<p>Гэта будуць адзінкавыя вырабы. Такія паясы з'явяцца ўжо ў чэрвені.</p>
Гэта будуць адзінкавыя вырабы. Такія паясы з'явяцца ўжо ў чэрвені, паведамляе Euroradio.fm.

Як і паведамляла раней «Еўрарадыё», у Беларусі не знайшлося абсталявання, якое б магло вырабіць копію слуцкага пояса. Замовілі ў Германіі, а на фабрыцы «Слуцкія паясы» ўжо шукаюць варыянты ўпакоўкі для арыгінальных і сувенірных паясоў.

«Зараз ідзе рэканструкцыя і закупка абсталявання», — вельмі сціпла распавядаюць на фабрыцы. І адказваюць, што першыя могуць з'явіцца ўжо ў чэрвені.

Кіраўнік Музея старажытнай гісторыі Барыс Лазука тлумачыць, што на фабрыцы будуць вырабляць два віды паясоў:

«Ёсць паняцце аналага-копіі і сувеніра. Аналаг — гэта тое, што максімальна набліжана да арыгінала. Натуральна, што кошт яго будзе вялікі. Ёсць розныя прапановы па сыравіне, як ніткі будуць абкручвацца — золатам ці срэбрам. На такі пояс можа пайсці 50 грамаў золата, адсюль можна і кошт прыкінуць. Але гэта будуць адзінкавыя вырабы».

Такі пояс будзе прыкладна каштаваць каля 1-2 тысяч долараў у залежнасці ад колькасці золата ці срэбра. Што праўда, ніхто кошт пакуль не лічыў.

Плануецца, што фабрыка будзе вырабляць і сувенірныя паясы, якія будуць са штучнага шоўку і несапраўднага золата. Але Барыс Лазука запэўнівае «Еўрарадыё», што абывацель іх не адрозніць ад дарагіх копій.

У Слуцку сёння выпускаюць паясы, падобныя да тых самых слуцкіх паясоў толькі малюнкам і памерамі. І каштуюць яны 4 мільёны рублёў.

«Наш пояс робіцца ўручную два месяцы. Таму ён каштуе 4 мільёны. Калі гэта шоўк, то, можа, будзе каштаваць каля 5 мільёнаў, с золатам — у разы даражэй».

Нават упакоўка для будучых аналагаў і копій слуцкіх паясоў ацэнена ў 800 мільёнаў рублёў на ўсе вырабы.

Упакоўка ж павінна быць таксама творам мастацтва, адзначаюць на фабрыцы. Назва вытворцы павінна быць на беларускай і англійскай мовах, выявы пояса і Слуцка, таварны знак «Слуцкія паясы». Даўжыня пояса будзе ад 200 да 480 сантыметраў, шырыня ад 20 да 40. Для параўнання: даўжыня пояса ў музеі Багдановіча — 360, а шырыня — 30 сантыметраў.

 Будынак фабрыкі аздобяць у некалькі разоў павялічанай каляровай выявай слуцкага пояса — аднаго з пяці, якія сёння ёсць у Беларусі.

Віталь Ругайн