Медыцынскі турызм па-беларуску

10.01.2013 - Новости

Медыцынскі турызм па-беларуску

Медыцынскі турызм у Беларусі актыўна пачаў развівацца, пасля таго як правялі маштабную мадэрнізацыю многіх устаноў аховы здароўя

Паводле афіцыйнай статыстыкі, у 2008 годзе ў Беларусі лячылася 60 тысяч замежнікаў, у 2011-м — ужо 115 тысяч. Экспарт медыцынскіх паслуг склаў больш за 16 мільёнаў долараў. За 2012 год статыстыкі яшчэ няма. Але згодна з Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2011–2015 гады, на экспарце медпаслуг краіна плануе зарабіць 200 мільёнаў долараў, паведамляе радыё «Свабода».

Дырэктар агенцтва MedTravelBelarus Уладзіслаў Андросаў кажа, што ёсць тры асноўныя крытэрыі, якія прывабліваюць замежнікаў, што выбіраюць для лячэння Беларусь, – кошт паслуг, якасць і даступнасць:

«Калі пачынае набіраць папулярнасць стаматалогія, расіяне едуць лячыць зубы — значыць, мы фармуем брэнд, імідж. У кожнай сферы ёсць патэнцыял. Да прыкладу, афтальмалогія. У Беларусі паспяхова праводзяцца такія аперацыі, якія не выконваюцца ва Украіне, — трансплантацыя рагавіцы вока. Таму трэба вывучаць нашы магчымасці і глядзець, з якімі працэдурамі ёсць праблемы за мяжой».

Экспартаваць медыцынскія паслугі Беларусь пачынала з трох кірункаў — стаматалогіі, пластычнай хірургіі і афтальмалогіі. На сённяшні дзень прапануюцца паслугі ў 14 кірунках: кардыялогія, неўралогія, артапедыя, анкалогія, трансплантацыя органаў, экстракарпаральнае апладненне. Замежнікаў вабяць перш за ўсё кошты.

Дырэктар Цэнтру рэпрадукцыйнай медыцыны «Эмбрыё» Алег Тышкевіч:

«15–20% — гэта ў нас пацыенты з-за мяжы. Большасць, вядома, расіяне, але ёсць украінцы, літоўцы, пацыенты з Заходняй Еўропы: італьянцы, немцы, пацыенты з Вялікабрытаніі, Злучаных Штатаў.

У нас танней, чым у Расіі, у паўтара-два разы як мінімум. У Расіі няма дзяржаўнага цэнаўтварэння нават у дзяржаўных установах, калі гэта платная працэдура. Сама працэдура без лекаў каштуе 50–60 тысяч расійскіх рублёў, гэта 2 тысячы долараў. У нас працэдура каштуе 1,5 тысячы долараў. У камерцыйных жа цэнтрах сама працэдура без лекаў каштуе каля 140 тысяч расійскіх рублёў. Гэта даволі прывабная сітуацыя, што да кошту і якасці».

Карэспандэнтка: «А для беларусаў, расіян і, да прыкладу, брытанцаў ці амерыканцаў — кошты адрозніваюцца?»

«Незалежна ад колеру скуры і пашпарту ў нас цана аднолькавая».

Эндапратэзаванне тазасцегнавога сустава ў РНПЦ траўматалогіі і артапедыі каштуе 6 тысяч долараў, у Расіі — да 10 тысяч, у Еўропе — да 30 тысяч.

Надзвычай папулярныя паслугі пластычных хірургаў. У апошнія два гады краіна пачала зарабляць на перасадцы органаў. Для беларусаў транспланталогія — цалкам бясплатная. Для замежнікаў перасадка печані каштуе 40–45 тысяч долараў, сэрца і ныркі — 35 тысяч, плюс абследаваньне — яшчэ як мінімум 3 тысячы. Так, увосень беларускія трансплантолагі паспяхова перасадзілі печань былому кіраўніку ізраільскага «Масаду».

Трансплантолагі і чыноўнікі Мінздрава сцвярджаюць, што орган можа быць перасаджаны замежніку толькі ў тым выпадку, калі ён не падыходзіць беларускаму грамадзяніну, які стаіць у лісце чакання, і што на замежнікаў прыпадае не больш за 10% ад усіх перасадак. Але нават медыкі да гэтага ставяцца скептычна:

«Ёсць спіс людзей, якія чакаюць органу, — так званы ліст чакання людзей, якія чакаюць, да прыкладу, ныркі. І калі з'яўляецца нырка і ёсць чалавек, які гатовы заплаціць за трансплантацыю гатоўкай, ясна, што яго бяруць у першую чаргу. Адна з такіх асноўных праблем у беларускай сістэме аховы здароўя і ў дзяржаве ўвогуле — тое, што вельмі шмат хлусні. Замест таго, каб шчыра гаварыць пра праблемы і пра тое, што робіцца для іх вырашэння. Таму што з аднаго боку хочацца і бясплатную медыцыну захаваць, а з іншага – хочацца яшчэ і грошыкаў зарабіць».

