https://www.traditionrolex.com/8
<p>Пяць беларусаў, якія штогод прыязджаюць з Францыі, Канады, Чэхіі, Германіі і Эстоніі дадому, у Беларусь. Чаму?</p>

«Новы год у Еўропе!» — запрашаюць рэкламныя звароты беларускіх турыстаў выбрацца на Захад. Разнастайнасць падсветкі замежных ёлак і ветлівасць тамтэйшых Сантаў прывабліваюць многіх болей за ўсё тыя ж навагоднія салаты ды тэлезвароты ўсё таго ж прэзідэнта.

Але Generation.by адшукала пяць беларусаў, якія штогод прыязджаюць з Францыі, Канады, Чэхіі, Германіі і Эстоніі дадому, у Беларусь у часе Калядаў, і запыталіся: «Чаму?».

Зміцер, Манхайм, Германія

Адкуль: Мінск

Працуе, вучыцца па дактаранцкай праграме

Колькі патраціў на дарогу: 200 еўра

– На Калядныя святы прыязджаю, каб пабачыць дзяўчыну, якая жыве ў Мінску, а таксама бацькоў і родных, іншых сяброў. Цікава таксама пабачыць беларускае святкаванне Новага года: для замежнікаў гэта менш важнае свята, таму святкуюць не з такім «размахам». А яшчэ – зіму і снег. У Паўночнай Германіі цёпла, і зіма адчуваецца толькі ў Альпах.

Мінулыя Каляды, напрыклад, сустракаў пад Мінскам з сябрамі — беларускімі альпіністамі, з якімі пастаянна ездзім у горы.

У Германіі Каляды значна больш важнае свята (у адрозненне ад Новага года), чым у Беларусі. Паўсюль калядныя кірмашы, і гэтае свята адчуваецца цэлы месяц з канца лістапада. Кожны вечар на кірмашах збіраюцца жыхары горада, п’юць глювайн, пунш, ядуць мясцовыя стравы. Пуста ніколі не бывае. У гэтым заходнееўрапейскія гарады моцна адрозніваюцца ад Мінска.

У калядным Мінску замежніку раю паглядзець сам Мінск, пагуляць па цэнтры, калі снегу па пояс (толькі не ў ноч Новага года), пранікнуцца постсавецкай атмасферай, на каньках можа пакатацца.

1

***

Ганна, Рэн, Францыя

Адкуль: Мінск

Вучыцца ў магістратуры

Колькі патраціла на дарогу: 150 еўра

Мінулы Новы год я сустракала ў кампаніі сяброў у вёсцы пад Мінскам. Калі ж з’язджаю за мяжу, то сумую па сям’і, прагулках з сябрамі па зімовым Мінску, снегу, фаршыраваных яйках, глазураваных сырках і іншых стравах нашай постсавецкай кухні.

Прыкладна дзеля гэтых рэчаў я і прыязджаю з Францыі ў Беларусь на Каляды і Новы год. Бачуся з бацькамі і сябрамі, акунаюся ў атмасферу дзяцінства з аліўе, савецкім шампанскім, фільму «З лёгкай парай» і дыхаю «саўком».

На Каляды ў Парыжы снегу няма, тэмпература — прыкладна +10, трава — салатавая, а ўпрыгожанне горада зусім іншае. У Францыі адзначаюць Раство, а не Новы год, таму няма Дзедаў Марозаў і Снягурак. Затое ёсць вянкі з вастралісту.

***

Ася, Калгары, Канада

Адкуль: Мінск

У Канадзе вучыцца

Колькі патраціла на дарогу: 1500 еўра

Прыязджаю ў Мінск на Каляды, каб адпачыць, родных і сяброў пабачыць, змяніць атмасферу, наведаць культурныя месцы (царква, тэатр, невялікае падарожжа ў святыя месцы), смачна паесці.

