<p>Па словах старшыні пінскай арганізацыі Беларускага таварыства гідаў і перакладчыкаў Таццяны Хвагінай, цікавасць да палескіх балот праяўляюць турысты з Ізраіля, Польшчы, Германіі</p>

Магчымы працяг асушэння балотаў на Палессі можа нанесці шкоду не толькі навакольнаму асяроддзю, але і развіццю турызму, адзначаюць эксперты. Апошнія гады назіраецца паступовы рост попыту сярод замежных турыстаў наведаць пінскія і столінскія багны, паведамляе Беларускае радыё «Рацыя».

Па словах старшыні пінскай арганізацыі Беларускага таварыства гідаў і перакладчыкаў Таццяны Хвагінай, цікавасць да палескіх балот праяўляюць турысты з Ізраіля, Польшчы, Германіі:

– Сустракаюцца з Палессем пасля меліярацыі, і я не адзін раз заўважала іх расчараванне, і не адзін раз чула пытанне: «А дзе ж тыя багны? Ці пабачым мы тыя багны сапраўдныя, натуральныя?» Яшчэ такія багны пабачыць можна. Тыя багны, якія захаваліся, – гэта ўжо дзяржаўныя заказнікі ці заказнікі мясцовага значэння. Але зацікаўленыя турысты вельмі прагнуць сустрэчы з гэтымі багнамі.

Самыя вядомыя ў свеце палескія балоты – «Альманскія», якія ўражваюць турыстаў сваёй вялізнай тэрыторыяй і захаванасцю. Гэта, бадай, адзіны некрануты тэхналагічнымі працэсамі куток Палесся. На думку краязнаўцаў, пры правільным падыходзе «Альманскія балоты» могуць стаць цэнтрам экатурызму ў краіне.

Юрась Палескі