https://www.traditionrolex.com/8
<p>Паляванне ў беларускіх лясах сёння запатрабаванае сярод замежных паляўнічых турыстаў і прыносіць пэўны даход. На радзей аднаго-двух разоў у месяц праводзяць замежныя туры бярэзінскія паляўнічыя. У асноўным прыязджаюць паляўнічыя з Расіі і Чэхіі</p>

Усё гэта пра паляванне. Сёння пра яго, як пра прыродазберагальны і эканамічны рэсурс, размова вядзецца на самым вышэйшым дзяржаўным узроўні. Бо ад рацыянальнага і эфектыўнага  вядзення паляўнічай гаспадаркі ў многім залежыць і наяўнасць жывёлы ў лясах, і прыток грашовых сродкаў ад паляўнічага турызму. Здавалася б, дзве ўзаемавыключальныя меры, на самой жа справе яны толькі дапаўняюць адна адну, паведамляе «Бярэзінская панарама».

Сведчаннем гэтаму – паляўнічая гаспадарка ДЛГУ «Бярэзінскі лясгас», якая па выніках работы за мінулы год лічыцца лепшай у вобласці і адной з лепшых у рэспубліцы.

Я не памылілася: менавіта работы. Бо паляванне, гэта зусім не забава або не толькі яна. Гэта карпатлівая работа, якая вядзецца круглы год. Асабліва адказны перыяд зімой, як ніколі ў гэту пару дзікім жывёлам патрэбны падкормка і догляд. На тэрыторыі паляўнічай гаспадаркі Бярэзінскага лясгаса, плошча якой складае каля 95 тысяч гектараў, уладкавана 30 падкормачных пляцовак. Улетку для іх напаўнення, як расказаў майстар лесу ДЛГУ «Бярэзінскі лясгас» і паляўнічы Андрэй Раманавіч Рамановіч,  нарыхтавалі кукурузу, адходы збожжа, іншыя неабходныя кармы, абавязковы саланец для ласёў і аленяў. Вясной збожжавымі засяваюцца падкормачныя палі для дзікіх кабаноў плошчай у 1,5-2 гектары. Усё гэта, у дадатак,  – рацыянальнае выкарыстанне натуральнай кармавой базы, змяншэнне шкоды лясным і сельскагаспадарчым угоддзям, а таксама падмога ва ўліку колькасці дзікіх жывёл, якія канцэнтруюцца ў пэўным месцы.

– Цяпер вядзём таксама зімовы маршрутны ўлік па слядах звяроў, – працягвае А.Р. Рамановіч. – Вясной на таку пачнецца работа па ўліку глушцоў і цецерукоў, потым – будзем сачыць за бабрамі па норах і хатках; у чэрвені-ліпені па колькасці водаплаўнай дзічыны, якую сустрэнем, правядзём улік гэтых птушак; увосень, калі пачынаецца гон у ласёў і аленяў, вядзём улік гэтых капытных.

2

Такая работа – адно з важнейшых мерапрыемстваў паляўнічай гаспадаркі, якое дазваляе ўтрымліваць на аптымальным узроўні папуляцыю тых ці іншых дзікіх жывёл і птушак, рацыянальна выкарыстоўваць дзяржаўны паляўнічы фонд, а таксама аднаўляць і папаўняць яго. Сёння ў закрытых вальерах Бярэзінскага лясгаса можна сустрэць рэдкіх для нашых лясоў аленя плямістага і лань еўрапейскую, у  вальерах каля Вязычына і Высокай Гары селяцца каля 60 галоў аленя высакароднага.

Відавочна, што вядзенне паляўнічай гаспадаркі патрабуе сродкаў. Таму нельга назваць дармавымі трафеямі законна здабытых дзікіх жывёл. Сёння ставіцца задача акупнасці паляўнічых гаспадарак, у Бярэзінскім лясгасе з ёй летась паспяхова справіліся. Ад паляўнічай дзейнасці тут атрымана 862,2 мільёна рублёў пры плане ў 525 мільёнаў. У прыватнасці, ад паляўнічай гаспадаркі атрымалі 289,8 мільёна рублёў, ад замежнага турызму – 378,1 мільёна рублёў. Акупнасць у цэлым склала 120,1 працэнта.

Паляванне ў беларускіх лясах сёння запатрабаванае сярод замежных паляўнічых турыстаў і прыносіць пэўны даход. На радзей аднаго-двух разоў у месяц праводзяць замежныя туры бярэзінскія паляўнічыя. У асноўным, па словах А.Р. Рамановіча, прыязджаюць паляўнічыя з Расіі і Чэхіі.

Ад якасці прадастаўленых паслуг залежыць жаданне турыстаў прыехаць не адзін раз. Таму і стварэнню належных умоў для гэтага ў лясгасе надаюць не апошнюю ўвагу. Цывілізаванай глыбінкай можна назваць паляўнічы комплекс у Вязычыне, які, дарэчы, збірае не толькі паляўнічых, але і многіх жадаючых застацца адзін на адзін з прыродай,  прайсціся па экалагічнай сцежцы, паназіраць за жывёламі, папарыцца ў лазні, пакатацца на катамаранах і лодках па возеры…  Домікі для пражывання ў «Вязычыне» аснашчаны сучаснай бытавой тэхнікай і спартыўным абсталяваннем. Усё гэта ў дадатак да цудоўнага наваколля, якое ўжо само па сабе прыносіць спакой і задавальненне. Калі ж да ўсяго гэтага заўзяты паляўнічы зможа атрымаць жаданы трафей, без незабыўных уражанняў не застанецца.

Не застанецца ў накладзе і паляўнічая гаспадарка, у эфектыўнасці вядзення якой гэта адна з важных мер, ад чаго залежыць прыток грашовых сродкаў. Яны  неабходны на ахову паляўнічых угоддзяў, утрыманне егерскай службы, на біятэхнічныя мерапрыемствы. Магчыма, сёння без усіх гэтых умоў  наўрад ці можна было б гаварыць пра паляванне ўвогуле. На дадзены момант, калі вядзецца паляванне на дзікіх кабаноў з вышкі, як адзначаюць паляўнічыя, паходы ў лес заўсёды выніковыя.

Ала АЛЬФЕР

На здымках: паляўнічыя вышкі ў лесе; у вальеры.

Фота Віталія УМІНСКАГА

і Таццяны ЛАРЧАНКА

https://www.traditionrolex.com/8