<p>Ужо зараз, хаця музей працуе толькі некалькі дзён, на экскурсіі стаіць чарга з жадаючых. Недзіўна, бо паглядзець тут ёсць на што: сапраўдная форма маракоў, вымпелы, нейкае дзіўнае абсталяванне, пра якое стваральнік, канешне, усё раскажа, марскія ліхтары, фотаздымкі з баявых паходаў, асабістыя рэчы маракоў ды вадалазны рыштунак</p>

У Лідзе адкрыўся Марскі музей. Арганізавалі яго сябры раённага аддзялення грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ваенных маракоў», а галоўным натхняльнікам стаў кіраўнік гэтай арганізацыі Уладзімір Каспяровіч.

З яго усё і пачалося – пасля службы ў Ціхаакіянскім флоце ён пачаў збіраць рэчы, звязаныя з морам. Так, амаль за сорак год стварылася дастаткова вялікая і ўнікальная калекцыя, якая ўжо не змяшчалася ў доме, паведамляе «Твой стыль».

«Ды і родныя былі не вельмі задаволеныя, – кажа Уладзімір Каспяровіч (на здымку). – Прыйшлося шукаць выйсця. Неяк атрымалася, што хутка знайшлося памяшканне ў адной са школ горада».

1  

Закіпела праца. Здавалася б, адкуль у Лідзе мора і тыя маракі? Аднак аказалася, што ветэранаў ваенна-марскога флоту тут даволі шмат. Нямала аказалася і тых, хто актыўна далучыўся да працы над стварэннем унікальнага музея.

2  

Нехта зрабіў сапраўдную рэканструкцыю гарматы XVIII-XIX стагоддзяў, якая сустракае гасцей музея на ўваходзе, нехта прывёз з Пінска старыя, іржавыя карабельныя часткі: люкі-ўваходы, ілюмінатары і нават вінт. Усе пачысцілі, пафарбавалі. Гэтыя рэчы, быццам новыя, сталі сапраўдным упрыгожаннем музея.

 3

Замест вокнаў тут ілюмінатары. Паліцы зробленыя ў стылі падвесных ложкаў на ланцугах. На ўваходзе ў навучальную ўстанову ўсталявалі 35-кілаграмовы якар Хола, які стаў візітнай карткай музея.

«Прадумвалі літаральна кожную дробязь, каб тут было прыгожа і ўтульна», – працягвае Уладзімір.

Пад столлю вісяць рознакаляровыя сцягі – як на караблі ў святочны дзень! Аказваецца, кожны такі сцяжок паасобку нешта значыць. Напрыклад, жоўты з чорным кругам унутры – знаходжуся на мінным полі. А ўсе разам – проста ўпрыгожанне, якое вывешваюць на святы.

 4

«Хацелі дамовіцца, каб сцяжкі нам прывезлі з Санкт-Пецярбурга, сапраўдныя, з караблёў. Аднак потым падумалі, што памер у іх занадта вялікі. А гэтыя нам пашылі ў адной са школ, адпаведнага памеру і згодна з нашымі пажаданнямі. Сцяжкі цалкам паўтараюць сапраўдныя, розніца толькі ў памеры».

Ужо зараз, хаця музей працуе толькі некалькі дзён, на экскурсіі стаіць чарга з жадаючых. Недзіўна, бо паглядзець тут ёсць на што: сапраўдная форма маракоў, вымпелы, нейкае дзіўнае абсталяванне, пра якое стваральнік, канешне, усё раскажа, марскія ліхтары, фотаздымкі з баявых паходаў, асабістыя рэчы маракоў ды вадалазны рыштунак.

Ёсць тут рэчы не толькі самога Уладзіміра Каспяровіча. На кліч стварыць марскі музей адгукнуліся шматлікія лідскія маракі, яны прынеслі свае рэчы. Уладзімір спадзяецца, што экспазіцыя будзе толькі пашырацца.

5

Ужо зараз ёсць чым яе папаўняць, бо тое, што выстаўлена, – толькі частка таго, што ёсць у «запасніках». Расійскія калегі паабяцалі лідскаму музею і кавалачак металу з падводнай лодкі «Курск» і сапраўдную парусную лодку, і спісаныя элементы марскіх караблёў.

Віка Майская

Здымкі аўтара