Асноўная плынь так званых медыцынскіх турыстаў — расіяне, украінцы, жыхары іншых краін СНД, літоўцы. Але адмысловых медыцынскіх віз для замежнікаў у Беларусі няма, і гэта стрымлівае плынь жадаючых з краін Еўропы, кажа эксперт у галіне турызму Лілія Кобзік:

«Гэта вельмі сціпла сказана, што яны не валяць. Па-першае, да нас нязручна трапіць: тут і візы, і мяжа, само афармленне. У нас заўсёды нейкія кардоны, высвятленні: хто, навошта… Для турыстаў не павінна быць бар’ераў: гэта свабоднае асяроддзе, безбар’ернае. Калі робяцца нейкія бар’еры, гэта ўжо пытанне. За апошні год, калі немагчыма стала атрымаць візу ў аэрапорце для замежнікаў, у чыіх краінах ёсць беларускае пасольства, гэтая плынь скарацілася ў 2-2,5 раза».

І калі жыхарам еўрапейскіх краін візу атрымаць крыху прасцей, то для некаторых краін гэта вялікая праблема, кажа дырэктар агенцтва MedTravelBelarus Уладзіслаў Андросаў:

«Калі гэта пацыенты з Лівіі, Нігерыі, Бангладэш, якія хочуць за свае грошы лячыцца, — ім не даюць візы, таму што баяцца, што тыя пачнуць іміграваць. Мы тэлефануем у аддзел МЗС, які займаецца выдачай віз, і кажам, што хоча прыехаць пацыент з Бангладэш, — пытаюцца: «Навошта ён вам?» Нават пры тым, што мы робім усе дакумэнты на гэтых кліентаў, бярэм на сябе адказнасць — усё адно глядзяць з недаверам і апаскай і чыняць усялякія перашкоды».

Тым не менш перыядычна ў Беларусі лечацца цэлыя групы параненых паўстанцаў з Лівіі, распавяла загадчыца аднаго з афтальмалагічных аддзяленняў:

«У іх наступствы ваенных траўм. Дзяржава заключыла нейкую дамову. Яны да нас прыходзяць, прыносяць гарантыйны ліст на лячэнне. І мы іх лечым на платнай аснове. За іх плаціць пасольства. І яны не толькі ў нас, яны ў розных клініках. Але часцей у дзённым стацыянары яны лечацца, бо ў гатэлі «Еўропа», вядома, лепшыя ўмовы, чым у клініках. І не харчуюцца яны ў нас разам з хворымі, ім возяць ежу з рэстарана. Лечым замежнікаў, дзяржава забяспечвае экспарт платных паслуг, а мы лечым».

2

Але ўмовы ў мадэрнізаваных беларускіх клініках часта не задавальняюць нават расіян. Масквічка Наталля не першы раз прыязджае ў Беларусь на абследаванні. Зараз прыехала на планавую аперацыю:

«Расіяне едуць у Беларусь таму, што медыцынскія паслугі таннейшыя. Але хацелася б, паколькі паслугі платныя і для расіян значна даражэйшыя, чым платныя паслугі для беларусаў, — каб, акрамя прафесійных рук хірургаў, кваліфікацыі, досведу, былі і нармальныя ўмовы, палаты з прыбіральняй, душам».

Дарэчы, за лячэнне замежнікаў, якія плацяць немалыя грошы, самі беларускія ўрачы амаль нічога не атрымліваюць:

«Платныя пацыенты звычайна ўсоўваюцца паміж бясплатнымі. Урачу за гэта практычна нічога не плаціцца».

Медыкі прызнаюцца, што з-за замежнікаў часам пераносяцца і планавыя аперацыі беларусам. На думку ўрача аднаго з вядучых навукова-практычных цэнтраў, «сам пасыл заганны. Мадэрнізавалі, паднялі на новы ўзровень сістэму аховы здароўя, і зараз трэба пераходзіць да экспарту медыцынскіх паслуг — гэта няправільна. Спачатку трэба належным чынам забяспечыць сваіх. Тут ссоўваюцца акцэнты і блытаюцца паняцці. Ахову здароўя мадэрнізоўвалі на грошы беларускіх падаткаплацельшчыкаў і для беларускіх падаткаплацельшчыкаў, каб народ беларускі меў належную сістэму аховы здароўя, а не дзеля таго, каб гэтая сістэма зарабляла грошы. Яна можа зарабляць, але гэта трэба не такімі метадамі рабіць».

Эксперт у галіне турызму Лілія Кобзік перакананая:

«Наўрад ці мы пераўзыдзем базу, пачынаючы ад Швейцарыі і да тых жа Карлавых Вар. Што да spa-працэдур, аздараўлення — у нас суседзі-літоўцы вельмі развітыя. Значыць, мы заўсёды ідзем нейкім сваім шляхам. І зараз таксама ім пайшлі. Мы шукаем такія кірункі, дзе больш нікога няма. У прынцыпе гэта правільна. Нешта занадта таннае для тых жа расіян ці іншых катэгорый мы прапаноўваем. Але якую якасць? Ну не бывае вельмі таннае вельмі добрым!»

Тым не менш яшчэ ў 2010 годзе на IV Усебеларускім сходзе Аляксандар Лукашэнка назваў задачай нумар адзін для медыцыны пераход да экспарту паслуг. Вось чыноўнікі і выконваюць пастаўленую зверху задачу.

Іна Студзінская

Рубрики: Оздоровление

Страны: Беларусь


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Новости по теме:

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах