https://www.traditionrolex.com/8
<div class="annot">Ручнік, фартушок, магерка — ці сталі яны маркай у маштабах краіны? або Як адметнасці нашых сельскіх паселішчаў працуюць на іх адраджэнне?</div>

Тэндэнцыі плюс аналітыка: ад маркетынгавай ідэі да рэальнага ўвасаблення

Што такое брэнд вёскі? Адказ нескладаны. Яе ключавая адметнасць, узведзеная ў ранг усеагульнай цікавасці, заснаванай на гістарычна-этнічных, прыродна-экалагічных, фальклорна-абрадавых і яшчэ шмат на якіх цікавостках, што нязменна вабяць турыста, у тым ліку замежнага... Патлумачыць нескладана — складана ажыццявіць. Дакладней — зрабіць ідэю «асязальнай», а ў далейшым — бюджэтаўтваральнай і вёсказахавальнай. У Расіі, кажуць, нават вясковыя філіялы правінцыйных музеяў упэўнена становяцца інтэрактыўнымі ды максімальна «прынаднымі» для ўнутранага і знешняга турызму. У выніку пасярод палёў і пустак узнікаюць гатэлі ды гатэльчыкі, паведамляе «Культура».

На Беларусі працэс вясковага рэбрэндынгу прабуксоўвае які ўжо год. Удалыя маркетынгавыя пошукі, даведзеныя да сапраўды падзейных мерапрыемстваў, застаюцца адзінкавымі: прысмакі з Моталя, фартушкі з Бездзежа, шапавальства з Дрыбіншчыны... Між тым менавіта вакол названых брэндаў-артэфактаў і закручваецца дзейнасць па рэалізацыі нашай дзяржаўнай палітыкі ў сферы захавання традыцый, развіцця народных мастацкіх промыслаў і культурнага складніка нацыянальнага турызму. Пра неадкладнасць такой дзейнасці гаворка вялася і на выніковай калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь... Натуральна, глядзець на кожную з нашых вёсак як на самадастатковы аб’ект турыстычнага прыцягнення пакуль не выпадае. Нам бы захаваць ды развіць тое, што маем…

Дзе тая Неглюбка?

Калі няма брэнда, яго трэба прыдумаць. Ці вярнуць з забыцця. Для Неглюбскага сельскага цэнтра ткацтва другі варыянт — больш дарэчны. Справа ў тым, што з два дзясяткі гадоў таму ў гэтай вёсцы Веткаўскага раёна працаваў ці не цэлы ткацкі цэх, вытворчыя магчымасці якога дазвалялі знаным майстрыхам радаваць увесь свет (да прыкладу — Японію і ЗША) унікальным мясцовым арнаментам, увасобленым на не менш унікальнай тутэйшай тканіне. Пра тую ўнікальнасць неаднаразова пісала на старонках «Культуры» дырэктар Веткаўскага музея Галіна Нячаева...

Чарнобыльскае перасяленне ды распад Савецкага Саюза якасна змянілі сітуацыю з неглюбскім брэндам. На жаль, не ў лепшы бок: цэх, дзе поруч са сталымі ткачыхамі працавалі і маладыя, спыніў існаванне. Але колькі лес не выкарчоўвай, а парасткі праз час з’явяцца. Так пакрысе адрадзілася і пераемнасць неглюбскага ткацтва — на базе мясцовага клуба быў створаны Неглюбскі сельскі цэнтр ткацтва. Узначаліў яго Уладзімір Кавалёў. Ягоная жонка Людміла, а таксама Таццяна Суглоб прадоўжылі калісьці распачатую справу. Кажуць, штат Цэнтра павялічыўся нядаўна яшчэ на адну ткачыху. Як распавядае дырэктар Веткаўскага РАМЦ Надзея Сахарук, летась пры Цэнтры адкрыўся клуб ткачых, у якім налічваецца з дзясятак рамесніц, кожная — далёка не маладога веку. Аднак і моладзі, па словах Надзеі Сахарук, хапае: у ткацкім гуртку — трынаццаць чалавек.

Упраўленне культуры Гомельскага аблвыканкама, разумеючы важнасць неглюбскага брэнда, трымае пад пільным кантролем яго раскрутку. З абласнога бюджэту з гэтай мэтай было выдаткавана 250 мільёнаў рублёў. Так пры Цэнтры з’явіліся крама па рэалізацыі сувенірнай прадукцыі і музейны пакой гісторыі мясцовага рамесніцтва. Намеснік старшыні Веткаўскага райвыканкама Сяргей Кончыц упэўнены, што сённяшняя неадкладная задача — павышэнне вясковага статусу, далейшыя піяр і прасоўванне неглюбскага ручніка. І гэта не проста словы: менавіта ў Неглюбцы пачалі ладзіць раз на два гады абласное свята беларускага ручніка (аналагічнае раённае стала штогадовым), правялі, па словах дырэктара РАМЦ, ужо два міжнародныя экалагічныя форумы. Падзеі мелі шырокі розгалас. Хапала і ахвотных набыць сапраўдны ручнік. Толькі дзіцячай прадукцыі ткацкага гуртка было рэалізавана на некалькі мільёнаў рублёў. А творы дарослых майстрых каштуюць на парадак вышэй, і імі цікавяцца цяпер не толькі шараговыя турысты. Распавядаюць, што неглюбскія ручнікі набылі для прэзентацыйных мэт кітайскія дыпламаты. Дык мо неўзабаве пытанне шараговага беларуса «А дзе тая Неглюбка знаходзіцца?» адпадзе само сабой?

А пакуль на парадку дня — работа па стварэнні маштабнага розгаласу вакол такой з’явы, як неглюбскі ручнік. Сяргей Кончыц перакананы, што толькі ў такім выпадку да вёскі вернецца яе былая сусветная слава. Зусім іншая справа — як гэты розгалас арганізаваць. Неаспрэчна адно: без спецыялістаў-маркетолагаў тут ніяк не абысціся...

Бездзеж — гэта не толькі фартушок

На той жа выніковай калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ішла гаворка пра неадкладнае брэндавае прасоўванне не толькі слуцкіх паясоў, але і бездзежскіх фартушкоў, якімі так славіцца Драгічыншчына. Пра гэты, недараскручаны ў маштабах рэспублікі, вясковы брэнд «К» нядаўна пісала па выніках нашай «выязной рэдакцыі» на Брэстчыну. Таму спынюся толькі на ключавых момантах далейшага развіцця не столькі вёскі Бездзеж, колькі мясцовага Музея народнай творчасці. Дарэчы, пашырае сферу ўплыву музейны комплекс са своеасаблівым філіялам «Сялянскі падворак «Каля Плэса», дык усё большыя перспектывы з’яўляюцца і ў вёскі.

Але пра падворак, дзе можна не толькі пазнаёміцца з новай экспазіцыяй у фармаце open air, але і адпачыць як след, мы распавядзём крыху пазней. Спачатку — пра фартушок, за паўсюдную прэзентацыю якога выступіла на выніковай калегіі Міністэрства культуры намеснік начальніка галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення — начальнік упраўлення сацыяльна-культурнай палітыкі галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ірына Дрыга.

Дык вось, у экспазіцыі згаданага музея — 50 фартушкоў, адзін з іх быў створаны аж у 1880-м. Гэты залаты фонд традыцыйнага бездзежскага адзення стаў узорам для шматлікіх рэканструкцый і ператварэнняў, якімі больш за дзесяць гадоў займаецца мясцовая школа народнай творчасці з класамі «Вышыўка» і «Карункапляценне». Аднак ці хапае ёй «магутнасці», для таго каб забяспечыць сувенірны рынак Беларусі адмысловымі фартушкамі? «Пакуль не хапае», — кажа начальнік аддзела культуры Драгічынскага райвыканкама Леанід Куроўскі. Вырабам унікальнай прадукцыі займаюцца толькі дзве майстрыхі. Аднак, як распавядае далей начальнік аддзела, Міністэрства культуры і ўпраўленне культуры Брэсцкага аблвыканкама прапанавалі Драгічыншчыне, у ліку трох раёнаў вобласці, прыняць удзел у своеасаблівым конкурсе праектаў па падтрымцы вырабу і рэалізацыі сувенірнай прадукцыі.

— Калі адкрыецца фінансаванне нашага праекта, — паведамляе Леанід Куроўскі, — тады з’явіцца і дадатковае абсталяванне, значыць — павялічыцца і колькасць майстрых...

