<p>Для гэтага Павел Падкарытаў набыў за 120 тысяч долараў сядзібу Падароск у Ваўкавыскім раёне</p>

Для гэтага Павел Падкарытаў набыў за 120 тысяч долараў сядзібу Падароск у Ваўкавыскім раёне, паведамляе «Еўрарадыё».

Днямі бізнесмен сплаціў на рахунак Ваўкавыскага выканкама гэтую суму. Скарыстаўшыся ягоным прыездам у Беларусь, «Еўрарадыё» пагутарыла з гэтым незвычайным чалавекам — і спадар Павел адказваў па-беларуску, амаль без памылак. Павел Падкарытаў нарадзіўся ў Екацярынбургу, цяпер жыве ў Таліне, а вось ягоная бабуля паходзіць з Беларусі.

Павел Падкарытаў: «Мая бабуля нарадзілася ў Беларусі, на Віцебшчыне, у Чашніцкім раёне. Але яна рана з’ехала. Дзед быў з Поўначы, тут служыў у войску, потым працаваў на чыгунцы: і яго прызначылі ў Петразаводск, потым на Урал, так яны з’ехалі».

Хоць бабуля і выхоўвала Паўла, але да 2010 года ён не быў у Беларусі. Толькі чуў ад бабулі беларускія словы і разумеў, што гэта — адрознае ад рускага. Да беларушчыны спадар Павел прыйшоў у… турме.

1

Павел Падкарытаў

Павел Падкарытаў: «У мяне былі пертурбацыі, звязаныя з умовамі вядзення бізнесу ў Расіі. Была бізнес-вайна і ўсе адпаведныя акалічнасці. Таму я меў такі вялікі нявольны адпачынак. Я меў магчымасць карыстацца інтэрнетам, выйшаў спачатку на nn.by, стаў гойсаць па іншых сайтах, замаўляць нейкія кнігі…»

2

Сядзіба Падароск, якую набыў спадар Павел

3 

Брама сядзібы самастойны твор архітэктуры!

Спадар Павел пачаў чытаць па-беларуску — і са здзіўленнем адкрыў, што большасць напісанага разумее!

Павел Падкарытаў: «Даслалі мне ARCHE… Першая кніга была «Дажыць да зялёнай травы»  перапіска Быкава з Барадуліным. Але я мусіў замовіць і слоўнік, бо праз 2-3 словы сустракаў не зусім зразумелыя. Стаў чытаць усё гэта. Зразумеў увесь стан, у якім уся беларуская справа знаходзіцца. Захацелася неяк дапамагчы».

Так Павел Падкарытаў пазнаёміўся з Уладзімірам Арловым. Прапанаваў пісьменніку зрабіць пашыранае перавыданне ягонай дзіцячай кнігі «Адкуль наш род», зладзіць іншыя супольныя праекты. У 2010 годзе ўпершыню наведаў Беларусь і, як кажуць, прыкіпеў. А ўлічваючы, што пасля вызвалення спадар Падкарытаў пераехаў з сям’ёй жыць у Талін — да Беларусі стала і зусім блізка. Пытаемся бізнесмена, што ж яго так «торкнула» ў Беларусі.

Павел Падкарытаў: «Торкнула»  гэта якраз тое слова, якое я ўжыў, калі адказваў некалі на пытанне «Белсата». Нешта «торкнула»! Гісторыя Расіі яна вялікая, так. Але яна імперская, з пазіцыі сілы заўсёды. Але калі пачынаеш гэта вывучаць, бачыш, што ўся гэтая гісторыя звязана з гвалтам. Робіцца крыўдна за той бок, які спазнаў гэты гвалт. Беларусь была аб’ектам гэтага імперскага ціску. І гэта ўсё працягваецца замоўчванне гісторыі, вялікіх персон...»

4  

Павел Падкарытаў з сынам

Абурае Паўла Падкарытава, калі новыя псеўдагісторыкі пачынаюць ачарняць Тадэвуша Касцюшку, Кастуся Каліноўскага ды іншых выбітных беларусаў.

Павел Падкарытаў: «Нам спрабуюць упарта даказаць, што гэта палякі, а не беларусы. Што беларусы не маюць ніякага дачынення да гэтага. Беларусам спрабуюць даказаць, што няма ў вас нічога, чым можна ганарыцца. Толькі ганчарнае рамяство і саломапляценне. Вы сяляне і ўсё тут».

Самастойнае вывучэнне гісторыі, сяброўства з Арловым і іншымі годнымі беларусамі хутка дало зразумець спадару Паўлу, што не толькі саломкай ды збанамі павінна ганарыцца радзіма ягонай бабулі.

Павел Падкарытаў: «Краіна замкаў»  можа, гэта і падштурхнула мяне да набыцця Падароску. Аддам усю сядзібу пад Музей беларускага шляхецтва. Там невялікае памяшканне, але ж і вялікі музей зрабіць складана. Каб паказаць, чым займалася шляхта, як бавілі час, як ваявалі, як жылі. Зрабіць сучасны музей, інтэрактыўны…»

5

Захапленне беларушчынай і вывучэнне сваіх беларускіх каранёў нават наштурхнулі Паўла Падкарытава ўзяць сабе прозвішча бабулі — Бераговіч.

Павел Падкарытаў: «Часам ужываю, так. Я прачытаў у Акуніна, што чалавек такая істота, якая можа за жыццё некалькі разоў змяніць сваё аблічча. Шкада тых людзей, якія гэтага не разумеюць, не спрабуюць. Збег акалічнасцяў даў мне магчымасць паспрабаваць нейкае іншае аблічча. І прозвішча Бераговіч так, гэта нешта іншае. У мяне ўжо ёсць такая электронная пошта, нехта мяне ўжо так называе…»