<p>Дзень моды пройдзе 2 сакавіка і будзе прысвечаны Антонію Тызенгаўзу: вядомы мецэнат заснаваў у горадзе некалькі мануфактур па пашыву адзення</p>
Дзень моды пройдзе 2 сакавіка і будзе прысвечаны Антонію Тызенгаўзу: вядомы мецэнат заснаваў у горадзе некалькі мануфактур па пашыву адзення, паведамляе «Твой стыль».

Мерапрыемства пачнецца з паказу моды XVIII i XIX стагоддзяў.

«У нас ужо пашыта некалькі касцюмаў з гэтай эпохі, – паведаміў Сяргей Іваноў, кіраўнік праекта «Жывая гісторыя». – У гэтых касцюмах на сцэне гродзенскага маладзёжнага цэнтра пройдуць акцёркі нашага тэатра. На ролю самога Тызенгаўза, які адкрые дзень мод, мы акцёра пакуль яшчэ не выбралі».

Некалькі касцюмаў гродзенцы ўжо маглі бачыць на «Калядах у Элізы Ажэшкі» – серыі мерапрыемстваў, што праходзіла ў Гродне ў другой палове снежня. Касцюмы пашытыя па арыгінальных макетах XVIII i XIX стагоддзяў.

У гродзенскім дне мод прымуць удзел прадстаўнікі вядомых на Гродзеншчыне фабрык адзення: «Ювіта», «Крэда», «Дынама».

«Акрамя паказу моды новага часу, гледачоў чакае шмат іншых мерапрыемстваў, – працягвае Сяргей Іваноў. – Гэта паказ фрызур, майстар-класы па цырульніцкай і манікюрнай справе. Гандляры касметыкай і біжутэрыяй змогуць прадставіць свае новыя калекцыі. Гледачы змогуць таксама ўбачыць паказы тэатраў мод, fashion-паказы, якія будуць ацэньваць прадстаўнікі адмысловага журы з Мінска. Склад журы пакуль трымаецца ў сакрэце і будзе абвешчаны напярэдадні мерапрыемства».

Сяргей Апановіч