https://www.traditionrolex.com/8
<p>Замчышча пустуе ўжо больш за два стагоддзі. Цяпер на шляху яго аднаўлення стаяць юрыдычныя перашкоды</p>
Дэлегацыя са Швецыі наведала Маладзечна ў канцы студзеня. У сумесных планах партнёраў – адкрыць гісторыка-культурны цэнтр «Маладзечанскі замак», паведамляе «Рэгіянальная газета».
Скандынаўскія госці Арнэ Элефорс і Рогер Хэлквіст прадстаўляюць шведска-беларускую бізнес-асацыяцыю. У Беларусь яны завіталі не ўпершыню.

– Прадстаўнікі асацыяцыі ўжо рэалізоўвалі праекты ў нашай краіне, – кажа Павел Сапоцька, намеснік дырэктара па культуры прадпрыемства «Бізнес-Цэнтр Саюз-Партнёр». – На Віцебшчыне яны дапамагалі ў рэканструкцыі шляху «з варагаў у грэкі». 

Праект прэзентавалі старшыні райвыканкама Фёдару Дамаценку. У спецыяльную рабочую групу ўвайшла намесніца старшыні Маладзечанскага райвыканкама Наталля Нікіценка

– Да працы з замчышчам мы будзем прыцягваць ўсіх неабходных спецыялістаў, – каментуе Павел Сапоцька. – Ужо ёсць дамова з Ірынай Ганецкай, супрацоўніцай Інстытута гісторыі Акадэміі навук.

Праца на замчышчы павінна пачацца сёлета.

Урачыстае адкрыццё гісторыка-культурнага комплексу запланавана на 2015 год, калі беларусы будуць адзначаць 250-годдзе з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага. Аўтарам праекта «Маладзечанскі замак» стаў Мікалай Тамашэўскі.

Пэўную суму выдзеліць дзяржаўны бюджэт у межах праекта «Замкі Беларусі».

Рэалізацыя праекта – пад пытаннем
Праект замчышча ўжо існуе, але сам яго аўтар сумняваецца ў тым, што праца скончыцца ў 2015 годзе.

– Цяпер праект часова спынены, – кажа Мікалай Тамашэўскі. – Існуе дэкрэт прэзідэнта, які кантралюе выдачу зямлі пад інвестыцыйныя праекты. У выпадку «Маладзечанскага замка» не ўсё так гладка. Трэба, каб дакументы перагледзела Міністэрства юстыцыі і іншыя заканадаўчыя органы. Гэта не робіцца за пару тыдняў. Таму я не стаў бы казаць, што прадбачу пазітыўныя змены. Колькі гадоў ужо займаемся замчышчам, а на практыцы змен пакуль няма.

Праект спадара Мікалая дэталёва распрацаваны.

Акрамя замчышча, у яго ўваходзіць кавярня, гасціны двор, музей гісторыі Маладзечанскага замка.

У музеі аўтар плануе выставіць макеты, на якіх будуць паказаныя змены замка, а таксама партрэты ўсіх гаспадароў.

get_img

Добры праект заўсёды каштуе дорага

Па каментарый «РГ» звярнулася і да намесніцы старшыні Маладзечанскага райвыканкама.
– На маю думку, праекты, якія прапаноўваюцца цяпер, вельмі дробныя, – кажа Наталля Нікіценка. – Трэба памятаць, што замчышча знаходзіцца на самым уездзе ў горад. Вядома, асоба Агінскага вельмі важная для нашага рэгіёна, і ўсё, звязанае з яго імем, варта развіваць. Але на годны праект трэба патраціць неверагодную суму грошай. Сучасны турыст патрабуе камфорту і зручнасці. 

Да таго ж свае карэктывы ўносіць і заканадаўства: палажэнне аб інвестыцыйных праектах яшчэ разглядаецца. Невядома, якія прапановы будуць прынятыя і як яны паўплываюць на далейшы лёс замчышча.

Цягам лютага будуць вырашаныя фінансавыя пытанні, а таксама ўстаноўленыя канкрэтныя тэрміны працы.

Аляксандра ПАРАХНЯ

Фота Аляксандра МАНЦЭВІЧА

https://www.traditionrolex.com/8