У Канадзе елкі з’яўляюцца ў хатах напрыканцы лістапада ці ў пачатку снежня. Тут няма выбухаў петардаў на двары, ніхто не спявае. Увогуле на вуліцы ўсе паводзяць сябе не так шумна.

Я б параіла замежнікам сустракаць Новы год у добрай кампаніі мясцовых жыхароў — яны пакажуць, як варта гэтыя святы сустракаць.

***

Алена, Талін, Эстонія

Адкуль: Петрыкаў, Гомельская вобласць

Вучыцца ў магістратуры

Колькі патраціла на дарогу: 30 еўра

На Каляды ў Мінск прыехала, каб найперш пабачыць родных: калі пераязджаеш з краіны ў краіну, выкарыстоўваеш любую магчымасць сустрэцца і быць з роднымі і блізкімі людзьмі. Тым больш, Каляды для мяне — свята сямейнае. Да таго ж на час навагодніх святаў прыпадаюць іспыты ў маёй беларускай ВНУ.

Усе Каляды, акрамя адных, я сустракала з сям’ёй у маім родным Петрыкаве на Гомельшчыне. Адзінае выключэнне: непасрэдна Каляды — у Каліфорніі (у «прыёмнай» сям’і), адвэнт — у Лос-Анджэлесе, Сан-Францыска, Чыкага, Нью-Йорку і Новы год – у Лас-Вегасе (з сябрамі).

Дзе б я ні была за заходняй мяжой Беларусі, Каляды прыносяць у горад адчуванне ўтульнасці, цяпла нават у лютыя маразы. Людзі збіраюцца разам, ходзяць на чароўныя прыгожыя калядныя рынкі, п’юць глінтвейн. Нават той факт, што святкуюцца менавіта Каляды, Раство, робіць жыццё больш спакойным, як гэта ні парадаксальна напрыканцы года, калі трэба зрабіць усё, што не зрабіў за год, і набыць усім падарункі.

Наш Новы год больш шырокі, «масавы і ўсенародны», з-за чаго знікае пэўная ўтульнасць. Адрозніваюцца, адпаведна, і ўпрыгожванні гарадоў і жылля: у ЕС, з маіх уражанняў, усё робіцца па прынцыпу «чым утульней (і з большым густам), тым лепш». Талін, напрыклад, яшчэ больш ператвараецца ў сярэднявечную казку, а на калядным рынку нават жывуць сапраўдныя алені.

У Беларусі, як мне падаецца, упрыгожваюць па прынцыпе «чым больш маштабна і бліскуча, тым лепш». 

Каліфарнійскія Каляды адрозніваюцца яшчэ больш. Незадоўга да Калядаў я яшчэ зрывала апельсіны з дрэваў, а быў ужо час упрыгожваць пальмы на вуліцах і выпадкова сутыкацца з якім Сантам-Клаўсам у шортах, чырвонай накідцы і самбрэра. Раство — традыцыйна сямейнае свята. Для мяне, згадаванай на салатах «аліўе» і «шубе» (якія я генетычна вельмі люблю), вельмі адрозніваецца меню.

Увогуле, на Захадзе Каляды цягнуцца даўжэй, усё ўжо прасякнутае святам як мінімум з 1 снежня. У Штатах мы ўпрыгожылі ёлку, як толькі дажавалі апошні кавалак індычкі на Дзень удзячнасці (канец лістапада).

Яшчэ адметная рыса ЗША — чэргі ў крамах на наступны дзень пасля Калядаў: трэба здаць падарункі, якія табе не спадабаліся, і атрымаць узамен грошы. А вось да вэрхалу, які адбываецца на Новы год у Амерыцы, нават нашым двухтыднёвым святам далёка. Гэта ўжо час вуліцы, сяброў, натоўпу, вар’яцтва, дзівацтва і алкагольных рэк.