А памяшканне пад дадатковую майстэрню было вызначана рашэннем райвыканкама яшчэ летась: выраб фартушкоў будзе наладжаны ў будынку сённяшняга музейнага фондасховішча.

Словам, перспектывы «сувенірнага» развіцця Бездзежа — даволі акрэсленыя. Але ж той попыт на фартушкі яшчэ трэба забяспечыць — за кошт рэкламы, піяру, нечаканых і арыгінальных маркетынгавых прыёмаў. А што зроблена тут? Па словах начальніка мясцовага аддзела культуры, рэалізацыя калісьці пачалася з малога: кожны з наведвальнікаў музея, сядзібы «Каля Плэса» што-небудзь ды набываў. Цяпер музейны комплекс кожны год «прапускае» праз свае паслугі ў сярэднім 10—15 тысяч турыстаў. Дый мясцовы рынак сбыту — досыць трывалы. Перад кожным святам вяскоўцы замаўляюць падарункі менавіта ў мясцовым музеі: мода такая пайшла. Аналагічнай моды ў маштабе рэспублікі пакуль няма. Але я не стаў бы абвінавачваць у гэтым аддзел культуры Драгічынскага райвыканкама. Падаецца, для рэкламы фартушкоў ён зрабіў усё, што мог. А канкрэтней кажучы — стварыў сайт
www.fartushok.brest.by. І абласная прывязка тут — невыпадковая.

Справа ў тым, што Музей народнай творчасці «Бездзежскі фартушок» і сядзіба «Каля Плэса» прапаноўваюць не толькі начлег у сядзібнай гасцёўні на адну сям’ю, не толькі агляд музейных экспазіцый ды пачастунак ад вясковых кулінараў, але і выезды да Брэсцкай крэпасці, Белавежскай пушчы, у музеі Моталя... Для гэтага ёсць і транспарт, і мясцовы гід-экскурсавод. Так што з пазабюджэтам ва ўстановы — усё як мае быць. Першыя мільёны пачалі паступаць і ад продажу фартушкоў.

Безумоўна, у ідэале ў буйных беларускіх гарадах праз час павінны з’явіцца фірмовыя сувенірныя крамы не толькі пад назвай «Слуцкія паясы», але і «Бездзежскія фартушкі», «Валёнкі з Дрыбіншчыны», «Кераміка з Шуміліншчыны», «Ручнікі з Неглюбкі»... Дай бог, каб спіс гэты неўзабаве можна было доўжыць і доўжыць.

Залессе, Заброддзе, Забалацце... Знайсці розніцу

У ідэале, не пашкодзіла б, каб кожнае больш-менш буйное і пакуль яшчэ немаланаселенае вясковае паселішча, што дбае пра сваё перспектыўнае (і не толькі турыстычнае) развіццё, займела ўласны брэнд. Урэшце, гэта элементарная патрэба часу, частка, калі хочаце, дзяржаўнай палітыкі па захаванні нацыянальнай бяспекі краіны. Мо я і памыляюся, але мяркую так: вёска без брэнда (чытай: без этнічнай, фальклорнай ці гістарычна-архітэктурнай цікавосткі) вырачана на паступовую стагнацыю. Так знікаюць з карты Беларусі вёскі, дзе ў выніку аптымізацыі закрываюцца школы, крамы, клубы і бібліятэкі. Між тым, усе гэтыя ўмоўныя Залессі, Заброддзі і Забалацці мелі свае гаворкі (чым не брэнд, які яшчэ рэдка хто раскручваў?!), абрады, звычаі, гендэрныя прыярытэты (пра вясковы матрыярхат у наладжванні здаровага ладу жыцця таксама мала хто (чытай: ніхто) згадвае), рамесніцкія адметнасці, прыродныя помнікі, а таксама — архітэктурныя нюансы, што з’явіліся пасля аграгарадоцкіх забудоў... Брэндам маглі б стаць нават асаблівасці ландшафту. А з якой-небудзь, лічы, зніклай вёскі можна і наогул зрабіць прыцягальнае паселішча, дзе займеюць свае майстэрні рамеснікі з наваколля.

Хтосьці запытаецца: «А навошта гэтая брэндавая мітусня?» Прынамсі, не толькі для наладжвання стабільнай вытворчасці адметнай сувенірнай прадукцыі. Хоць і тут, я упэўнены, крыецца далёка не малы рэзерв: да прыкладу, далейшага развіцця нашых дамоў рамёстваў. Пад час журналісцкіх камандзіровак я пастаянна пытаюся пра гэтыя перспектывы ў начальнікаў аддзелаў культуры, кіраўнікоў РДР і майстроў народнай творчасці. Адзіны канструктыўны адказ такі: трэба павялічваць колькасць філіялаў згаданых устаноў. Пагаджаюся. І калі ўжо нас напаткаў працэс аптымізацыі, дык лагічны вынік такіх перспектыўных захадаў — стварэнне філіялаў РДР у кожнай буйной вёсцы (а праз колькі гадоў толькі такія на Беларусі і застануцца). Урэшце, не адным днём жывём.

І такі задзел не толькі павялічыць колькасць рабочых месцаў ды маштабы сувенірнай вытворчасці для нашай патэнцыйна турыстычнай краіны — ён дасць аддзелам культуры новы імпульс развіцця. Бо менавіта работнікі культуры, як падаецца, і павінны займацца брэндаўтварэннем. Хаця б для таго, каб адзін аддзел не быў падобны ў сваіх творчых памкненнях на другі, каб адна вёска якасна адрознівалася і па форме, і па змесце ад другой. Да гэтай мэты пакуль — не даляцець і не даскочыць: у нас не тое што вёскі — культурнае жыццё раёнаў, бывае, не адрозніш: гэткае падабенства шэрасці ды нецікавасці...

Але зноў прадчуваю пярэчанні магчымых апанентаў: «Брэнды вёсак — рэч добрая, але навошта яны, скажам, аграгарадкам, дзе ўжо склалася сацыяльна-культурная інфраструктура?» І адказ на пытанне — напагатове: брэндавасць — найперш пазнавальнасць адметнасці. Я аднойчы прапанаваў сябрам для прагляду фотаздымкі з аграгарадкоў ці не кожнай з абласцей краіны, папрасіў знайсці розніцу. Не знайшлі! Так, сучасныя забудовы вуліц, дзе побач пошта, крама, Цэнтр культуры і Дом быту — вонкава безаблічныя. І ніколі не скажаш: вось аграгарадок, што на Гродзеншчыне, а вось — што на Гомельшчыне. А брэнд — гэта «разыначка», цікавостка і знешняя, і ўнутраная... Цудоўна разумею, што мае думкі — збольшага ідэалістычныя. Аднак ізноў паўтаруся: не адным днём жывём. І сённяшняя безаблічнасць ператворыцца ў заўтрашнюю абыякавасць да «намацвання» хоць нейкіх перспектыў. Вельмі не хацелася б трапіць у такі тупік.

Дык як прыдумаць брэнд?

Уражанне такое, што апошнім часам «К» толькі і задае гэтае пытанне. Аднак і адказаў прапаноўвае не менш. У тым ліку — з прыцягненнем спецыялістаў «па прыдумванні». І сфера гэтага прыцягнення штораз павялічваецца, бо ўтварыць брэнд на пустым, так бы мовіць, месцы не так проста. Мы нават паспрабавалі падключыць да справы студэнтаў кафедры менеджменту сацыякультурнай дзейнасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Вынікі эксперыменту чытайце ў наступных нумарах нашай газеты.

Ад рэдакцыі. Тэма брэндавасці вёсак абавязкова будзе прадоўжана. Паспрабуем назваць такія адметныя паселішчы ў іншых абласцях краіны праз колькі нумароў «К».

А зараз — пра брэндынг і рэбрэндынг беларускіх вёсак. Слова — спецыялістам, прафесіяналам, практыкам.

Рэклама павінна быць масіраванай

Дзмітрый Чумакоў, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Гомельскага аблвыканкама:

— Стварэнне брэнда вёскі трэба пачынаць з ідэі. Няхай яна будзе звязана, да прыкладу, з раскруткай Неглюбкі, яе ручнікоў. Наступны этап: рэкламна-інфармацыйнае забеспячэнне ідэі — усімі магчымымі спосабамі, ажно да інфармацыйнага спаму... Я пераканаўся, што нават пра Гомельскі палацава-паркавы ансамбль не ўсе ў Беларусі добра ведаюць. Што ж тады казаць пра вёскі? Так што без маштабнай рэкламнай кампаніі ў любой брэндавай справе не абысціся. А брэндынг вёсак, іх адраджэнне і далейшае развіццё — гэта, пагадзіцеся, справа ідэалагічная, дзяржаўная...

