https://www.traditionrolex.com/8

Пад час выязной рэдакцыі «Культуры» на Гомельшчыне, сярод іншага, адбылася сустрэча з работнікамі сферы культуры ў Рагачове. Яна запомнілася знаёмствам са спецыялістамі, якія не проста дзяжурна-фармальна выконваюць службовыя абавязкі, але і генерыруюць новыя ідэі. Адна з такіх яркіх ідэй нарадзілася ў супрацоўнікаў Рагачоўскага музея народнай славы сумесна са сталічнымі гісторыкамі: іх творчыя амбіцыі скіраваны на стварэнне прыродна-археалагічнага запаведніка, аналагаў якому няма на ўсёй постсавецкай прасторы.

Але наколькі актуальны такі грандыёзны праект для далёка не самага заможнага раёна нашай краіны, які, да ўсяго іншага, знаходзіцца ўдалечыні ад цэнтральных магістралей? І самае галоўнае: ці будзе ён запатрабаваны турыстамі?

Турыстычная лінія

Цяпер — самы час разважаць пра канцэпцыю будучага маштабнага праекта. На думку старшага навуковага супрацоўніка аддзела археалогіі першабытнага грамадства Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Ігара Язэпенкі, напачатку можна стварыць запаведнік на базе трох феадальных замкаў. Ад Збароўскага да замка каралевы Боны ў Рагачове, які размяшчаўся на перасячэнні рэк Друці і Дняпра, — усяго 5 кіламетраў. Акрамя таго, побач знаходзіўся і замак у Лучыне. Атрымліваецца выцягнутая ўздоўж Дняпра лінія — практычна гатовы пешы маршрут для турыстаў, што ўключаў бы пазнаваўчую экскурсію. Безумоўна, трэба насыціць гэты маршрут інфармацыйнымі ўказальнікамі, шыльдамі. А перш чым весці турыстаў на археалагічны помнік, варта стварыць невялікі павільён са стэндавай экспазіцыяй. Можна арыентавацца на экспазіцыйны падыход мемарыяльнага комплексу «Хатынь», дзе самому аб’екту папярэднічае невялікая музейная пляцоўка, насычаная фотаздымкамі, схемамі, сучаснымі інфармацыйнымі сродкамі.

А што робіцца па стварэнні прывабнага гісторыка-культурнага аб’екта ў самім раёне? Па словах дырэктара Рагачоўскага музея народнай славы Міхаіла Ларычкова, каля кожнага з археалагічных аб’ектаў — ахоўная дошка. Акрамя таго, на Рагачоўскім замчышчы ўстаноўлены памятны знак, указальнікі. Наступныя крокі па стварэнні запаведніка будуць, як зазначыў Міхаіл Анатольевіч, абмяркоўвацца на бліжэйшым пасяджэнні Каардынацыйнага савета па ахове гісторыка-культурнай спадчыны ў Рагачоўскім раёне.

А вось на пытанне, ці варта аднаўляць той жа Рагачоўскі замак, Ігар Язэпенка адказвае катэгарычна: «Не! Ні ў якім разе не трэба рабіць на саміх гарадзішчах ніякіх збудаванняў, і тым больш — імітацый, навадзелаў. Думаю, турыстам будзе цікава з найвышэйшай кропкі замкавага вала захапляцца маляўнічай панарамай. Тым больш, што побач з тым жа Збароўскім гарадзішчам ужо маецца гатовая інфраструктура: непадалёк размешчаны санаторый «Прыдняпроўскі». На яго тэрыторыі знаходзіцца і помнік прыроды — так званая Чырвоная горка, геалагічны разрэз, вядомы ва ўсім свеце. Атрымліваецца — прыродны і гісторыка-культурны комплекс разам», — з імпэтам распавядае гісторык.

Заплаці… і ўдзельнічай у раскопках

Сённяшні патрабавальны турыст ужо не абмяжоўваецца статычнымі помнікамі старажытнасці, якімі ўнікальнымі яны ні былі б. Усё часцей падарожнікі з розных куткоў свету цікавяцца так званай жывой гісторыяй. Для гэтага, да прыкладу, варта рэгулярна ў цёплы перыяд часу праводзіць археалагічныя раскопкі. У сваю чаргу, турысты змогуць убачыць як сам працэс даследаванняў, так і артэфакты.

