Як прыцягнуць турыстаў у «самы еўрапейскі» горад Беларусі – Гродна?

08.02.2013 - Новости

Як прыцягнуць турыстаў у «самы еўрапейскі» горад Беларусі – Гродна?

Што можа быць мэтай падарожжа еўрапейских турыстаў па Беларусі? Калі ўзяць Гродна – гэты горад мае вельмі выгаднае геаграфічнае становішча, зусім блізка літоўская і польская межы. Але акурат ад мяжы і пачынаюцца праблемы

Што можа быць мэтай падарожжа еўрапейских турыстаў па Беларусі? Калі ўзяць Гродна – гэты горад мае вельмі выгаднае геаграфічнае становішча, зусім блізка літоўская і польская межы. Але акурат ад мяжы і пачынаюцца праблемы, паведамляе «Новая Еўропа».

На мінулым тыдні ў Гродне абмеркавалі, як бліжэйшым часам будзе развівацца турызм. Планы сапраўды маштабныя – стварыць і музей піва, і рачны вакзал, і аквапарк, і нават горналыжны курорт. Ці зацікавяцца гэтым інвестары?

І як цяпер Гродна выглядае на фоне суседніх Беластока і Друскенікаў, куды з задавальненнем ездзяць на адпачынак самыя ж беларусы?

Буйныя інвестыцыйныя праекты ў сферы турызму гродзенскія ўлады анансавалі яшчэ некалькі гадоў таму. Прыгадаем найбольш маштабныя. Перш за ўсё гэта стварэнне горналыжнага курорта на Аўгустоўскім канале ў Сапоцкіне проста на мяжы з Польшчай, таму ўлады разлічваюць на цікавасць еўрапейскіх турыстаў. У самой Польшчы, дарэчы, падобны курорт ужо існуе. «Шэльмент» месціцца непадалёк горада Аўгустова, на выходных тут збіраецца да 4 тысяч турыстаў.

Тэрыторыя канала ўключаная ў свабодную турыстычную зону, гэта значыць, інвестар мае права на льготны крэдыт і мінімальныя падаткі. Асноўнымі крытэрыямі для рэалізацыі інвестпраектаў на Аўгустоўскім канале выступаюць аб'ём інвестыцый не меншы за 200 тысяч еўра і накіраванасць інвестыцыйнага праекта на развіццё турыстычнай паркавай індустрыі і інфраструктуры. Маючы на Аўгустоўскім канале свой лыжны комплекс, можна стварыць зімовае турыстычнае кола Беларусь – Польшча – Літва. Аднак пакуль гэта застаецца толькі планамі. Асноўнага фінансавання чакаюць ад інвестараў, хоць пакуль на Аўгустоўскі канал прыйшлі толькі два прыватнікі – са стварэннем рыбацкай вёскі ды аграсядзібы. Буйных інвестараў пакуль няма. Зацверджаная Праграма развіцця спецыяльнага турыстычна-рэкрэацыйнага парка «Аўгустоўскі канал» на 2012–2015 гады прадугледжвае фінансаванне з беларускага бюджэту, сума павінна скласці 775 тысяч еўра.

2

Апроч горналыжнага комплексу, у Гродне і раёне абяцаюць стварыць і іншыя амбіцыйныя турыстычныя аб’екты: правесці рэканструкцыю Гродзенскага піўзавода са стварэннем музея піва (кошт праекта – 2 мільёны еўра), пабудаваць рачны вакзал (10 мільёнаў еўра), стварыць санаторны комплекс «Прывалка» (40 мільёнаў еўра), аквапарк у вёсцы Гожа (110 мільёнаў еўра) і турыстычны комплекс «Этнаграфічная вёска» (4 мільёны еўра), а таксама правесці рэканструкцыю палацавага комплексу ў Свяцку (13 мільёнаў еўра).

З аднаго боку Гродна мае вельмі выгаднае геаграфічнае становішча, каб прыцягваць турыстаў з Еўропы, – зусім блізка літоўская і польская межы. З іншага боку акурат ад мяжы і пачынаецца моцная канкурэнцыя за турыстаў.

Перад рэгіёнам стаіць няпростая задача – зацікавіць палякаў і літоўцаў тым, чаго яны не змогуць пабачыць у сябе на радзіме. Да таго ж, прапанова павінна настолькі ўразіць, што турысты захочуць аддаць дадатковыя грошы за візу. На думку экспертаў, гэта адзін з самых асноўных бар’ераў у прыцягненні гасцей з ЕС. Нават жыхарам прымежнай зоны атрымаць беларускую візу не так проста. Консульскі аддзел Беларусі ў Аўгустове не працуе з 2009 года, таму па візу палякам трэба ехаць у Беласток.

Сярод іншых праблем, з якімі сутыкаюцца еўрапейскія турысты, можна назваць адсутнасць эканамічнага жытла (невялікіх гатэляў і хостэлаў) ды дрэнна наладжаную структуру грамадскага харчавання (у выхадныя многія рэстараны і кавярні закрытыя на спецабслугоўванне).

Канкурыраваць з суседзямі у плане аквапаркаў і горналыжных цэнтраў будзе сапраўды складана (у Беластоку і Друскеніках аб’екты існуюць даўно і карыстаюцца папулярнасцю не толькі сярод мясцовых жыхароў, але і гасцей з самой Беларусі), таму гродзенцы паралельна імкнуцца развіваць агра- і этнатурызм. Беларускі бок арганізаваў адмысловы праект «Падарожжа ў этнаказку», які падтрымала Сувальская сялянска-турыстычная палата (Польшча). Праект прадугледжвае стварэнне брашуры-даведніка з прозвішчамі народных майстроў. Гэта дапаможа турыстычным прадпрыемствам наўпрост звязвацца з імі, каб закупіць у якасці сувеніраў іхнюю прадукцыю. Таксама плануецца пракласці праз тыя мясціны, дзе жывуць і працуюць народныя майстры, турыстычныя маршруты.

Сувальшчына ўжо мае добры прыклад. Створаныя тут «Вёскі казак» маюць высокі попыт сярод турыстаў.

Сярод найбольш важных пунктаў рэалізацыі беларуска-польска-украінскага праекта – рамонт Літаратурнага музея ў Гудзевічах Мастоўскага раёна і развіццё Музея акадэміка Яўхіма Карскага ў гродзенскай гімназіі № 1.

Паводле колькасці аграсядзіб Гродзенская вобласць займае чацвёртае месца ў краіне. У канцэпцыі развіцця агратурызму адзначаецца: «Турызм у рэгіёне аб'ядноўвае сучасную інфраструктуру з унікальнымі гістарычнымі і культурнымі каштоўнасцямі. Магчымасці для развіцця аграэкатурызму тут вельмі разнастайныя і прывабныя. Акрамя таго, Гродзенская вобласць, у параўнанні з іншымі абласцямі рэспублікі, характарызуецца высокім сельскагаспадарчым патэнцыялам, што з'яўляецца спрыяльным фактарам для развіцця аграэкатурызму».

Сёлета ў вобласці збіраюцца арганізаваць больш за 20 розных фестываляў, у тым ліку дабрачынных. Сярод ідэй – фестывалі квасу, сыру, абрадавых рамёстваў і вулічных тэатраў. Ужо традыцыйным для Гродна стаў фестываль нацыянальных культур. На меркаванне экспертаў, падзейны турызм – гэта вельмі перспектыўны кірунак, але яшчэ слаба раскручаны ў Беларусі ўвогуле і ў Гродне ў прыватнасці.

Дарэчы, сёлета самому Гродна спаўняецца 885 гадоў, а гэта таксама добрая нагода для свята і, адпаведна, прыцягнення турыстаў.

Адар’я Гуштын

Рубрики: Проблемы

Страны: Беларусь


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Новости по теме:

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах