https://www.traditionrolex.com/8
<p> Галоўная праблема - дамова аб рэадмісіі</p>

Еўрапейскі саюз не супраць пачаць перамовы аб візавай падтрымцы і пераглядзе пагадненняў з мэтай палегчыць беларускім грамадзянам наведванне Еўрасаюза. Пра гэта напісалі з кабінета камісара ЕС па пашырэнні і добрасуседстве Штэфана Фюле ў адказ на зварот старшыні аргкамітэта аб’яднання «Сацыял-дэмакраты за дыялог і кансалідацыю» Анатоля Ляўковіча. Адно з галоўных пытанняў – спрашчэнне візавага рэжыму для беларусаў, паведамляе Polskie Radio S.A.

У звароце беларускіх сацыял-дэмакратаў выкладаліся асноўныя ідэі стратэгіі «За дыялог і кансалідацыю». Гэтая прапанова поўнасцю супадае з еўрапейскай традыцыяй вядзення палітычных спраў. Яна была ініцыявана стратэгіяй Еўрапейскага саюза, накіраванай на дыялог з беларускай грамадзянскай супольнасцю, а таксама ўладамі, калі Польшча і Швецыя прапанавалі стварыць «Усходняе партнёрства», – распавёў нам Анатоль Ляўковіч.

А. Ляўковіч: Я ж памятаю пра тое, як міністр замежных спраў вашай краіны Р. Сікорскі сказаў, што ёсць прапанова Польшчы, Швецыі, Еўрасаюза – стратэгія на дыялог. Мае прыхільнікі ўспрынялі гэта вельмі добра. Але калі адбылася «плошча» ў 2010 г., памянялася стратэгія ЕС. А мы не мяняем сваёй стратэгіі. Плошча адыграла вельмі адмоўную ролю. Ад яе не выйгралі ні беларускі народ, ні краіна, ні апазіцыя, ні ўлада, ні ЕС. Яна была на карысьць толькі Крамлю.

Адна з галоўных і пакуль невырашальных праблем у адносінах паміж ЕС і Беларуссю – гэта візы. Для беларускіх грамадзян шэнгенская віза каштуе 60 еўра, што з'яўляецца часта непасільным выдаткам, не кажучы ўжо пра ўсю бюракратычную валакіту, звязаную з атрыманнем візы. А. Ляўковіч адзначае, што гэтае пытанне таксама закранаецца ў іх стратэгіі.

А. Ляўковіч: Еўрасаюз прыкладае ўсе намаганьні, каб гэтую праблему вырашыць. Часткова яе можна вырашаць толькі праз выданне шэнгенскай візы. У кожнай краіне ёсць свае нацыянальныя візы, і нам сказалі, што ідуць перамовы з нацыянальнымі суб’ектамі ЕС, каб палегчыць гэтую праблему. У Бруселі ўсё магчыма, але ёсць праблема з боку Беларусі.

Візавы рэжым для беларусаў можа быць спрошчаны толькі тады, калі беларускі бок пойдзе на перамовы, гаворыць палітолаг Андрэй Фёдараў. А пакуль што беларускія ўлады не адказваюць на сігналы, якія ідуць з Бруселя.

А. Фёдараў: Гэтая прапанова з боку Бруселя ляжыць ужо некалькі месяцаў, а можа, і год. Але афіцыйны Мінск на яе не адгукаецца. Я не ўпэўнены, што беларускім уладам надта патрэбна гэтае аблягчэнне. Мне здаецца, што чым больш грамадзян зможа выязджаць за мяжу, у цывілізаваныя краіны, у ЕС, тым больш пытанняў у іх можа з'явіцца наконт таго, што адбываецца на радзіме.

А ці Еўрапейскі саюз мог бы ў аднабаковым парадку спрасціць візавы рэжым для Беларусі, не чакаючы адказу з боку беларускіх улад, і панізіць цану віз? Гэта не так проста, паколькі на тэрыторыі шэнгенскіх краін дзейнічае кодэкс, дзе адзначаецца, у якіх выпадках такія крокі могуць быць зробленыя. Перш за ўсё гаворка ідзе пра рэадмісію – нагадвае аналітык з Польскага інстытута міжнародных спраў Анна Дынэр.

А. Дынэр: Галоўная перашкода, каб беларусы плацілі 35 еўра за візу, а не 60, – гэта тое, што беларускія ўлады не згаджаюцца на дамову аб рэадмісіі. Калі б нейкі нелегальны мігрант быў затрыманы на тэрыторыі ЕС, і сказаў, што ён прыехаў з Беларусі, то яго можна было б выслаць у Беларусь. Гэта не падабаецца беларускім уладам, галоўным чынам таму, што няма мяжы з Расіяй. Зразумела, Еўрапейскі саюз, асабліва краіны, якія мяжуюць з Беларуссю, хацелі б развіваць больш шырокія кантакты з грамадзянамі гэтай краіны. Але калі ўвесці выключэнне для Беларусі, то іншыя краіны, не толькі еўрапейскія, змогуць пачаць пратэставаць, чаму для Беларусі зрабілі выключэнне і панізілі цану віз без дамовы аб рэадмісіі, а для іх – не?

Такім чынам, пакуль што пытанне паніжэння цаны віз для беларусаў застаецца адкрытым. З афіцыйнага Мінска няма сігналаў, што ўлады могуць у бліжэйшы час згадзіцца падпісаць з Еўрасаюзам дамову аб рэадмісіі. А без гэтага візы застануцца дарагімі і цяжка даступнымі.

https://www.traditionrolex.com/8