https://www.traditionrolex.com/8
<p>Надзвычайная перавага Юравічаў заключаецца акурат у тым, што турыстычны патэнцыял тут не канцэнтруецца толькі вакол аднаго аб’екта альбо эпохі. Яго можна плаўна рэалізоўваць і ўглыб, і ўшыркі, прымушаючы экскурсійны аўтобус «скакаць» праз стагоддзі — не раўнуючы, нібы машына часу. Наступным прыпынкам, натуральна, стане архітэктурная дамінанта былога мястэчка — і, адпаведна, першая палова XVIII стагоддзя</p>
«Вечная мерзлата» рэгіянальнага брэнда?
У час выязной рэдакцыі газеты «Культура» вядомы археолаг, доктар гістарычных навук Алена Калечыц звярнулася да журналістаў «К» з просьбай зноў акцэнтаваць увагу на праблемах, дакладней, «замарожаным стане» Юравіцкай стаянкі першабытнага чалавека. Мы абяцалі. І вось вынік той дамовы.

— А вы ведаеце, як нашы продкі палявалі на маманта? — пытае вядомы археолаг, доктар гістарычных навук Алена Калечыц. — У гэтых мясцінах былі гіганцкія валуны, і людзі заганялі жывёлін у своеасаблівыя пасткі. Маманты ламалі ногі і станавіліся лёгкай здабычай...

Навакольны антураж мала пасуе для такіх рэмінісцэнцый. Вонкава горад Калінкавічы нагадвае суцэльны спальны раён, і шукаць у ім нейкія сведчанні хоць якой даўніны — справа зусім марная. Таму ёсць, напэўна, нешта сімвалічнае ў тым, што найстарэйшы на беларускай зямлі помнік спадчыны першабытнага чалавека месціцца акурат пад бокам у гэтага цалкам сучаснага горада. Адсюль і опцыя для турыстаў: праязджаеш усяго якіх 20 кіламетраў у вёску Юравічы — і нібыта пераносішся на пару-тройку тысячагоддзяў назад!

Выраз «рэгіянальны брэнд» тут напрошваецца сам сабою, а пра патэнцыйны попыт на сувеніры з выявай маманта ўжо пісалі калегі ў матэрыялах выязной рэдакцыі па Гомельшчыне. На нядаўняй абласной спартакіядзе-конкурсе сярод дзяржслужачых (ёсць на Гомельшчыне такая цікавая традыцыя) калінкавіцкая «каманда» прадставіла свой край з дапамогай дасціпнага ды зухаватага нумара ў фармаце КВЗ. Завязка сюжэта наступная: супрацоўнікі адміністрацыі выдумляюць новыя спосабы прывабіць замежных гасцей у Юравічы. Маўляў, паляванне на маманта ды іншыя падобныя атракцыі ўжо настолькі прыеліся, што нікога імі не здзівіць, а турыстаў хацелася б бачыць не дзясяткі тысяч, а сотні...

На жаль, пакуль гэта толькі мары: сёння ў Юравічах пра інтэрактыўны турэксклюзіў гутарка не вядзецца. Дый наўрад ці атрымаецца нават проста падняцца на той схіл, дзе ўпершыню на тэрыторыі Беларусі «адзначыўся» чалавек. Узімку бетонныя прыступкі, якія вядуць да археалагічнай адметнасці, пакрывае ці не паўметровы слой снегу…

І справа нават не ў браку руплівасці камунальнікаў. Справа ў тым, што ўнікальны, як мінімум па беларускіх мерках, аб’ект, што меўся быць здадзены напрыканцы мінулага года, нібыта захраснуў паміж небам ды зямлёю. Хаця праект яго музеефікацыі даўно гатовы, архітэктары належныя сродкі паспяхова асвоілі, ды і ладная частка будаўнічых работ ужо выканана!

1

А пакуль сам музей застаецца ў такім «палавінчатым» выглядзе, чысціць проста не будзе для каго. Ды і летняя кавярня, каркас якой ужо прадбачліва з’явіўся насупраць адметнасці, так і застанецца на «ўзроўні шкілета», ніколі не прыняўшы наведвальнікаў.

На жаль, гэты вобраз пакуль што застаецца «скразным» у дачыненні да ўсіх тых эфектных захадаў па турыстызацыі Юравічаў, пра якія мы ўжо пісалі неаднойчы. Не шчыруюць сёння будаўнікі і яшчэ на адной адметнасці вёскі — колішнім езуіцкім калегіуме, які 150 гадоў таму стаў праваслаўным манастыром і ўжо ў наш час адрадзіўся менавіта ў гэтай іпастасі. Тут сітуацыя тая ж самая: рэстаўрацыя былога касцёла пачалася ў добрым тэмпе і з уражальнымі вынікамі, ды... спынілася ў цяжкі для эканомікі пазамінулы год.

