https://www.traditionrolex.com/8
<p>У праекце рэканструкцыі, які прапануе «Мінскграда», усё прадстаўлена цалкам лагічна і сучасна. Адказваючы на запыты ўрада, прапануюць прыцягнуць у цэнтр пабольш турыстаў, каб яны, пазнаючы яго і забаўляючыся, папаўнялі мясцовы бюджэт. Напэўна, ва ўгоду ім мы будуем гатэлі. Але для каго мы ўзводзім новае-старое замчышча, няўжо для замежнага турыста?<span id="ctrlcopy"><br /><br id="ctrlcopy" /></span></p>

У паўсядзённым жыцці чалавек не задумваецца над сэнсам. Ён працуе, клапоціцца пра сям’ю, мітусіцца. Кожны дзень ствараюцца бытавыя прадметы, творчыя працы, паўстаюць будынкі, інжынерныя збудаванні і г. д. Праз гады некаторыя бытавыя прадметы трапяць у музеі і прыватныя калекцыі, адзінкавыя творчыя працы прызнаюць выбітнымі творамі мастацтва, унікальныя будынкі і збудаванні — помнікамі архітэктуры. Гісторыкі, мастацтвазнаўцы і культуролагі возьмуцца аналізаваць, будуць спрабаваць растлумачыць заканамернасць іх стварэння, інакш кажучы, «сэнс», зняволены ў гэтай старажытнай матэрыі, паведамляе «Наша Нiва».

Давайце не будзем больш фантазіраваць, а, адкінуўшы палітычную і ўсякую іншую ангажаванасць, проста зірнем на гістарычны цэнтр Мінска вачыма даследчыка архітэктуры. Мы ж дазваляем дактарам сябе агледзець і нават часам спрабуем прыслухацца да меркавання спецыяліста ў галіне фізіялогіі.

У праекце рэканструкцыі, які прапануе «Мінскграда», усё прадстаўлена цалкам лагічна і сучасна. Адказваючы на запыты ўрада, прапануюць прыцягнуць у цэнтр пабольш турыстаў, каб яны, пазнаючы яго і забаўляючыся, папаўнялі мясцовы бюджэт. Напэўна, ва ўгоду ім мы будуем гатэлі. Але для каго мы ўзводзім новае-старое замчышча, няўжо для замежнага турыста?

Цяпер зусім няшмат агульнавядомай гісторыі. Гэтае Замчышча з’явілася ў сутоку Свіслачы і Нямігі ў другой палове Х стагоддзя. Абапіраючыся на рэканструкцыю Эдуарда Загарульскага і фатаграфіі раскопак 1957 года, можна атрымаць вычарпальнае ўяўленне аб характары абарончых збудаванняў і таксама драўляных пабудовах гараджан Сярэднявечча. Даступны для турыстаў аналаг — археалагічны музей ля Брэсцкай крэпасці. Па падмурках нам вядомая каменная царква. Падобныя былі ў Віцебску, Гродне, Тураве. Пабудовы гарэлі, пакутавалі ад набегаў захопнікаў ці проста старэлі з часам. Цэнтр горада пасля чарговага пажару зрушыўся на горку, туды, дзе цяпер плошча Свабоды, а на месцы Замчышча ўтварылася небагатае прадмесце. Аж да 50-х гадоў ХХ стагоддзя сярод забудовы адгадваліся яго контуры, у значнай меры захоўвалася сярэднявечная планіроўка. Уявіць сабе рэшткі гэтага Замчышча можна ўжо па натурных фатаграфіях пачатку ХХ стагоддзя. Аналагічныя замчышчы захаваліся ў многіх малых беларускіх гарадах: Браславе, Мсціславе, Тураве, Ваўкавыску і г. д.

Мінскае Замчышча не захавалася, яго разбурылі ў сярэдзіне ХХ стагоддзя, але не фашысты. Яго разбурылі камуністы, пад ідэалагічнай маркай барацьбы са старым. Знеслі Замчышча і пабудавалі спартыўную залу ў выглядзе… старажытнагрэчаскага храма. Барацьба са старым скончылася стварэннем муляжа яшчэ больш старога. Гучыць як анекдот! Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што Замчышча да 1950-х гадоў было ўжо не проста горкай зямлі, а па ўсіх сваіх прыкметах аб’ектыўна з’яўлялася помнікам гісторыі і культуры. Значыць, і знос яго быў злачынствам.

