<p>Падарожжы – гэта заўсёды рамантыка і непаўторныя адчуванні. А падарожжы з каханым чалавекам – тым больш. Куды выправіцца разам, што паглядзець і чым натхніцца?</p>

    Падарожжы – гэта заўсёды рамантыка і непаўторныя адчуванн, пiша «Наша Нiва». А падарожжы з каханым чалавекам – тым больш. Куды выправіцца разам, што паглядзець і чым натхніцца?

 Нясвіж і яго паркі: тут сустракаліся, кахалі, здраджвалі…

Хоць Барбара, прывід якой нібыта з’яўляецца ў палацы, сама ніколі ў ім не была (ён быў збудаваны пасля яе смерці), з Нясвіжскім палацам Радзівілаў звязана не адна гісторыя кахання: рамантычная, трагічная, жарсная… Тут сустракаліся, кахаліся, нараджалі дзяцей, здраджвалі… Гэта мо цяжка цяпер уявіць у тлумных, поўных турыстамі калідорах палаца, аднак варта падняцца на валы, прайсціся ля халодных каменных сцен або заглыбіцца ў паркі. З часоў Радзівілаў тут засталося не так шмат дрэў, аднак дух стагоддзяў няпроста выкараніць.

Зямля пад паркавымі ліпамі і ля строгіх халодных сцен памятае гісторыі Радзівіла Сіроткі, Рыбанькі і Уршулі, пане Каханку…

Гісторыю кахання апісаў у сваім дыярыюшы Рыбанька: «Я руку ёй пацалаваў i ад таго моманту кахаць страшна пачаў, i розныя дыскурсы мелi мы прамiж сабою. Пайшлi мы на абед, я не дужа еў, насычаў сябе толькi мiлай асобаю князёўны». Яго ж жонка, Францішка Уршуля, чакаючы мужа ў нясвіжскіх пакоях, пісала яму вершы:

Толькі ты з’ехаў, пісалася лёгка,
З часам цяжэйшым рабілася пёрка.
Сёння я ледзьве руку падымаю,
Ды не пісаць не магу, бо кахаю.

    Будслаў — мястэчка фэсту

Будслаў у час фэсту — месца натхнення, любові і надзеі. Гэта магчымасць атрымаць сілы ад размовы з Богам, а таксама натхніцца светлымі тварамі людзей.

2

Рознаўзроставыя пары трымаюцца за рукі, дзеці цешацца цукровым пеўнікам і сямейным адпачынкам, моладзь знаёміцца, размаўляе, дзеліцца ўражаннямі ад пілігрымак і даезду. У час працэсіі са свечкамі вакол плошчы перад касцёлам перастае адчуваецца падзел на канфесіі — усе мы людзі, блізкія і родныя ў гэтым свеце.

Цяпер фэст перанеслі на першую пятніцу-суботу ліпеня, і гэта спрасціла многім даезд. У Будславе ўмацоўваецца любоў і вера ў чалавека. Нават металашукальнікі таму не шкодзяць.

Да таго ж з мінулага года ў касцёле адбываецца малітва за мужоў і жонак, што адзначаюць 25- ці 50-гадовы юбілей законнага жыцця і шлюбу. І гэта выглядае на адну з самых рамантычных беларускіх традыцый.

 Каралеўскі Гродна і Нёман

3

Што ўжо тут казаць: Гродна — найрамантычнейшае места Беларусі, якому болей за іншыя гарады пашчасціла захаваць свой дух. Хтосьці цэніць брукоўку старых вуліц, хтосьці — рамантыку караскання на Замкавую гару ў пошуках рэльефа з гербам Рэчы Паспалітай або месца для пікніка, нехта — «песню і славу» нашай зямлі: Нёман у час сутоння ды світанку.

Мінск — рамантыка мегаполіса

У Мінску жыве пятая частка насельніцтва Беларусі.

Кажуць, у мегаполісах рамантыкі мала, але прыгажосць у вачах таго, хто глядзіць, натхненне — у душы таго, хто марыць. Кожнае акно за жалюзі і фіранкамі, кожная цаглінка ў сцяне старога горада расказвае сваю гісторыю.

4

Колькі пакаленняў моладзі шпацыравала па гэтым праспекце яшчэ ў тыя часы, калі ён і не быў праспектам? Навюткі вакзал, месца растанняў і сустрэч, самае рамантычнае месца на свеце. Стогадовыя трамвайныя маршруты. Новая-старая Рэвалюцыйная-Койданаўская, такая прыгожая ў сваёй заснежанасці. Пяцісотгадовыя замкавыя валы. І вечная Свіслач, якая цякла да нас і будзе цячы тут шмат тысячагоддзяў пасля. Усё гэта — плошчы, вуліцы, дамы, паркі — цяперашнія і ўжо неіснуючыя, захаваныя ў фотапамяці і пад асфальтам — усе яны нашы, пакуль мы іх любім.

Полацк — подых тысячагоддзяў

Полацк — горад-загадка, горад-лабірынт, горад-сімвал. Для свайго натхнення кожны знойдзе ў ім свае сэнсы. Да полацкай рамантыкі не так проста дакапацца — гісторыя прайшлася па горадзе асфальтавым катком…

5

У Полацка ёсць свой бард — Уладзімір Арлоў. Дзякуючы яго праніклівым, замілаваным расподведам Полацк бачыцца нечым неверагодным — местам лёхаў, прывідаў, духаў і таямніц, местам традыцый і пачаткаў. Горадам адноўленых святынь і жывой паўнаводнай Дзвіны-вуліцы.

Сапраўды, горад жыве, пакуль мы яго любім.

Браславы

Ад адных толькі назваў гэтых азёр перахоплівае дух: Недрава, Струста, Снуды, Войса, Бужа, Неспіш… Нібыта, мы ў часах Герадота. Ледавіковыя рэльефы ды валуны, вёскі, курганы, гарадзішчы, нават найбуйнейшы беларускі рамантычны парк «Бельмонт» з лістаўніцамі, туямі, канадскімі таполямі… На вадзе — рэдкія птушкі і дагістарычныя выспы. Пазычыўшы човен, можна «адкрыць» некалькі з іх.

6

На некаторых азёрах забаронена выкарыстанне маторных лодак, каб спрыяць захаванню экасістэмы…    Ідэальны адпачынак у цішыні і яднанні з прыродай.

Шагалаўскі Віцебск

Марк Шагал — сусветны сімвал Віцебска, Марк Шагал і Бэла — адзін з сусветных сімвалаў кахання.

Да сустрэчы з Бэлай у яго былі іншыя закаханасці: Ніна з Лёзна і некалькі пацалункаў; Анюта і чатыры гады сціплых заляцанняў («рашыўся за гэты час… толькі разок пацалаваць яе, дакладней, адказаць на яе пацалунак неяк вечарам перад каліткай, і як на грэх пасля гэтага ў яе запрышчавіў твар»); гімназістка Вольга са скуластым курносым тварыкам, якая марыла пра вечнае каханне… «Вечары, што адгаралі адзін за адным над маёй галавой, складаліся ў гады, і адно за адным памірала, толькі нарадзіўшыся сярод віцебскіх частаколаў, чарговае каханне».

7

І нарэшце, гуляючы з чарговай дзяўчынай, Марк сустрэў Яе: «Як быццам мы даўным-даўно знаёмыя і яна ведае пра мяне ўсё: маё дзяцінства, маё цяперашняе жыццё і што са мной будзе… І я зразумеў: гэта мая жонка. На бледным твары ззяюць вочы. Вялікія, пукатыя, чорныя! Гэта мае вочы, мая душа… Я ўвайшоў у новы дом, і ён стаў маім назаўсёды…»

У сваіх вобразах мастак ставіў Віцебск на адзін ровень з Парыжам, і я дзіўлюся, чаму сюды яшчэ не едуць закаханыя з усяго свету.

Крэйдавыя кар’еры на Ваўкавышчыне

Тыя, хто бачыць іх на фота, сцвярджаюць, што фота праўленыя ў фаташопе. Хто даязджае і бачыць кар’еры жыўцом — кажа, што гэта фантастыка. Вада неверагоднага блакіту вабіць сюды ўсё болей людзей. Але і кар’еры дастаткова вялікія, каб знайсці зацішны беражок і палюбавацца на хараство прыродна-чалавечага сумеснага стварэння.

8

Толькі лепей не купацца, калі няма запасу вады на адмыванне крэйды ад цела.

Ваўкавыскім кар’ерам мяркуюць надаць статус гідралагічных заказнікаў, гэта значыць, берагі будуць больш прыстасаваныя для адпачынку, а смецця, спадзяемся, паменее.

Залессе Агінскага

Сюды, у «Паўночныя Афіны», у пачатку ХІХ стагоддзя вярнуўся з эміграцыі кампазітар-князь Міхал Клеафас Агінскі. Сюды ж ён прывёз і маладую жонку-італьянку. Развітаўшыся з Радзімай, якая ўжо была незваротна страчаная, князь накіраваў усю сваю энергію на музыку, сям’ю ды распрацоўку «прысядзібнага ўчастку». Быў пабудаваны мураваны палацык, альтанкі, капліца, закладзены новы парк… На радасць сям’і, у Залессі (а былых Дзербах) быў такі сабе заапарк: паводле звестак, медзведзяня было найлепшым сябрам маленькай Амеліі — дачкі Міхала Клеафаса і Марыі. Сама Марыя пісала ў Італію: «Залессе — цудоўны куток. Вакол снег і маразы, але мы амаль не заўважаем іх — значыць, праўда, што шчасце можна знайсці паўсюль, калі сэрца адкрытае і кахае».

9

У Залессі можна гуляць па паркавых сцяжынках, сядзець пры ставе ці любавацца ранняй вясной на цуд з Чырвонай кнігі — жоўтыя першацветы, якія тут паўсюль.

Край свіцязянак

Русалкі — прыкмета ледзь не кожных возера-рэчкі, дый у кожнай мясцовасці знаходзіцца той, хто іх на ўласныя вочы бачыў. Таму свіцязянкі — не выбітная з’ява. Аднак ёсць штосьці ў гэтым возеры, што натхняла паэтаў ХІХ ст., натхняе і цяпер. Міцкевічу цікава было б даведацца, што Свіцязь мае амаль ідэальна круглую форму і ўнікальную флору — тут можна пабачыць бела-ружовую кветку лабеліі Дортмана, палушнікавыя лугі і нават яванскі тэтрадзініум — водарасць, якая нейкім неверагодным шляхам трапіла сюды з выспаў Інданезіі.

10

Улетку берагі Свіцязі поўныя людзей, хоць вада застаецца вельмі чыстай. Памарыць у цішыні тут можна хіба ўначы, калі, канечне, не баяцца свіцязянак, вадзянікоў ды іншых абарыгенаў.

Калі пад’язджаеш начною парою
І станеш да возера тварам, —
Мігцяць зоркі ў небе, мігцяць пад табою
Мігціць там і месяцаў пара.

А насамрэч любое месца можа стаць рамантычным і натхняльным. Важна, каб побач былі любімыя людзі і заняткі, тады і на душы светла ды лёгка.

Паўліна Купрысь