Сёй-той на гэты конт ужо паспеў прасякнуцца песімізмам. У сваю чаргу начальнік аддзела культуры Калінкавіцкага райвыканкама Уладзімір Елісееў перакананы, што пераўтварэнне Юравічаў у турыстычны аазіс крыху адклалася, але... зусім ненадоўга.

— Увод абодвух аб’ектаў плануецца ўжо ў 2014-м, — распавёў ён. — На наступны год мяркуецца і асноўны аб’ём фінансавання. Зрэшты, у калегіуме работы павінны аднавіцца ўжо сёлета: з рэспубліканскага ды абласнога бюджэтаў на гэтыя мэты выдаткавана агулам каля пяці мільярдаў рублёў. Што да музеефікацыі археалагічнага аб’екта... Для яго завяршэння сродкаў патрабуецца менш. І таму мы спадзяёмся, што з імі затрымкі не будзе…

Падаецца, іншы варыянт развіцця падзей будзе, прынамсі, недарэчным — асабліва з увагі на сёлетні Год беражлівасці.

Перыяд пакуль не «засвоены»

Падобныя спадзяванні мае і Алена Калечыц. Доўгі час яна разам з калегамі даследавала гэты помнік і таму можа шмат пра яго распавесці:

 — Не так даўно галандскія навукоўцы пацвердзілі даціроўку гэтага аб’екта. Калі не лічыць нейкія адзінкавыя артэфакты, што не могуць стаць падмуркам для дакладных высноў, то больш даўніх сведчанняў пра сваю прысутнасць на тэрыторыі сучаснай Беларусі чалавек не пакінуў. Тут варта хіба ўдакладніць: хутчэй за ўсё, на тэрыторыі сучасных Юравічаў месціцца не стаянка першабытнага чалавека, а паляўнічы лагер. Менавіта таму было выяўлена вельмі шмат костак мамантаў (а таксама, зрэшты, і іншых жывёлін, кшталту аленя і насарога) ды параўнальна мала гаспадарчых прылад...

З цягам часу ў даследчыцы з’явілася заканамерная думка, што экскурс у далёкую мінуўшчыну цалкам можа мець праекцыю і на будучыню. Гадоў восем таму Алена Калечыц выступіла з прапановай стварыць на месцы лагера археалагічны музей. Тагачасны старшыня аблвыканкама Аляксандр Якабсон ухваліў ідэю без ваганняў, і справа адразу зрушылася з мёртвай кропкі. Юравічам была наканавана асаблівая роля ў амбітным праекце «Залатое кольца Гомельшчыны».

Гэтаму населенаму пункту з неверагодна доўгай гісторыяй выпаў папраўдзе незайздросны лёс. У свой час буйное мястэчка было сапраўдным цэнтрам свайго рэгіёна, «выспачкай сярод палескіх балот», як пісалі ў адной дарэвалюцыйнай кнізе. Яно і не дзіва: галоўнымі транспартнымі ды гандлёвымі артэрыямі цягам доўгіх стагоддзяў былі рэкі, і ў прыватнасці — Прыпяць. Але тэхнічная рэвалюцыя канца ХІХ стагоддзя рэзка змяніла акцэнты на карысць невялічкай на той момант вёскі Калінкавічы, якая неспадзявана стала чыгуначным вузлом. І вось у новым цэнтры сталі расці прадпрыемствы, а традыцыйныя саматужныя рамёствы Юравічаў пачалі занепадаць, насельніцтва — паступова скарачацца...

Ёсць спадзяванні на тое, што спыніць гэты рух зможа менавіта той апошні мамант, якога забілі ды з’елі даўнія продкі цяперашніх вяскоўцаў. Спадзяванні больш чым лагічныя: нічога падобнага да запланаванага музея айчынная туріндустрыя не прапануе і блізка. Увогуле той гістарычны (ці, дакладней, дагістарычны) перыяд, да якога ён апелюе, пакуль амаль не «засвоены». Гэта ж не якіясьці там «навабуды» кшталту замкаў альбо гатычных храмаў! І таму Гомельшчына, што не мае ніводнага з іх і таму займела рэпутацыю найбяднейшага на гісторыка-архітэктурныя адметнасці мінулага рэгіёна краіны, можа ўзяць сур’ёзны рэванш за кошт археалогіі... Як тут не прыгадаць ініцыятыву стварэння гісторыка-археалагічнага запаведніка на Рагачоўшчыне, пра што мы пісалі ў № 3 за 2013 г.!

