https://www.traditionrolex.com/8
<p>Кіраўнік музея паспрабаваў абагуліць свой багаты музейны досвед і паказаць найбольш дзейсныя шляхі развіцця, якія датычацца найперш рэгіянальных, раённых музеяў</p>
«Прагназуючы» матэрыял для рубрыкі «Топ-5 ідэй», адшуканых пазаштатнікамі ў інтэрнэце і народжаных уласным вопытам, «Культура» не магла не звярнуцца да дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь Алега РЫЖКОВА, які перад гэтым узначальваў упраўленне культуры Гомельскага аблвыканкама і Гомельскі палацава-паркавы ансамбль.
Кіраўнік музея паспрабаваў абагуліць свой багаты музейны досвед і паказаць найбольш дзейсныя шляхі развіцця, якія датычацца найперш рэгіянальных, раённых музеяў. Дык што ж трэба рабіць, каб музей быў папулярны?

Алег РЫЖКОЎ, дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь

1. У першую чаргу, я перакананы: музей не можа быць безаблічным. І, для таго каб яго піярыць, трэба разумець, што ты насамрэч рэкламуеш. Для гэтага неабходна стварыць адметнае аблічча музея — адметны профіль, калекцыю. Трэба дакладна вызначыць скіраванасць музея, якая можа ўвасабляць як класічны тып, так і сучасны, з выкарыстаннем найноўшых тэхналогій, у тым ліку разнастайных інсталяцый. Галоўнае, каб усё было зроблена з розумам, прафесійна.

2. Калі наведвальнік завітае ў музей, ён павінен адчуць «уплыў» усяго комплексу паслуг. Госць мусіць мець магчымасць не толькі прайсціся па экспазіцыях ды ацаніць калекцыі, але і адпачыць у кавярні, набыць разнастайныя сувеніры. Калі ўстанова вялікая, варта, каб яна прапаноўвала бацькам пакінуць дзяцей у гульнявым пакоі, бо, як вядома, інтарэсы ў дарослага і дзіцяці зусім розныя. Музеі павінны ствараць утульнасць і камфорт для наведвальніка.

3. Чарговы пункт можна ўмоўна назваць — «Пра музей трэба гаварыць». Установа, якая вызначыла сваё адметнае аблічча, не можа не выклікаць шырокі розгалас. Для гэтага трэба праводзіць усе магчымыя акцыі, падзейныя мерапрыемствы і, вядома ж, ладзіць як мага больш выставачных праектаў. Калі мясцовы жыхар на падсвядомым узроўні будзе асацыіраваць славутасці горада з музеем, то інтуітыўна пачне рэкамендаваць яго сваім знаёмым і нават выпадковым людзям.

Акрамя заваблівання турыстаў за кошт прывазных выставак, трэба прапаноўваць адметныя праекты на абмен і для іншых, у тым ліку замежных, музеяў. На жаль, сёння даволі часта прапануюцца, даруйце, непаўнавартасныя выстаўкі: на планшэтах, фотаздымках. Але гэта ўсё — мінулае стагоддзе. Таму, калі нешта і прапаноўваць, дык менавіта лепшае са збораў — толькі такім чынам можна зацікавіць сур’ёзных партнёраў. Гэта стане і найлепшай рэкламай для ўстановы. Пакуль жа нашы музеі прапаноўваюць пераважна тое, што тэхнічна прасцей зрабіць, а таму і папулярнасці за межамі краіны практычна не маем.

4. Будучыня музейнага жыцця — за невялікімі кампактнымі філіяламі, што будуць дакладна прадстаўляць адну калекцыю. У сваю чаргу наведвальнік, які гуляе па горадзе, можа пры жаданні завітаць на аб’ект, што яму больш даспадобы. Таму цяпер вельмі папулярныя музеі шакаладу ды іншыя спецыфічныя арт-аб’екты… Наш музей прапанаваў кіраўніцтву беларускай сталіцы разгледзець магчымасць адкрыцця невялікіх пятнаццаці філіялаў за кошт нашых уласных калекцый. Гэта могуць быць філіялы зброі, посуду, ювелірных вырабаў, археалагічных знаходак, фотаапаратаў, фатаграфіі… Такія вузкапрофільныя музеі будуць мець папулярнасць. Пры гэтым размяшчэнне філіялаў павінна быць у «крокавай» даступнасці, што найбольш зручна для турыстаў.

5. Толькі тады, калі сфарміраваны ўсе названыя вышэй пазіцыі, трэба сур’ёзна брацца за выкарыстанне сучасных інфармацыйных тэхналогій: інтэрнэту, парталаў, сацыяльных сетак... Але перад гэтым важна дакладна акрэсліць тую ідэю, якую мы жадаем рэкламаваць. А проста так расказваць, што той або іншы музей вельмі добры, а таму прыходзьце да нас у госці, — не прафесійна. Такі «message» турысту, асабліва замежнаму, будзе элементарна нецікавы…

Канстанцін АНТАНОВІЧ
https://www.traditionrolex.com/8