https://www.traditionrolex.com/8
<p>Баркалабава плюс экзоты</p>

Сёлета ў першую нядзелю верасня Дзень беларускага пісьменства прыме Быхаў. Разам з ганаровай місіяй горад можа прыняць і вялікае мноства турыстаў. Але ці багаты Быхаў на цікавыя гістарычныя аб’екты? Адказаць на гэтае пытанне дапамаглі супрацоўнікі мясцовага краязнаўчага музея, якія склалі свой топ-5 брэндавых аб’ектаў раёна ў кантэксце культуры, паведамляе «Культура».

1. Быхаўскі замак. Ці не галоўнай архітэктурнай пярлінай Быхава з’яўляецца яго старадаўні замак, што існуе з ХVI стагоддзя. Ён быў пабудаваны на правым беразе Дняпра і да 1590 года меў драўляна-земляныя ўмацаванні. Напрыканцы ХVI стагоддзя кароль Жыгімонт Аўгуст падарыў замак Яну Каралю Хадкевічу, які з тых часоў пачаў называцца «графам на Быхаве, Шклове і Мышы». Гетман Вялікага княства Літоўскага Хадкевіч у 1590 — 1619 гг. арганізаваў маштабныя работы па ўмацаванні горада: быў пабудаваны новы каменны замак, выкапаны равы, умацаваны сцены. Гэта зрабіла Быхаў адной з наймацнейшых цытадэлей ВКЛ. Пры Льву Сапегу, да якога горад адышоў у 1621 г., замак значна перабудавалі. У склад замкавых умацаванняў увайшлі, акрамя палаца, жылыя і гаспадарчыя каменныя будынкі. На жаль, з часам Быхаўскі замак страціў сваё стратэгічнае значэнне і прыйшоў у заняпад. У 70-х гадах ХIХ стагоддзя яго выкарыстоўвалі як турму, а затым — як казармы. У цяперашні час захаваліся толькі фрагменты замка, які зараз пачаў аднаўляцца.

2. Палацава-паркавы комплекс былой сядзібы ў вёсцы Грудзінаўка. За 33 кіламетры ад Быхава знаходзіцца вёска Грудзінаўка. Доўгі час мясцовасць з’яўлялася ўласнасцю Хадкевічаў і Сапегаў, а ў 1772 г., пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай, адышла да Расійскай імперыі. Кацярына ІІ падарыла вёску з прыгоннымі сялянамі графу Дзмітрыю Талстому, магілёўскаму губернатару. У справаздачах за 1804 — 1823 гг. гаворыцца, што ў маёнтку Грудзінаўка працуюць выдатны племянны конны завод і мануфактурная фабрыка. Пасля смерці Дзмітрыя Паўлавіча гаспадыняй сядзібы стала яго ўдава Аляксандра Рыгораўна. Пры ёй сядзіба ўражвала сваёй уладкаванасцю. У маёнтку была нават аранжарэя, дзе раслі персікі. На пачатку ХХ ст. у парку на ўзгорку быў пабудаваны каменны палац — двухпавярховы будынак з паўкруглай верандай, што падтрымліваецца шасцю калонамі, выкананымі ў тасканскім ордэры. У дэкаратыўным афармленні фасадаў выкарыстаны элементы класіцызму.

3. Баркалабаўская ікона Божай Маці. Святой апякункай Быхаўскай зямлі лічыцца ікона Баркалабаўскай Божай Маці — адзін з нешматлікіх цудатворных абразоў, якія захаваліся ў арыгінале. Паводле падання, у 1650-х гадах, пад час ваенных дзеянняў на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага, абраз быў узяты рускім войскам у адным з беларускіх храмаў і знаходзіўся ў князя Пажарскага. Калі войска князя ў 1659 г. падышло да сцен Баркалабаўскага манастыра, абоз, у якім знаходзілася ікона, нерухома стаў, і коні, нягледзячы на намаганні, не маглі крануцца з месца. Было вырашана пакінуць ікону ў манастыры, дзе яна і знаходзілася да 1-й паловы ХХ ст. У 2010-м ікона была ўрачыста перанесена ў храм Іаана Прадцечы адроджанага Баркалабаўскага жаночага манастыра. Акрамя таго, таксама ў Баркалабава, што ў XVI — XVII стст. з’яўлялася культурным і рэлігійным цэнтрам, быў створаны помнік пісьменства — «Баркалабаўскі летапіс». Ён пачынаецца паведамленнем пра Берасцейскі сойм 1544 г., на якім кароль Жыгімонт І прызначыў пераемнікам на княжацкі трон свайго сына Жыгімонта ІІ Аўгуста.

2

4. Вышыня Герояў. Перад пачаткам Беларускай наступальнай аперацыі «Баграціён» 556-му стралковаму палку 169-й стралковай дывізіі была пастаўлена баявая задача: на стыку 1-га і 2-га Беларускіх франтоў штурмам авалодаць пазіцыяй каля вёскі Лудчыцы і адцягнуць на сябе як мага больш тэхнікі ворага. Жорсткі бой вялі нашы воіны на подступах да Быхава. На досвітку 24 чэрвеня 1944 г. вышыня была ўзята. Тым не менш на працягу дня воіны палка адбілі звыш 20 жорсткіх фашысцкіх нападаў. Мемарыял Вайсковай славы быў адкрыты да 40-годдзя вызвалення Быхаўскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у чэрвені 1984-га каля вёскі Лудчыцы.

5. Сінагога ў Быхаве. Гэты аб’ект з’яўляецца помнікам архітэктуры XVII ст. Больш за тое: згаданая сінагога — найбольш ранняя з усіх існуючых на тэрыторыі Беларусі. Дакументальна засведчана існаванне яўрэйскай абшчыны ў Быхаве ў 2-й палове 20-х гадоў ХVІІ ст. Дазвол на пабудову ў Быхаве сінагогі даў уладальнік горада Антоній Сапега. Прычынай, што падштурхнула магната выдаць такі дазвол, была яго вялікая запазычанасць мясцоваму яўрэйскаму купецтву.

Будынак сінагогі ўяўляе амаль квадратную форму, завершаную чатырохсхілавым дахам. Абарончы характар будынку надавалі тоўстыя сцены, размешчаныя высока над зямлёй вокны, бакавая вежа. Падчас Вялікай Айчыннай будынак быў пашкоджаны. У першыя пасляваенныя гады ён выкарыстоўваўся для патрэб арміі, затым ператварыўся ў склад, а сёння знаходзіцца ў занядбаным стане…

УВАГА!

Дабрачынны рахунак на аднаўленне Быхаўскага замка № 364 204 579 4327 ЦБП № 706 філіял № 700 Магілёўскага абласнога ўпраўлення ААТ «ААБ «Беларусбанк». МФА 153.801.536; УНП 700085055. Плацяжы: г. Быхаў, вул. Леніна, д. 54, Аддзел культуры Быхаўскага райвыканкама.

https://www.traditionrolex.com/8