У Мінску звадзіла б замежнікаў на каток: усё ж у нас адкрытыя каткі вялікія і прасторы для вяселля шмат. Правяла б па вячэрнім горадзе паглядзець на ілюмінацыю. Для паўнаты ўражанняў звадзіла б на якое масавае гулянне з мясцовымі артыстамі — каларыт і культурнае здзіўленне гарантаваныя.

***

Вольга, Прага, Чэхія

Адкуль: в. Бердаўка, Лідскі раён

Працуе, будуе сям’ю

Колькі патраціла на дарогу: 120 еўра

У Празе да Калядаў пачынаюць рыхтавацца месяцы за два. У нейкі момант бачыш, як горад пачынае ззяць ліхтарыкамі. На галоўных плошчах ставяць упрыгожаныя елкі, арганізуюць калядныя кірмашы. Там прадаюць розныя хэнд-мэйд вырабы, традыцыйную ежу і пітво, гарачую медавуху ці глінтвейн. Такія кірмашы можна сустрэць ва ўсіх еўрапейскіх гарадах. Там заўсёды стаіць сцэна, адкуль можна пачуць калядныя харавыя песні. Атмасфера цудоўная.

Чамусьці, на жаль, я гэтага не бачу і не адчуваю ў Беларусі (прынамсі, у Лідзе). Так, людзі рыхтуюцца да святаў. Але яны не ходзяць па вуліцы, не п’юць гарачае віно, але мітусяцца па крамах, закупаючы ежу і падарункі. Свята калі і адчуваецца, дык толькі ў крамах. Горад упрыгожаны, але няма таго, што б стварала атмасферу хуткага свята.

Можа, гэта асаблівасць нашых гарадоў, у якіх адчуваецца недахоп грамадскай прасторы ў цэнтры? Цэнтр — заўсёды перакрыжаванне дзвюх галоўных дарог, уздоўж якіх знаходзіцца ці кінатэатр ці галоўны ўнівермаг. Мне вельмі не хапае пасля Прагі (ці Еўропы ўвогуле) адчування сэрца горада, адкрытай прасторы з кавярнямі і маленькімі крамкамі, з гістарычнымі помнікамі.

Мая сям’я не рэлігійная, і Каляды мы ніколі асабліва не адзначалі. Але ў нашай вёсцы жывуць пераважна каталікі, і суседзі заўсёды святкуюць Раство так, як трэба: з малітвай і традыцыйнымі стравамі. Ужо некалькі гадоў павялося так, што на Раство яны запрашаюць нас да сябе. Так мы разам і святкуем. А мінулы Новы год таксама адзначала з сябрамі ў вёсцы. Было вельмі цёпла і душэўна.

За мяжой асабліва востра адчуваецца недахоп сям’і, родных людзей, якія застаюцца ў Беларусі. І ў гэты перыяд Калядаў асабліва хочацца быць сярод блізкіх людзей, каб вярнуць тое прадчуванне свята, якое было ў дзяцінстве. Ды і ўсе знаёмыя мясцовыя адзначаюць гэта свята з сем’ямі.

Таму я штогод прыязджаю на Каляды ў Беларусь, дзе ёсць пачуццё дому, што б там ні было. З узростам адчуванне дому мяняецца. З часам мы становімся перад неабходнасцю (ці патрэбай) ствараць уласны дом.

У мяне, на жаль, гэта прыходзіцца рабіць за мяжой. Але калі я прыязджаю дахаты, у той дом, дзе я вырасла, унутры быццам нешта расслабляецца. Я тут адпачываю душой. Знікае нейкая ўнутраная напружанасць, ці хутчэй туга, з якой я жыву за мяжой. З часам яна стала меней, але не знікла. Ды, думаю, ніколі яна не знікне. Кажуць, што дома нават вуглы дапамагаюць. Таму, дзе б я ні была і праз колькі б часу ні вярнулася, я адчуваю, што мой дом тут, у Беларусі.

 


https://www.traditionrolex.com/8