<p>Як паведамілі арганізатары мерапрыемства,  адбудзецца яно 12 студзеня з 13.00 да 15.00</p>

Як паведамілі арганізатары мерапрыемства,  адбудзецца яно 12 студзеня з 13.00 да 15.00.

У дасланай інфармацыі паведамляецца: «Беларуская калядная абраднасць з’яўляецца помнікам этнічнай гісторыі беларускага народа, яго своеасаблівай культурнай спадчынай». Таму Беларускі дзяржаўны музей архітэктуры і побыту ўжо ў трэці раз запрашае пазнаёміцца з унікальнымі традыцыйнымі абрадамі каляднага перыяду. Толькі 12 студзеня кожны мае магчымасць на ўласныя вочы ўбачыць:

- гульню «Жаніцьба Цярэшкі» (Лепельскі раён Віцебскай вобласці), занесеную ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь;

- абрад «Святое Ражство радасць прынясло», які з’яўляецца прэтэндэнтам на ўнясенне ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Прадэманструе гэты абрад фальклорны ансамбль «Чарнабрыўцы» з вёскі Маркавічы Гомельскага раёна Гомельскай вобласці;

- калядную абрадавую праграму ад узорнага фальклорнага ансамбля «Рудабельскія зорачкі» (г. п. Акцябрскі Гомельскай вобласці).

Падчас мерапрыемства можна будзе даведацца аб традыцыях адзначэння Калядаў на Беларусі і прыняць удзел у бясплатнай экскурсіі па новай экспазіцыі ў помніку «Пакроўская царква з в. Логнавічы Клецкага раёна».

Упершыню на адпаведных майстар-класах кожны наведвальнік зможа зрабіць святочныя сувеніры. Усе наведвальнікі змогут прыняць удзел у традыцыйным конкурсе «Калядная зорка». Калядную зорку можна зрабіць і загадзя.

Падчас свята «Шчадрэц» кожны ўдзельнік зможа пазнаёміцца з экспазіцыяй музея, зрабіць незабыўныя фотаздымкі з удзельнікамі свята, за дадатковую плату набыць сувеніры ад народных майстроў і падсілкавацца ў карчме. Кошт квіткоў – 20 000 руб., для дзяцей дашкольнага ўзросту – бясплатна.

Экспазіцыя музея працуе з 10.00 да 16.20. Каса працуе з 10.00 да 15.20.