэты інструмент нацыянальным сімвалам Беларусі. «Нацыянальны сімвал – рэч вельмі сур’езная, –адзначыў Тодар Кашкурэвіч. – Напрыклад, шатландскіх дудароў падчас вайны ворагі імкнуліся забіць першымі, таму што яны будзілі ваяўнічы дух грамадзян сваёй краіны. Дуда магла б стаць сімвалам і нашай краіны, толькі трэба добра падумаць, як гэта здзейсніць тэхнічна». Тым часам удзельнікі і госці фестываля адпачывалі і рыхтаваліся да «Сярэднявечнага балю». Хтосьці рэпеціраваў.

5

Хтосьці хаваўся ад невялічкага дажджу, які на некаторы час прымусіў турыстаў раскрыць парасоны.

7

А хтосьці проста шпацыраваў па тэрыторыі скансэна, наведваючы майстэрні, сувенірныя крамы, канюшні. І калі большасць наведвальнікаў проста разглядала прыгожых коней розных масцей, то некаторым падчас фэсту ўдалося ўдасканаліць сваё майстэрства:

8

Незадоўга да канцэрта з-за хмар выйшла сонейка. Зноў зрабілася спякотна, і слухачы пацягнуліся да сцэны, дзе для іх гралі гурты «Стары Ольса», «Келіх кола», «Расалія» і іншыя.

10

Прыгожыя дзяўчаты з гурта «Гістрыён»дапамагалі развучваць танцы, і паступова стаяць засталіся лічаныя турысты.

13

Танчылі не толькі дарослыя, але і дзеткі.

15

Атмасфера ў «Дудутках» была вельмі дэмакратычная, а само мерапрыемства нагадвала невялічкі еўрапейскі фестываль. Гедачы сачылі за тым, што адбываецца на сцэне, седзячы на мяккай траве.

17

Тым часам набліжаўся вечар. Запалілі вогнішча…

19

… і на сцэне пачаліся музычныя эксперыменты. У вечаровым канцэрце пад інтрыгуючай назвай «Псіха-фольк» удзельнічалі гурты: «ЛітвінТроль», Testamentum terrae, «Гальярда», «Кашлаты вох». Акрамя таго, дудары імправізавалі з дзі-джэем Паўлам Балцэвічам, і ў «Дудутках» перад шырокай публікай упершыню загучала дуда ў суправаджэнні электроннай музыкі.

20

 22