Зрэшты, на першых часах задума стварэння інавацыйнага музейнага аб’екта рэалізоўвалася ў тэмпе алегра. Упраўленне капітальнага будаўніцтва Калінкавіцкага раёна ўзялося за справу з імпэтам.

— Будаўніцтва было вельмі складаным: на вялікай вышыні, тэхніку не падгоніш, і таму рабочым даводзілася спраўляцца ўручную, — распавядае Алена Калечыц. — Мы ставілі перад сабой задачу захаваць рэшткі культурнага слою для наступных пакаленняў: а раптам яны здолеюць «выцягнуць» з яго тое, што сучаснай навуцы пакуль недаступна? І пад бетоннай «накрыўкай» гэты не падуладны нам пакуль матэрыял будзе захоўвацца столькі, колькі патрэбна…

Археолаг і навуковы кіраўнік новага музея недаўмявае, чаму работы спыніліся. Асабліва цяпер, калі столькі сродкаў ужо ўкладзена. І — шчыра спадзяецца на тое, што іх лагічны фінал усё ж не за гарамі, хаця стромкіх схілаў у ваколіцах Юравічаў нямала.

— І на адным з іх, дарэчы, яшчэ прыкладна ў дзясятым стагоддзі — ужо нашай эры, стаяў немалы па тагачасных мерках горад, — Алена Генадзьеўна плаўна пераходзіць праз эпохі гісторыі Юравічаў. — Гэта адно з найбуйнейшых гарадзішчаў таго перыяду на Беларусі. І, да таго ж, адтуль адкрываецца ашаламляльная панарама даліны Прыпяці. Таму калі яго трохі добраўпарадкаваць, зрабіць там аглядную пляцоўку...

Барока — і нічога лішняга

Надзвычайная перавага Юравічаў заключаецца акурат у тым, што турыстычны пантэнцял тут не канцэнтруецца толькі вакол аднаго аб’екта альбо эпохі. Яго можна плаўна рэалізоўваць і ўглыб, і ўшыркі, прымушаючы экскурсійны аўтобус «скакаць» праз стагоддзі — не раўнуючы, нібы машына часу. Наступным прыпынкам, натуральна, стане архітэктурная дамінанта былога мястэчка — і, адпаведна, першая палова XVIII стагоддзя.

2

Яшчэ зусім нядаўна колішні езуіцкі касцёл выклікаў такія самыя шчымлівыя пачуцці, што і яго велічныя ды занядбаныя «равеснікі» ў Селішчы, Смалянах, Лыскаве... Такіх сведчанняў еўрапейскага маштабу нашай культурнай спадчыны на Беларусі можна знайсці з добры тузін, і юравіцкі храм быў далёка не лепшы ў сваёй намінацыі паводле тэхнічнага стану. Скажам, у Княжыцах або Белай Царкве яшчэ сяк-так захаваліся скляпенні, а гэты храм прастаяў без даху ажно з вайны, штолета зарастаючы хмыззём, а штозіму напаўняючыся сумётамі…

Літаральна за некалькі гадоў рэстаўратары здолелі зрабіць тое, што многім падаецца проста неверагодным: ператварыць лядашчыя руіны ў жыццяздольны будынак. Адноўлены страчаныя аб’ёмы барочных вежаў і франтон, усталяваны купалы, якія, дарэчы, ужо паспелі трохі пакрыцца пацінай, з’явілася і вежачка-сігнатура, якую можна ўбачыць хіба на вельмі старых малюнках. І самае галоўнае — дах! Хаця работы і спыніліся, найгалоўны іх вынік быў дасягнуты: храму больш не пагражае небяспека. Між іншым, нават і сапраўдная керамічная дахоўка знайшлася менавіта ад айчынных вытворцаў!

Даўно заўважыў, што да Юравіцкай святыні на Гомельшчыне стаўленне асаблівае: маўляў, гэта ж сапраўднае барока! Апошняе слова вымаўляецца тут з асаблівым «прыдыханнем», і такую танальнасць можна лёгка зразумець. Жыхароў Гродзеншчыны альбо Віцебшчыны барочнымі абрысамі здзівіць куды складаней: у гэтых рэгіёнах шэдэўры стылю налічваюцца дзясяткамі. А вось Гомельшчына... Апрача Юравічаў, прыгадваюцца хіба яшчэ два храмы ў недалёкім адтуль Мазыры. І ўсё.