Што да азначанай раскруткі самой Неглюбкі, то тут таксама патрэбны якасна новыя падыходы. У вёсцы патрэбна праводзіць, як мне падаецца, штогадовае прадстаўнічае, яркае і цікавае мерапрыемства. Але папярэдне неабходна да драбніц прадумаць арганізацыйна-інфармацыйнае забеспяэнне такога «ручніковага» фэсту. А самабытная Неглюбка таго вартая. Вярнуць ёй колішнюю сусветную вядомасць — значыць, захаваць гістарычна-рамесніцкую непаўторнасць вёскі для нашчадкаў…

Вёску трэба любіць

Кірыл КРАЎЦОЎ, уладальнік і прадзюсер арт-вёскі Чырвоны Кастрычнік у Рэчыцкім раёне:

— Пагаджаюся з тым, што беларускую вёску адродзяць у тым ліку і гараджане, якія прыедуць жыць на хутары ды ў сёлы... Я, малады чалавек, фатограф з Гомеля, выкупіў старэнькія дамы вёскі, што знаходзіцца непадалёк ад Рэчыцы. У мяне ляжыць да такога жыцця сэрца. Займаюся будаўніцтвам, рамесніцтвам, земляробствам... Натуральна, хаты патрабуюць рамонту, эканамічнага прыбытку як аграсядзібы яшчэ не прыносяць. Але разам з сябрамі я здолеў прыстасаваць шэраг забудоў пад хостэл-хаты, дзе замест матрасаў — сена, ёсць у вёсцы «кінахлеў» (своеасаблівы вясковы Дом культуры), «гарбат-хата».

Уся гэтая «інфраструктура» дзейнічае падчас арт-фестываляў, дзе мы імкнёмся ўсебакова прадставіць менавіта беларускае вясковае мастацтва: спевы, рамёствы, музыку, дакументальныя стужкі пра цікавосткі рэгіянальнага жыцця. Фатографы і мастакі робяць выстаўкі сваіх твораў. Тады ў Чырвоным Кастрычніку збіраецца некалькі соцень чалавек, і не толькі гараджан, але і жыхароў навакольных вёсак...

У будучым мяркую зарабляць на экатурызме. Ёсць жаданне наладзіць кантакты з мясцовымі ўладамі, з аддзелам культуры. Я хачу супрацоўнічаць з работнікамі культуры. Урэшце, пры такім дзяржаўна-прыватным сімбіёзе могуць нараджацца і рэалізоўвацца на агульную карысць вельмі цікавыя задумкі. З суседнім прыватнікам-фермерам я ўжо такія стасункі наладзіў. Так што ёсць цвёрдая ўпэўненасць, што беларуская культура ва ўсіх яе яркіх і непаўторных праявах будзе развівацца ў нашай арт-вёсцы і надалей!..

Экспертны савет «Культуры»

Узяць у палон спажыўца

Святлана ПАПСУЙ, трэнер-кансультант Цэнтра сістэмных бізнес-тэхналогій, выкладчык Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў:

— Справа настолькі важная, што, сапраўды, патрабуе дзяржаўных падыходаў. І гэта цудоўна, што распрацавана і ўжо дзейнічае Дзяржаўная праграма адраджэння тэхналогій, традыцый вырабу слуцкіх паясоў і развіцця вытворчасці нацыянальнай сувенірнай прадукцыі. Наколькі я разумею, брэндавымі з гэтай нагоды павінны стаць не толькі слуцкія паясы, але і неглюбскія ручнікі, бездзежскія фартушкі. Што варта зрабіць, каб вёскі, дзе ўсё гэтае багацце вырабляецца, сталі паўсюдна вядомымі? Я не буду закранаць вытворчыя пытанні, бо масавы выраб унікальных рэчаў так або інакш наладзіцца. Але ж іх раскрутка павінна максімальна шчыльна прывязвацца да нашай духоўнасці, менталітэту, звычаяў і традыцый, якія бяруць пачатак з Неглюбкі, Бездзежа, Слуцка. Уся гэтая інфармацыя павінна падавацца на побытавым узроўні. Да прыкладу, ткана-вышываны ручнік — гэта не толькі, скажам, абярэг, але і крыніца інфармацыі, закладзеная для нас яшчэ продкамі, як пра тое апавядаюць у самой Ветцы. І ўзноўлены традыцыйны ручнік стане для нас спадарожнікам, дарадцам і выратавальнікам цягам усяго нашага жыцця... Гэткае ж сакральнае значэнне мелі для нас, я ўпэўнена, і паясы, і фартушкі, і многія іншыя традыцыйныя ды функцыянальныя рэчы.