Яшчэ кропля гісторыі. Пасля таго як знішчылі Замчышча, руйнаваць старое працягнулі, але ўжо ў духу сучаснай архітэктуры. Сама з’ява сучаснай савецкай архітэктуры яшчэ да канца не асэнсавана, і толькі цяпер, па сканчэнні пяцідзесяці гадоў, прыходзіць час яе вывучаць, шукаць помнікі, браць асобныя ансамблі пад ахову. І ўжо з упэўненасцю можна сказаць, што ансамбль былой Паркавай магістралі Мінска (праспекта Машэрава, а цяпер Пераможцаў) варта ўспрымаць як помнік горадабудаўніцтва. Асобныя яго пабудовы ўжо знаходзяцца ў Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. А сам задума ідэальнай гарадской магістралі, дзе па адзін бок прыродны ландшафт, а па другі — маляўніча размешчаны мадэрнісцкія пабудовы, у Мінску ўдалося рэалізаваць у буйным горадабудаўнічым маштабе. Але, наколькі я разумею, не сёння-заўтра мы збіраемся знесці спартыўную залу, якая ўжо сталася гісторыяй, перакроіць пачатак каштоўнага ў еўрапейскім маштабе (я абсалютна без іроніі) горадабудаўнічага ансамбля былой Паркавай магістралі і стварыць чарговы сучасны муляж яшчэ больш старога? Гісторыя, безумоўна, цыклічная, але гэта не апраўданне настолькі бессэнсоўных з пункту гледжання культуры дзеянняў.

Калі разглядаць знос Замчышча ў 1950-х гадах як злачынства, то навошта хаваць памяць аб ім? Камуністычны рэжым у СССР выкрыты, а партыя забаронена ў 1991 г. у тым ліку і за такога роду злачынства. Беларусь страціла вялізную колькасць храмаў, палацаў. Зірніце на карту, дзе яшчэ захаваліся помнікі архітэктуры — вялікая доля на заходніх беларускіх землях, куды камуністы прыйшлі на 30 гадоў пазней. Але давайце захоўваць гісторыю і памяць, не падманваючы ні сябе, ні замежных турыстаў.

1

Від на Мінскае замчышча ў 1945–1951 гадах. Фотаздымак з кнігі У.І. Кірычэнкі «Мінск. Гісторыя пасляваеннага аднаўлення. 1944–1952 гады»

2

Далей супярэчнасці здаюцца камічнымі.

Напрыклад, як растлумачыць тое, што да чэмпіянату свету па хакеі мы хочам знесці спартыўную залу? Там жа дзеці фізкультурай займаюцца. І навошта там валы насыпаць, бо нашмат зручней на роўнай пляцоўцы да чэмпіянату паставіць палаткі з півам для заўзятараў і мабільныя прыбіральні?

Ці навошта паказваць турыстам муляж драўлянага замка, які нават з Навагрудскім побач не стаяў? Бо ў Еўропе амаль у кожным гістарычным горадзе помнікаў архітэктуры Сярэднявечча поўна. Гэтым не прыцягнеш ні турыста, які прыехаў культуру паглядзець, ні футбольнага заўзятара. Затое ансамбляў, параўнальных па грандыёзнасці маштабу з былым праспектам Сталіна (Леніна, Скарыны, Незалежнасці) або згаданай вышэй Паркавай магістраллю, у гістарычных гарадах Еўропы адзінкі, і з імі мінскія рэалізацыі могуць спрачацца на роўных.

Можна працягваць пра законы рэстаўрацыі, пра прыклад Мазырскага замка… Рашэнне прымаюць на ўзроўні прэзідэнта-ўрада. Цяпер яго выносяць на грамадскае абмеркаванне. Ці можна будзе праз 50 гадоў параўнаць па значэнні Мінскае замчышча, напрыклад, з каралеўскім замкам у Варшаве? Ці, можа, нашчадкі нас асудзяць за чарговае разбурэнне архітэктурнай спадчыны, на гэты раз сярэдзіны ХХ стагоддзя?

Яўген Марозаў, архітэктар, кандыдат мастацтвазнаўства

https://www.traditionrolex.com/8