https://www.traditionrolex.com/8
<p>Беларуская чыгунка пусціла на Варшаву «еўрапейскія» вагоны. У купэ не ўлазіць набыты на зніжках тэлевізар, і каштуе білет даражэй за білет на самалёт<br /><br /></p>

«Беларуская чыгунка» пусціла на Варшаву «еўрапейскія» вагоны, паведамляе Euroradio. У купэ не ўлазіць набыты на зніжках тэлевізар, і каштуе білет даражэй!

«Еўрапейскі камфорт» ад «Беларускай чыгункі» вяртае пасажыраў у часы Грамадзянскай вайны, дзеліцца ўражаннямі ад паездкі мастак і дызайнер Міхал Анемпадыстаў.


Міхал Анемпадыстаў: «Можна размясціцца, толькі пакуль ты сядзіш — калі аднаму чалавеку трэба легчы спаць, то ўся камфортнасць знікае, неабходна раскладаць усе паліцы. Самае прыкольнае — дзверы ў прыбіральню. Яны адчыняюцца ўнутр, і калі адчынена, то выйсці адтуль ужо немажліва — трэба скакаць праз унітаз».

З акна ўсю ноч цягнула, працягвае «экстрэмал» Анемпадыстаў, давялося захінаць коўдрай. За ноч у тамбуры намяло сапраўдныя гурбы снегу: паўсюль шчыліны. І нават дзвярны замок у купэ не працаваў. Усё ад старасці, сцвярджае Міхал — вагоны яшчэ савецкія. І дадае: еўрапейскія стандарты трохмясцовага купэ бываюць розныя.

1  

Чыгуначнікі апраўдваюцца: а што было рабіць, калі пад пагрозай апынуўся сам маршрут на Варшаву?!

«Палякі запатрабавалі, каб да іх перасталі хадзіць звыклыя для былога Савецкага Саюза вагоны, звыклага габарыту, а хадзілі б еўрапейскага. Гэта зроблена, каб захаваць накірунак — паехалі вагонамі, якія ў нас… не так шмат, скажам так», — скардзіцца «Еўрарадыё» начальнік аддзела абслугоўвання пасажыраў у цягніках Андрэй Кашко.

Карацей, зляпілі з таго, што было ў «загашніку». Але даехаць да Варшавы раптоўна стала на 135 тысяч рублёў даражэй — з 610 тысяч рублёў кошт білета вырас да 745! Прадстаўнік Беларускай чыгункі сцвярджае, што нічога ў коштах… не памянялася!

Андрэй Кашко: «Асабліва кошт праязных дакументаў не расце. Ён як быў зафіксаваны неяк у еўра, так і застаўся».

Лічым: 7 снежня Нацбанк даваў за 1 еўра 11 240 рублёў, і па гэтым курсе білет да Варшавы каштаваў 54 еўра, а ўжо 9 снежня па гэтым курсе пацягнуў на 66 еўра! Якім чынам «зафіксаваны кошт» не змяніўся так, што вырас на 12 еўра, Андрэй Кашко не тлумачыць.

3  

Дарэчы, калі ў два бакі білет на варшаўскі цягнік каштуе 132 еўра, то даляцець туды ж па спецпрапанове «Белавія» можна за… 119 еўра. У два бакі!

На нязручнасць «новых» вагонаў, паводле слоў суразмоўцы «Еўрарадыё», за 10 дзён не было ніводнай скаргі ад пасажыраў. А набытыя на зніжках у Варшаве тэлевізары!?

Андрэй Кашко: «Чакайце! А навошта такі вялікі тэлевізар?! Напэўна, на легкавым аўтамабілі таксама не вельмі зручна было везці гэты вялізны тэлевізар, які спрабуюць занесці ў вагон!»

Тым, для каго вандроўкі ў Варшаву сталі задарагімі, Андрэй Кашко раіць ездзіць перакладнымі. Даехаць да Брэста ці Гродна, пераехаць мяжу за 2 еўра цягніком Брэст–Тэрэспаль альбо Гродна—Кузніца, а адтуль — у любым накірунку на ўтульных цягніках унутраных польскіх ліній.

У сваю чаргу «Белавія», прызнаецца намеснік генеральнага дырэктара Ігар Чаргінец, прыглядаецца да паводзін пасажыраў. Калі жадаючых ляцець на Варшаву паболее — будуць дадаваць рэйсы. Гатовыя нават самалёты дадатковыя для гэтага набываць!

Зміцер Лукашук

https://www.traditionrolex.com/8