Інакш кажучы, патрэбны масавы мэтанакіраваны піяр на дзяржаўным узроўні. Маю на ўвазе сацыяльную рэкламу на тэлебачанні, радыё, у сацыяльных сетках, у грамадскіх месцах, транспарце, на гандлёвых упакоўках, флаерах, стыкерах, магніціках і гэтак далей. Але рэкламная інфармацыя, паўтаруся, таксама павінна ўтрымліваць духоўны змест, тлумачыць сакральную важнасць традыцыйнага беларускага мастацтва для беларуса. Словам, звяртацца трэба не да вузкага кола спецыялістаў, а да масавага спажыўца, для якога веданне нашай гісторыі заканчваецца, на жаль, курсам школьнага навучання...

Як утварыць брэнд вёскі з нуля? Што рабіць тым паселішчам, дзе не ткаліся ручнікі ды паясы? Я не паверу, што нашы сёлы — такія безаблічныя. Побач з кожным — лес, возера, рэчка, капішча, крыніца, з якімі звязаны шматлікія легенды і паданні! Проста варта іх адшукаць, аднавіць, прымусіць працаваць на зададзеную мэту. А інтэрактыўнасці ды рэкламнай разваротлівасці гаспадары нашых аграсядзіб павінны навучыцца ў супрацоўнікаў музейнага комплексу «Дудуткі»!..

Выкупіць хутар, стварыць фестываль

Уладзімір Шаблінскі, дырэктар канцэртнага агенцтва, прадзюсер:

— Сёння ствараецца брэнд, імідж Мінска. Вітаю гэтае рашэнне, але, на мой погляд, пытаннем трэба было займацца гадоў дзесяць таму. А сёння варта звярнуць увагу акурат на праблемы беларускіх вёсак і хутароў. Нічога новага тут не скажу: вёскі і хутары адродзяцца ў тым ліку і тады, калі статусныя гараджане, якія маюць веды ды фінансы, пачнуць выкупляць у сельскай мясцовасці кінутыя дамы, будаваць новыя, — толькі тады вясковае жыццё насыціцца брэндавымі падзеямі.

Я, мінчанін, выкупіў хутар на Валожыншчыне, які мае сябры назвалі «Шаблі», і цягам дзесяцігоддзя сачу за лёсам вёскі. Асноўныя падзеі адбываюцца ў райцэнтрах — пра сяло згадваюць тады, калі пачынаюць шкадаваць, што адтуль з’язджае моладзь. А моладзь з’язджае таму, што яе не задавальняюць магчымасці сельскага клуба...

Менавіта на хутары мы і пачалі ствараць фестывальны рух. Гэта толькі пачатак доўгага шляху. Тым не менш хутар Шаблі здолеў стаць своеасаблівай культурнай пляцоўкай для творчых людзей. Пазалетась тут прайшло звыш дзясятка музычных фэстаў, а летась мы прыйшлі да больш вузкага фармату: тры фестывалі ў год. І сёлета прытрымліваемся прынцыпу «быць рэдкімі, але меткімі».

Не стаўлю задачу рабіць кожныя выхадныя падзейнымі. Да ўсяго, музычнае мерапрыемства піярыць мой хутар як аграсядзібу. З іншага боку тут збіраюцца і выступаюць некамерцыйныя разнажанравыя, збольшага — абсалютна невядомыя для масавага гледача, музычныя гурты (іх крэда — духоўнасць), прыязджаюць творчыя асобы, іхнія сем’і, сябры. Пагадзіцеся, такі адпачынак не можа не натхняць на творчасць. А свой асноўны хутарскі музычны занятак я называю станаўленнем сучаснай клубнай культуры. І яе ўзоры пакуль можна пабачыць толькі на хутары Шаблі...

Яўген РАГІН
https://www.traditionrolex.com/8