Натуральна, гэты «статус-кво» ніяк не змяніць: ад сучаснікаў ён не залежыць. Затое з нядаўняга часу вобласць мае іншую падставу для гонару: яна стала адзіным рэгіёнам краіны, дзе няма ніводнага занядбанага барочнага храма. Хаця службы ў юравіцкай царкве пакуль не ідуць, за яе лёс непакоіцца ўжо не выпадае.

Сапраўдная ўнікальнасць былога калегіума (прынамсі, у межах краіны) заключаецца менавіта ў тым, што ён захаваўся ў адноснай цэласнасці — уключна з мурамі ды невялічкімі вежамі, якія некалі мелі нават абарончае значэнне. Частка перыметру муроў была страчана — і ўжо часткова адноўлена, за тыя лічаныя гады, калі ў Юравічах панаваў «рух»!

Карыстальнік аднаго інтэрнэт-форуму задаецца пытаннем: а што ж будзе з той буслянкай на адной з вежаў, якую даўно аблюбавалі фатографы? І тут жа змешчаны адказ: перанесці гняздо на нейкі суседні слуп няма ніякіх тэхнічных праблем. Па вяртанні з выраю буслы толькі ўзрадуюцца, атрымаўшы новую кватэру.

Новы статус для школьнага музея

Архітэктурных сведчанняў гісторыі Юравічаў наступных стагоддзяў, на жаль, не захавалася, але... Падарожжа не заканчваецца і на гэтым. Віруючы паміж незлічоных узгоркаў, тураўтобус, урэшце, апынаецца... ужо ў ХХІ стагоддзі. У тым папраўдзе гістарычным перыядзе, калі «збяднелая» з мястэчка вёска пераўтварылася ў аграгарадок, займеўшы ўвесь звыклы для гэтага статуса набор выгод. І нават больш: кавярню з гатэлем, што з’явіліся тут яўна з разлікам на будучых турыстаў — ды, як бачым, крыху «апярэдзілі падзеі». Але самы галоўны дадатак да «базавай» інфраструктуры аграгарадка — гэта менавіта музей. Яго памяшканням нават некаторыя рэспубліканскія ўстановы пазайздросцілі б, а экспанатам — і пагатоў!

— Турысты да нас рэгулярна завітваюць, у тым ліку і з-за мяжы, — распавядае дырэктар мясцовай школы Сяргей Блоцкі. — Вядома, мы іх ахвотна прымаем, я праводжу экскурсіі. Натуральна, выключна на энтузіязме: білеты ж сюды ніхто не прадае. Але мне, паверце, зусім не лянота...

У гэта ахвотна верыцца, але... Усё ж, падалося, гэты школьны музей заслугоўвае куды большага статуса ды, адпаведна, і большых рэсурсаў — не толькі фінансавых, але і інтэлектуальных. Бо казаць пра тое, што шыкоўныя экспанаты сёння ўтвараюць цэласную экспазіцыю, на жаль, не выпадае. Але... Хіба здатны хоць які школьны музей запрасіць прафесійных мастакоў, стварыць належныя ўмовы захоўвання (а некаторыя косткі маманта ўжо пачынаюць трушчыцца), а потым і ўтрымліваць кваліфікаваны персанал?

— Безумоўна, гэты музей павінен увайсці ў адзіны турыстычны комплекс з лагерам першабытнага чалавека ды калегіумам, — мяркуе Алена Калечыц. — Але, вядома, у зусім іншым сваім увасабленні: з выразна аздобленай экспазіцыяй і актыўным выкарыстаннем мультымедыйных тэхналогій. Мы ўжо неаднаразова абмяркоўвалі дадзенае пытанне, наладзілася і супрацоўніцтва з выдатнай «камандай» мастакоў. Як падаецца, ёсць усё, што патрэбна для таго, каб пераўвасобіць гэты музей. Апрача, самі ведаеце, фінансаў...

Натуральна, тут можа ўзнікнуць пытанне: а ці не зашмат будзе музеяў для адной вёскі? Алена Калечыц пераканана ў адваротным. І менавіта ў сваёй сукупнасці аб’екты Юравічаў утвараюць паўнавартасны турпрадукт, дзеля якога зацікаўлены падарожнік не палянуецца праехаць колькі соцень кіламетраў. Бензін каштуе нятанна, і калі ўражанні не здолеюць яго акупіць, інвестыцыі — дарэмныя.

