https://www.traditionrolex.com/8
<p>Сярод палескіх балотаў, дзе бяжыць рака Плыса, прыток вялікай Ясельды, жыве сяло Бездзеж – своеасаблівы куточак палескай зямлі, абвеяны цікавымі гісторыямі, незвычайнымі традыцыямі і чароўнымі легендамі. Каго і чаго тут толькі не было – ад ардынскага князя Тагая да гетмана літоўскага Міхала Казіміра Агінскага, які даў бой расійскаму войску. Касцёлы, званніцы, капліцы і калона ў гонар Канстытуцыі 3 мая 1791 года даюць магчымасць адчуць сувязь стагоддзяў, подых мінуўшчыны. У гэтай атмасферы працуе адзіны ў свеце музей фартухоў «Бездзежскі фартушок»</p>

Сярод палескіх балотаў, дзе бяжыць рака Плыса, прыток вялікай Ясельды, жыве сяло Бездзеж –  своеасаблівы куточак палескай зямлі, абвеяны цікавымі гісторыямі, незвычайнымі традыцыямі і чароўнымі легендамі. Каго і чаго тут толькі не было – ад ардынскага князя Тагая да гетмана літоўскага Міхала Казіміра Агінскага, які даў бой расійскаму войску. Касцёлы, званніцы, капліцы і калона ў гонар Канстытуцыі 3 мая 1791 года даюць магчымасць адчуць сувязь стагоддзяў, подых мінуўшчыны.

У гэтай атмасферы працуе адзіны ў свеце музей фартухоў «Бездзежскі фартушок», паведамляе  Беларускае радыё «Рацыя».

Дырэктар Марыя Астаповіч расказала ў гутарцы з Юрасём Палескім пра планы і жыццё культурнага цэнтра:

РР.: Калі пачыналася справа з музеем (1999 год), якія былі спадзяванні?

Марыя Астаповіч: Спадзяваліся на поспех, бо былі перакананыя, што попыт на музей будзе. Да нас ехалі ад першага дня. Нашыя, беларусы, рускія, украінцы і палякі. Канечне, на жаль, не такі вялікі паток, як нам бы хацелася, але попыт адчувальны. Лепш справы пайшлі, калі атрымалі адмысловы прэзідэнцкі грант. Тады пабудавалі сялянскае падвор’е, паказалі, як жылі ў нашым сяле раней, стагоддзі таму. Усё мы робім для нашых нашчадкаў, каб не забываліся на карані свае, а госці знаёміліся з нашым ладам жыцця.

РР.: Асноўны паток турыстаў - хто гэта?

Марыя Астаповіч: Гэта нашыя беларусы і рускія. Апошнія, як мы заўжды жартуем, адпачываюць у нашых санаторыях і вельмі часта заязджаюць да нас, штомесяц – групы з Расіі. Цешыць, што шмат дзяцей, якія цікавяцца сваёй мінуўшчынай. Усіх турыстаў сустракаем вельмі цёпла. Кожны з іх – гэта наш госць, а на нашай зямлі, калі добры госць, то для яго ўсё. Распавядаем гісторыю, традыцыі, паказваем танцы, абрады. Адкажам на любое пытанне!

РР.: Якія планы ў наступіўшым, 2013 годзе?

Марыя Астаповіч: Планы ў нас вельмі вялікія, і ўсё мы вам не распавядзем, бо будзе ж нецікава! У гэтым годзе плануем зрабіць Бездзеж турыстычнай зонай. Калі едзем з боку Хомска, то можна пабачыць самае вялікае месца ў нас, і можа Бог так даў, што нядаўна зрабілі здымак са спутніка і аказалася, што там ляжыць Дуга Струвэ. На гэтым месцы паставім мемарыяльны знак. Турысты, госці будуць ехаць і зацікавяцца: а што гэта за знак, што гэта за Струвэ? Пачытаюць, а там ужо некалькі метраў – і стаіць калона. Кажуць, што ў гонар Рэчы Паспалітай, але розныя спрэчкі (лічыцца, што гэта калона ў гонар Канстытуцыі 3 мая 1791 года, а ў іншых крыніцах – што калона ў гонар бою гетмана літоўскага Міхала Казіміра Агінскага з рускім войскам, 8 верасня 1771 года. – Аўт.). Рэстаўрацыя калоны фактычна завершана. З яе трох бакоў зроблены надпісы: гісторыя сяла Бездзеж, аблічча Мікалая Цудатворца і малітва вандроўніку. Хочам павесіць яшчэ лампадку, якая б гарэла кожную ноч і асвятляла калону.  

wpz1

Калона ў гонар Канстытуцыі 3 мая 1791 года, выява 1929 года

У «Бездзежскім фартушку» заўжды рады гасцям, якім распавядуць цікавыя гісторыі, азнаёмяць з мясцовымі традыцыямі і пачастуюць стравамі сваёй кухні. Усё ж астатняе залежыць ад фантазіі турыста, якому мала ў чым адмовяць.

Юрась Палескі

https://www.traditionrolex.com/8