https://www.traditionrolex.com/8
<p>Колькі грошай расіяне пакінулі ў Беларусі падчас навагодніх вакацый</p>

«Еўрарадыё» паглядзела, колькі грошай расіяне пакінулі ў Беларусі падчас навагодніх вакацый.

У мінскім гатэлі «Спадарожнік» усе выхадныя расіяне не пераводзіліся — адны з’язджалі, а іншых сустракалі. І гэта пры тым, што кошт нумара пачынаўся ад 440 тысяч без сняданку.

У гатэлі  расказваюць, што расіяне ездзяць у Мінск штогод, і штогод маюць прыкладна аднолькавыя перавагі — лыжныя курорты.

«Прывозяць нават лыжны рыштунак. Гулялі па Мінску, крамы, канешне ж, але і лыжныя курорты — у «Сілічы» ездзілі штодня. Мы нават расклад транспарту вывесілі на стойку, каб яны маглі даехаць, бо ў нас было многа гасцей, каля 100 чалавек са Смаленска».

Для расіян у гатэлі ладзілі спецыяльны этнавечар — з беларускімі строямі і стравамі, а навагоднюю ноч святкавалі на банкеце — з носа па 150 долараў.

У «Сілічах» пацвярджаюць, што ў святы і сапраўды было шмат людзей, але на беларусаў і расіян іх тут не дзялілі — для ўсіх былі аднолькавыя кошты. Гадзіна ў крытым катку разам з пракатам канькоў абыходзіцца ў 28 000 рублёў.

А вось у рэстаране гатэля «Спадарожнік» расказваюць, што асаблівых вытанчаных страў расіяне не замаўлялі:

«У абед маглі пасядзець на 80 тысяч, а ўвечары — на 300 тысяч рублёў на аднаго. Але не сказаць, што яны неяк вельмі тут выдаткоўваліся. Часам і  беларусы гэтак сядзяць».

Навагодні банкет у санаторыі «Чабарок», што пад Баранавічамі,  нягледзячы на кошт — 760 тысяч рублёў з чалавека, — прайшоў з ажыятажам.

«Расіян многа на Новы год, і не страшныя кошты, якія мы прапануем. Беларусаў было мала жадаючых, а вось расіян — многа», — кажуць у санаторыі. Нашы ўсходнія суседзі бываюць тут кожны год, пуцёўка для іх каштуе на 100 тысяч болей за беларускую — па 260 тысяч рублёў з чалавека. Супрацоўнікі «Чабарка» кажуць, што расіяне часта наведваліся ў суседнюю з санаторыем вёску і вельмі здзіўляліся коштам.

«Кажуць, што дастаткова дорага, для нашых заробкаў асабліва. Кажуць, што  кошты на  прадукты ў іх у параўнанні танней».

Дорага — не дорага, але, як расказваюць у фірменнай краме «Штопар», за навагоднія святы ў іх купілі дзве бутэлькі французскага шампанскага.

«Дзве бутэлькі за 9,5 мільёна, я думаю, вы здагадваецеся, адкуль гэтыя пакупнікі — грамадзяне Расійскай Федэрацыі. Грузінскія віны бралі і «Баржомі». Бралі столькі, колькі маглі везці, ну і тое, чаго асабліва няма ў іх. Але асаблівага ажыятажу, як летась, не было, бо кошты параўняліся».

У аддзеле паштовак Цэнтральнай кнігарні расіяне пакідалі не менш за 100 тысяч рублёў.

«Натуральна, магніты і паштоўкі, кнігі і буклеты пра Мінск. Хаця кнігі, магніцікі бралі з выявамі сталіцы. Нядаўна выйшла кніжка «Планета Беларусь» з фота краявідаў з птушынага палёту. Яна дастаткова дарагая — 300 тысяч. І паштоўкі, кнігі з фота Беларусі». 

У аддзеле ж сувеніраў Цэнтральнай кнігарні асабліва карысталіся попытам вырабы са скуры — візітніцы, кашалькі, вокладкі на аўтадакументы і пашпарты. Каштуюць гэтыя сувеніры ад 100 тысяч рублёў і вышэй.

Кошты на аграсядзібы і так званы адпачынак у вёсцы вельмі розныя — даходзіць да тысячы долараў за тыдзень з кампаніі.

Але ў аграсядзібе «Чыстыя ключы», што ў Віцебскім раёне, за адзін дзень даросламу чалавеку давядзецца аддаць 25–50 долараў без ежы.

«Расіяне падчас вакацый прыязджалі, расіяне пад самы Новы год прыязджалі. Дык я ім свінню забіла і парачку гусей з сабой дала. Яны ў мяне бульбы два мяхі купілі, морквы, а я біла свінню — мне ўсё адно яна ўся не патрэбная, таму я ім прадала частку па 45 тысяч за кілаграм», — кажа гаспадыня сядзібы «Чыстыя ключы» Валянціна.

Расіяне адзначылі Новы год і з’ехалі разам са свіннёй і парачкай гусей. Што не зробіць беларуская гасціннасць для гасцей з суседняй Расіі!

Тамара Савіч

https://www.traditionrolex.com/8