— Не думаю, што на месцы лагера магчыма правесці нейкую паўнавартасную эксурсію, распавёўшы турыстам пра ўмовы жыцця першабытнага чалавека, — лічыць навуковы кіраўнік аб’екта. — Сам фізічны аб’ём гэтага не дазваляе, асабліва ў тых варунках, калі турыстаў будзе шмат. І таму я лічу, што туды яны павінны прыязджаць ужо інфармацыйна падрыхтаванымі — пасля наведання школьнага музея.
У ім трэба прадставіць не толькі першабытны перыяд: мінулае мястэчка ўтварае канцэпцыю экспазіцыі, насычанай рознымі сучаснымі метадалагічнымі прыёмамі. Мы прывезлі ў гэты музей адзіны на Беларусі рэканструяваны ўзор чалавечага жытла, зробленага з костак маманта. Але пакуль ён стаіць у разабраным выглядзе...

На думку Уладзіміра Елісеева, вырашэннем праблемы з’яўляецца перадача школьнага музея на баланс аддзела культуры.

 — Ніякіх непаразуменняў на гэты конт у раёне няма, і калі прыйдзе час, застанецца толькі вырашыць разнастайныя юрыдычныя фармальнасці, — кажа начальнік аддзела культуры.

Натуральна, турысту няма ніякай справы да таго, на чыім балансе знаходзіцца той або іншы варты ўвагі аб’ект. Ды і ўвогуле, «вадападзел» паміж інстанцыямі тут так ці іначай мае быць выключна фармальным.

— Калі музей займее іншы якасны ўзровень, гэта паўплывае і на правядзенне школьных урокаў гісторыі, геаграфіі, біялогіі... — кажа Алена Калечыц. — Больш за тое: музей павінен стаць цэнтрам адраджэння страчаных рамёстваў мястэчка. І хіба гэта можа адбыцца без чыннага ўдзелу настаўнікаў ды вучняў?..

У сённяшнім музеі ёсць сапраўды шыкоўныя ўзоры вырабаў з лазы, якія ахвотна прыкупіў бы для сваіх інтэр’ераў сёй-той патрабавальны турыст. Запытаў у Сяргея Блоцкага, ці засталіся ў вёсцы тыя майстры, што памятаюць старыя традыцыі.

— Так, ёсць адзін чалавек, — адказаў той. — І калі ў яго з’явіцца матывацыя, ён, мяркую, здатны добра ўзяцца за справу, ды і іншых ёй навучыць...

На тле той цішы, што пануе сёння ў Юравічах, усе ідэі ўяўляюцца фантастыкай. Тым не менш існуюць фактары, якія дазваляюць у іх верыць. І гэта перадусім энтузіязм тых людзей, з якімі давялося абмяркоўваць пытанне — і ў Юравічах, і ў Калінкавічах, і ў Гомелі, і ў Мінску.

У той самы час, ёсць і чыста аб’ектыўныя матывацыі. Без сумнення, «Залатое кольца Гомельшчыны» мае перспектыву менавіта ў сукупнасці сваіх «звёнаў»: адметнасць «у чыстым полі» мае небагата шанцаў прыцягнуць увагу турыстаў. І вось Юравічы становяцца адным з «кутніх камянёў» для цэлага канкурэнтаздольнага маршруту: побач — Мазыр, дзе, натуральна, ёсць на што паглядзець, а ў нейкай перспектыве, варта спадзявацца, і палац Горватаў у Нароўлі будзе не сорамна турыстам паказваць... Урэшце, гэтыя тры пункты злучае тая артэрыя, якая можа стаць сапраўднай «залатой жылай» для палескага турызму — судаходная рака Прыпяць, забяспечаная, дарэчы, ці не ўсёй патрэбнай для «круізаў» інфраструктурай.

Абмяркоўваем з начальнікам аддзела культуры тыя «тэхнічныя складанасці», што ўзнікнуць пры рэалізацыі задумы. Гутарка доўжыцца некалькі гадзін, бо і тэм для клопату зусім не бракуе. Патрэбны ж і руплівыя кадры — пры цяперашніх заробках тых жа музейшчыкаў, — і вырашэнне мноства юрыдычных момантаў. Але Уладзімір Елісееў цяжкасцей не баіцца.

— Не хвалюйцеся, крэатыўных ідэй у нас не бракуе, і мы забяспечым турыста не толькі паляваннем на маманта, але і... нешта яшчэ прыдумаем! — запэўніў ён. — Галоўнае, каб да гэтага дайшла справа, і лёс юравіцкіх цікавостак быў вырашаны…

Ілья СВІРЫН
https://www.traditionrolex.com/8