Аказваецца, прыбытак ад правядзення археалагічных раскопак можна атрымліваць не толькі ў іпастасі «чорнага капальніка». Замежныя турысты, апантаныя гісторыяй, з задавальненнем развітваюцца са сваімі еўра і доларамі дзеля ўдзелу ў археалагічных экспедыцыях. Турыстычныя кампаніі прапануюць такі эксклюзіўны від адпачынку ў Егіпце, Ізраілі, Грэцыі і, нарэшце, у нашай суседцы Украіне. А чым у гэтым плане горшая Беларусь, улічваючы, што кожны год у нашай краіне праводзіцца некалькі дзясяткаў археалагічных экспедыцый ва ўсіх абласцях краіны? Гэта можа быць і адным з відаў музейных паслуг мясцовых устаноў культуры.

«Да мяне прыязджалі замежнікі і з задавальненнем удзельнічалі ў раскопках. Трыццаць чалавек з Германіі, Галандыі… — адзначае Ігар Язэпенка. — Такая практыка сапраўды магла б стаць добрым дадаткам для раённага бюджэту, а таму неабходна ўключыць у «Залатое кольца» Гомельшчыны і Рагачоў, які застаецца па-за ўвагай асноўных турыстычных плыняў». Тым больш сёлета плануецца прадоўжыць раскопкі ў самім Рагачове, на тэрыторыі якога захаваліся падмуркі царквы XVI ст. Самы ж перспектыўны ўчастак для будучай работы комплексных экспедыцый — левабярэжная пойма Дняпра ад возера Камарын да возера Сасонка. Усе неалітычныя паселішчы на гэтай тэрыторыі не закрануты антрапагенным уздзеяннем. На некаторых з іх можна прасачыць чатыры, а то і пяць этапаў засялення.

Запаведнік пачынаецца з… фестывалю

Адказваючы на пытанне, з чаго пачынаць ствараць Рагачоўскі запаведнік, можна даць лаканічны адказ: з нуля, бо пакуль для ўвасаблення ідэі практычна нічога не зроблена. Пад час абмеркавання шляхоў увасаблення праекта з’явілася ідэя правядзення археалагічнага фестывалю. Тым больш добры прыклад на гэты конт ужо маецца ў нашых суседзяў. У прыватнасці, на тэрыторыі Познаньскага ваяводства ў Польшчы знаходзіцца Біскупінскае гарадзішча. Штогод у жніўні там праводзіцца археалагічны фестываль, дзе паказваюць, да прыкладу, як нашы продкі ляпілі кераміку, выраблялі ўпрыгожанні, апрацоўвалі камень.

А што перашкаджае супрацоўнікам аддзела культуры пазнаёміцца з тым жа польскім досведам правядзення археалагічных фэстаў? Думаецца, пад гэта можна было б атрымаць і міжнародны грант. Ды і за кошт бюджэтных сродкаў паездка з фота- і відэафіксацыяй аднаго супрацоўніка не абцяжарыла б мясцовы бюджэт. Ды і што тут казаць: каб зарабіць, трэба спачатку нешта ўкласці.

На думку Ігара Язэпенкі, лепш за ўсё для правядзення фестывалю падыходзіць прыбярэжная пляцоўка ля возера Камарын. Праўда, і тут маецца сваё «але»: з-за таго, што на тэрыторыі сярэднявечнага паселішча размешчаны гарадскі пляж, пляцоўка пасля летніх выхадных нагадвае сметнік. А ўсё таму, што людзі нават не ўяўляюць, што гэта за месца.

Факт размяшчэння асноўнай масы археалагічных помнікаў уздоўж Дняпра мусіць даць стымул для правядзення водных падарожжаў на байдарках, старт якіх можа быць каля Вішчынскага замка (пра яго «К» пісала ў адным з папярэдніх нумароў). Для гэтага патрэбна паставіць уздоўж ракі інфармацыйныя ўказальнікі, шыльды ды з удзелам мясцовых краязнаўцаў, гісторыкаў арганізаваць праект.

