Па закупы ў Беласток: вольных месцаў няма

19.12.2012 - Новости

Па закупы ў Беласток: вольных месцаў няма

Працы ня маем, а таму пакуль віза ёсьць — трэба ехаць

У гарадзенскіх фірмах да новага году немагчыма набыць білет у мікраўтобусы, якія возяць пасажыраў у Беласток па крамах і на рынак. За суткі ў Польшчу з Горадні ходзяць толькі два цягнікі, якія таксама перапоўнены. Чым гарадзенцаў так вабіць блізкая Беласточчына? Чаму яны ня могуць набыць неабходныя тавары ў сябе на радзіме?

Сытуацыя зь білетамі на маршруткі ў Беласток з Горадні абвастрылася некалькі тыдняў таму. Перад сьвятамі ўсе выбіраюцца па закупы ў Польшчу, паколькі там можна значна таньней набыць тавары, выгадна прадаць іх у Горадні, а таксама купіць для сям’і і блізкіх людзей падарункі, паведамляе Радыё Свабода.

Тэлефаную па першай, што трапіла на вочы, рэкляме шоп-тураў у Польшчу. Вось што мне адказвае апэратар:

«Адразу вам скажу, што на сьнежань няма ніводнага білета на Беласток ні на адзін дзень, аж да Новага года. Вось такі месяць сьнежань — усе хочуць ехаць па закупы на Раство і Новы год. Прычым, мы месцы на сьнежань распрадалі яшчэ ў сярэдзіне лістапада».

Тэлефаную ў іншую фірму, якая займаецца перавозкамі пасажыраў у Польшчу.

Спадарыня: «Справа ў тым, што на ўвесь сьнежань у нас ужо няма месцаў. На жаль, нічога вольнага».

Практычна такі самы адказ я пачуў яшчэ ці не ў пяці фірмах. На аўтавакзале мне патлумачылі, што білет на рэйсавы аўтобус можна набыць, але ня кожны дзень. Каля касы сустракаю спадара, абуранага тым, што не ўдалося купіць білет на сёньня.

Спадар: «Я ўжо сёньня ў трэцяе агенцтва зьвяртаюся, і нідзе няма білетаў — ніяк ня выехаць. Усе адмаўляюць, кажуць пасьля Новага года недзе будзе, калі яшчэ і будзе…».

А вось сустракаю жанчын, што вярнуліся з паездкі ў Польшчу. Чакаюць аўтобус, каб перасесьці і ехаць у Ліду. Спадарыні кажуць, што зрабілі закупы на сьвята. Пераважна для сябе і блізкіх.

Спадарыня: «Ну вось цацкі на елку там можна выбраць больш цікавыя. Боты, наагул абутак для сям’і, бо там добрыя зьніжкі — да 50-70%. Абутак добры, ад вядомых фірмаў і зьніжкі добрыя».

Іншая спадарыня: «А я вось дзьве сукенкі купіла, трое ботаў, сыр камамбер, бо ў нас ён каштуе 36 тысяч, а там на нашы грошы толькі сем тысяч. Купіла арэхаў, бо там таньней, падарункі дзецям і іншае. Там усё таньней і нашмат — рабіць закупы адно задавальненьне. А пра выбар нават і не кажу, бо выбар там значна больш разнастайны».

Спадарыні хоць і задаволеныя, але кажуць, што на мяжы, нават на маршрутцы, якая павінна перасякаць граніцу згодна з раскладам, зараз даводзіцца стаяць у чарзе па некалькі гадзінаў.

А вось яшчэ адпраўляецца адзін аўтобус у шоп-тур. Тут спадарыні кажуць, што едуць не зусім за сьвяточнымі падарункамі для сябе, а прывязуць заказы для іншых людзей, каб потым на гэтым зарабіць. Пра тое, што ім заказалі, казаць ня хочуць.

Спадарыня: «Еду, таму што немагчыма жыць. У мяне вось дачка з другога курса перавялася на завочнае, бо не магу яе ўтрымоўваць».

А вось яшчэ двое мужчынаў таксама сядаюць ехаць у шоп-тур і таксама не па падарункі для сябе, а з пустымі сумкамі.

Спадар: «Ведаеце, не ад добрага жыцьця едзем. Працы ня маем, а таму пакуль віза ёсьць — трэба ехаць. Вось яшчэ да сакавіка віза ёсьць, а потым і ня ведаем…».

Рубрики: Шопинг

Страны: Беларусь


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Новости по теме:

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах