Trinity House – новы хостэл ў Траецкім

08.02.2013 - Новости

Trinity House – новы хостэл ў Траецкім

Хутка ў Траецкім прадмесці адкрыецца хостэл Trinity – першая міні-гасцініца сталіцы з высакародным відам з акна. Гэта будзе ўжо трэці хостэл пад брэндам Traveler, а дырэктарам усіх кропак сеткі выступае 20-гадовая Ксенія Курусь

Хутка ў Траецкім прадмесці адкрыецца хостэл Trinity – першая міні-гасцініца сталіцы з высакародным відам з акна. Гэта будзе ўжо трэці хостэл пад брэндам Traveler, а дырэктарам усіх кропак сеткі выступае 20-гадовая Ксенія Курусь, піша 34mag.net

Ныраем у адну з арак Траецкага прадмесця і хутка знаходзім трохпавярховы будынак па адрасе Старавіленская, 12. Цэлы пад'езд гэтага дома з 22 лютага зробіцца хостэлам Trinity. На першым паверсе міні-гасцініцы пакуль пануюць маўклівыя будаўнікі, а побач з лесвіцай штабялямі ляжаць матрацы. Таму мы, не затрымліваючыся, падымаемся на другі паверх. Тут у beta-версіі хостэла жывуць першыя пастаяльцы. Пакуль дзяўчаты-адміністратары запарваюць гарбату, дырэктарка хостэла Ксенія Курусь абмалёўвае бліжэйшую будучыню.

hostel_copy

Адкрыццё хостэла запланавалі на канец лютага. Да гэтага часу даробяць першы паверх – і ў хостэле будуць месцы для 55 турыстаў. Тут ёсць шасці-, пяці-, чатырох- і трохмясцовыя нумары і «люкс». Кошты пачынаюцца ад $ 15 за самы густанаселены пакой і рухаюцца ўверх да $ 45 – за «люкс».

Усе стандартныя нішцякі ў Trinity прысутнічаюць – бясплатны wi-fi, настольныя гульні і гіды па горадзе. У перспектыве тут будзе більярд, настольны футбол і гульнявыя аўтаматы на трэцім паверсе. Бонусам да гэтага набору – кандыцыянеры ў некаторых нумарах ды дармовыя тосты з джэмам і мюслі з малаком на сняданак.

Але галоўны плюс– гэта само месца, у якім знаходзіцца хостэл. У адрозненне ад канкурэнтаў, з вокнаў Trinity бачныя рэшткі старога Менску, а ўсе гістарычныя каштоўнасці – у межах пешай даступнасці.

ksenia «Такое месца я шукала амаль паўгода, – распавядае Ксенія. – Быў яшчэ варыянт на Карла Маркса, але памяшканне аддалі пад кафэ, бо яны «раней прыйшлі» або нешта такое. Як знайшла гэты райскі кут? Калі ты робіш добрую справу, Сусвет табе дапамагае».

Наогул, Ксенія вельмі часта кажа пра дабро, любоў да сваёй справы і сусветную гармонію. Спачатку нават не верыцца, што такая рамантычная 20-гадовая дзяўчына адкрывае ўжо трэці хостэл за год. Але менавіта яна з праектам хостэла перамагла на конкурсе StartupWeekend у студзені 2012 года. А потым дамовілася з інвестарам, які вылучыў $ 50 тыс. на рэалізацыю праекта. У траўні Ксенія адкрыла першы хостэл у Чыжоўцы, у кастрычніку – другі на вуліцы Максіма Танка. Trinity – трэці па ліку.

Цяпер хостэл на Танка зачынілі і аб’ядналі з Trinity. Грошы на ўсе гэтыя праекты даваў бізнесовец Аляксандр Кныровіч, які займаецца будаўніцтвам. Па ходзе размовы разумею, чаму ён даверыў кіраванне хостэлам Ксеніі.

khostel2

khostel1

«Першыя паўгода я жыла ў хостэле ў Чыжоўцы, – успамінае яна. – Падчас рамонту была прарабам. Ужо потым з раніцы гатавала пастаяльцам сняданкі: бліны і вафлі пякла, гарбату-каву налівала. Вырашыла, што трэба спачатку самой усё паспрабаваць, каб было зразумела, чаго патрабаваць ад адміністратараў. Плюс я ў асноўным сама прымаю званкі ад кліентаў і складаю ўсе фінансавыя справаздачы».

Карацей, «жалезная лэдзі» belarusian edition. Акрамя стаханаўскіх змен у хостэле Ксенія таксама вучыцца ва ўніверы. Хоць пасля адкрыцця першай міні-гасцініцы хутка давялося перавесціся на завочку.

khostel3

Скончыўшы з гэтай гісторыяй поспеху, мы яшчэ раз аглядаем усе адкрытыя пакоі. Пакуль усё выглядае вельмі проста, але, паводле Ксеніі, да адкрыцця памяшканне абрасце прыемнымі дэталямі і зробіцца «сапраўдным еўрапейскім хостэлам». Наогул, усяго за год у Менску зрабілася немагчыма адкрыць міні-гасцініцу і чакаць манапольнага поспеху. Улічваючы канкурэнцыю, цяпер за турыстаў трэба біцца і прыцягваць іх дадатковымі перавагамі.

khostel4

«За апошні час адкрыліся амаль дзесяць хостэлаў. Такі ажыятаж зразумелы, бо крута мець свой хостэл і зусім нескладана зняць якую-небудзь кватэру і паставіць туды двух’ярусныя ложкі. Складана не зачыніцца праз паўгода,– кажа Ксенія. – Першыя месяцы тры трэба быць гатовым працаваць у мінус, начаваць на працы, вучыцца рабіць фінансавыя справаздачы і ўвесь час шукаць супрацоўнікаў. У ідэале супрацоўнікі павінны быць такімі ж апантанымі, як я сама. Каб для іх хостэл быў другім домам, а пастаяльцы рабіліся сябрамі».

khostel6

Паводле Ксеніі, у сферы хостэлаў усё залежыць ад каманды. І пакуль тут больш за ўсё праблем. Тым больш, што Курусь ёсць з чым параўнаць. Да ўсяго іншага яна яшчэ сузаснавальніца і адзін з PR-менеджараў крэатыўнага кластару МЕ100, дзе кожны супрацоўнік – паўнавартасны ўдзельнік агульнай дзвіжухі.

khostel7

«Хтосьці оптавалакно за бясцэнак дастаў, хтосьці мэблю з Ikea добрую знайшоў, хтосьці дамовіўся пра інтэрв'ю, – распавядае Ксенія аб працы першага крэатыўнага кластару. – Такая крутая сінэргія атрымліваецца, дзе ўсім усё трэба і ўсе працуюць разам. Калі ў мяне атрымаецца бліжэйшым часам такую каманду стварыць для хостэлаў, то можна будзе далей развівацца і адкрываць нешта ў рэгіёнах».

У канцы размовы, падкрэсліваючы важнасць каманднай гульні і выкарыстоўваючы ўсе каналы для пошуку аднадумцаў, Ксенія просіць дапамагчы ёй знайсці супрацоўніка: «Я фізічна не паспяваю рабіць усё. Вось ваш сайт чытаюць цікавыя і актыўныя людзі. Можа, хто-небудзь хоча папрацаваць намеснікам дырэктара? Калі вам гэта сапраўды трэба і вы гатовыя выкладвацца, то спрацуемся. Пішыце».

khostel8

Рубрики: Инфраструктура

Страны: Беларусь


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Новости по теме:

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах