https://www.traditionrolex.com/8
<p>У мінчан і гасцей сталіцы з'явілася ўнікальная магчымасць на свае вочы пабачыць адзін з драматычных момантаў Вялікай Айчыннай вайны. Апынуцца ў эпіцэнтры аперацыі «Баграціён», стаць сведкам разгрому групы армій «Цэнтр» можна, наведаўшы Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Менавіта тут адкрылася батальная дыярама «Мінскі кацёл»</p>

У мінчан і гасцей сталіцы з'явілася ўнікальная магчымасць на свае вочы пабачыць адзін з драматычных момантаў Вялікай Айчыннай вайны. Апынуцца ў эпіцэнтры аперацыі «Баграціён», стаць сведкам разгрому групы армій «Цэнтр», можна, наведаўшы Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Менавіта тут адкрылася батальная дыярама «Мінскі кацёл», паведамляе «Звязда».

З такой дакладнасцю ўзнавіць кульмінацыю бітвы пад Мінскам атрымалася ў маскоўскай Студыі ваенных мастакоў імя М.Б. Грэкава. Далучыліся да дыярамнага мастацтва і маладыя выкладчыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Вольга Мельнік-Малахава і Антон Вырва. У музеі ёсць яшчэ адна падобная экспазіцыя. Яна пераносіць наведвальнікаў у пачатак вайны. Мастацкі кіраўнік дыярамы «Мінскі кацёл», мастак Павел РЫЖЭНКА бачыць паміж гэтымі творамі відавочную сувязь:

— Я назваў бы гэтыя дзве дыярамы «Лёс чалавека». У першым творы, які адлюстроўвае пачатак вайны, стары ў роспачы гоніць каня, а падлетак бяжыць наперадзе бежанцаў, якія, як і ён, яшчэ не разумеюць нічога. На пярэднім плане новай дыярамы адлюстраваны той жа стары, які ўжо прайшоў праз усю вайну, і той жа падлетак, які замест гульні ў вайну ваяваў па-сапраўднаму: ён стаў партызанам. Хлопчык глядзіць увышыню, дзе ляціць наш самалёт, і, напэўна, думае пра светлую будучыню, якая чакае яго і ўсю краіну.

Аўтары паказалі не толькі асабістую драму гэтых людзей, у тварах якіх ужо адчуваецца палёгка, радасць хуткай перамогі. Навідавоку трагедыя кожнага салдата, у вачах якіх чытаецца вера ў светлую будучыню. У цэлым, нягледзячы на чорнае воблака дыму ад баёў на заднім плане, вялікая колькасць савецкіх самалётаў у небе і разгромлены нямецкі танк надаюць пазітыўны настрой усёй рабоце.

— Нам была дадзена ўнікальная магчымасць паспрабаваць свае сілы ў дыярамным мастацтве, — расказвае адзін з мастакоў дыярамы, выкладчык кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Вольга МЕЛЬНІК-МАЛАХАВА. — Гэта каласальны вопыт, найцікавейшая праца. На жаль, у Беларусі падобных спецыялістаў не рыхтуюць. Таму супрацоўніцтва са студыяй Грэкава — першыя крокі да стварэння нацыянальнай дыярамнай школы.

Мастакі падышлі адказна да ажыццяўлення творчай задумы. Гістарычныя матэрыялы адпавядаюць рэчаіснасці. Дакладныя ўзоры тэхнікі, узбраення, ваенная вопратка, дакументы... Гукавое суправаджэнне выставы дапамагае зрабіць бітву больш рэальнай. Роў самалётаў, гул танкавых матораў, гук разрываў снарадаў пераносяць гледачоў у ваенныя падзеі.

Як адзначыў дырэктар музея Сяргей АЗАРОНАК, дыярама атрымалася вельмі эмацыйнай, перадае псіхалагізм і пачуцці людзей у апошнія дні вайны. «Мастакам было складана лаканічна паказаць гэтую шматгранную падзею на невялікім матэрыяле. Аднак у іх гэта атрымалася».

— Сяргей Іванавіч, ці знойдзецца месца дыяраме ў новым будынку Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны?

м

— Дыяраму размесцяць у спецыяльнай зале, дзе будуць апавядаць пра аперацыю «Баграціён». Яна арганічна ўпішацца ў новае памяшканне. Я вельмі задаволены, што ў музеі будуць дзве дыярамы, якія адлюстроўваюць падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Гэта вельмі высакаякасныя творы! Не нейкія копіі ці інсталяцыі, а новы крок у музейнай справе, што яшчэ лепш. Я вельмі спадзяюся, што нашы маладыя мастакі, якія пачынаюць працаваць у рамках дыярамнага мастацтва практычна на адным узроўні з рускімі калегамі, змогуць ствараць падобныя творы і ў іншых музеях краіны. Гэта вельмі здорава, што адраджаецца такая форма музейнай працы, якую часта называюць «сярэднявечным 3D».

Як падкрэсліў Павел Рыжэнка, дыярама была створана для людзей, якія не па чутках ведаюць, што такое вайна: «Гэтай працай мы яшчэ раз паспрабавалі ўвекавечыць подзвіг ветэранаў і нагадаць моладзі, якой цаной была здабыта Перамога».

Вераніка КАНЮТА

https://www.traditionrolex.com/8