Што ж да інфраструктуры будучага археалагічнага запаведніка, то хочацца згадаць прыклад адной прыватнай ініцыятывы. Колькі гадоў таму энтузіястамі на Міншчыне была створана археалагічная аграсядзіба. Там можна на ўласныя вочы ўбачыць побыт першабытных людзей. Акрамя таго, ставаральнікамі праекта прадугледжана тэматычная інтэрактыўная праграма для дзяцей і дарослых.

І ўсё ж, думаецца, пачынаць піяр запаведніка варта хаця б з якасна зробленых буклетаў, сувеніраў, у тым ліку керамічных, з унікальнымі мастацкімі антрапаморфнымі выявамі, знойдзенымі на Рагачоўскай зямлі. У сувязі з гэтым застаецца адкрытым пытанне мясцовай ініцыятывы — па стварэнні дэталёвай канцэпцыі запаведніка, адпаведных ахоўных зон, прыцягненні інвестараў, вырабе тэматычных сувеніраў, арганізацыі «культурных» кемпінгаў, інфармацыйным забеспячэнні турыстаў.

Можна быць упэўненым, што ў перспектыве выкарыстанне археалагічнай спадчыны стане выдатным памагатым у справе развіцця мясцовых устаноў культуры, турыстычнага патэнцыяла раёна і, вядома ж, «візітоўкай» горада.

І яшчэ. На жаль, у нас часта прынята ці выкарыстоўваць ранейшыя напрацоўкі, ці чакаць, калі «нехта здалёк» прапануе цікавы гатовы праект. А таму менаджарскія функцыі павінны быць пакінуты на мясцовым узроўні.

Даведка «К»

«Кантэнт» — з Бонай Сфорца

Дык колькі ўсё ж археалагічных аб’ектаў знаходзіцца на тэрыторыі Рагачоўскага раёна і якія каштоўныя знаходкі там ужо выяўлены? Па кампетэнтны каментарый карэспандэнт «К» звярнуўся да старшага навуковага супрацоўніка аддзела археалогіі першабытнага грамадства Інстытута гісторыі НАН Беларусі Ігара Язэпенкі, які, да ўсяго іншага, з’яўляецца адным з ініцыятараў праекта па стварэнні запаведніка.

Па словах спецыяліста, адна з першых стаянак першабытнага чалавека была выяўлена на Рагачоўшчыне яшчэ напрыканцы ХІХ ст. У прыватнасці, на Задруцкім гарадзішчы ў 1893-м у гліняным гаршчку знайшлі 89 ацалелых грыўняў — зліткі XIII стагоддзя, агульнай масай 14,5 кг.

З больш позніх знаходак варта адзначыць курганы эпохі бронзавага веку — самыя старажытныя, вядомыя на тэрыторыі Беларусі. Іх у 1950-я гады выявіў археолаг Юрый Кухарэнка каля вёскі Ходасавічы. Можна згадаць і Збароўскае гарадзішча, што ўзвышаецца на 25 метраў над узроўнем Дняпра — у велічыню дваццаціпавярховага дома. Сярод тамтэйшых знаходак, на думку Ігара Язэпенкі, найбольш яркімі з’яўляюцца наканечнікі дзідаў і стрэл, сярэбраныя пярсцёнкі, крыж-энкалпіён, фрагменты ліцейных форм, і аскепак заходнееўрапейскай чашы пачатку XII ст., з надпісам на лаціне і выявай жанчыны.

Нельга не сказаць і пра сам Рагачоў. Да нашых дзён захавалася замкавая гара, што памятае колішнюю веліч ды магутнасць мясцовай фартэцыі сярэдзіны XVI ст., якая належала адной са славутых жанчын Еўропы Новага часу — каралеве Рэчы Паспалітай Боне Сфорца. Задоўга да гэтага на тэрыторыі замчышча размяшчалася гарадзішча, першыя пасяленцы на якім з’явіліся ў III тыс. да н. э.

Па словах Ігара Язэпенкі, які даследуе помнікі археалогіі каменнага веку — неаліту, у Рагачоўскім раёне, пачынаючы з 1993 года, уздоўж старычных азёр размяшчалася прыкладна трыццаць стаянак неаліту. Не так шмат раёнаў у нашай краіне з такой канцэнтрацыяй помнікаў археалогіі. Што і казаць, такімі магчымасцямі раскідвацца нельга.

Канстанцін АНТАНОВІЧ
https://www.traditionrolex.com/8